7 сьнежня ў расейскім Сочы адбудзецца Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Чакаецца, што ў выніку сустрэчы падпішуць праграму «паглыбленьня інтэграцыі» між Беларусьсю і Расеяй. Між тым, гісторыя «інтэграцыі» налічвае больш як два дзесяцігодзьдзі і пачалася яшчэ да абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам.
1992. 15 траўня ў Ташкенце з ініцыятывы Масквы на сустрэчы кіраўнікоў СНД падпісаная Дамова аб Калектыўнай бясьпецы, (ДКБ) у якой удзельнічаюць Расея, Армэнія, Казахстан, Кіргызстан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. Беларусь Дамову не падпісвае.
1993. 8 верасьня падпісана Пагадненьне аб аб’яднаньні грашовых сыстэм Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі. Заканадаўчыя і тэхнічныя ўмовы павінны былі быць створаныя да 1 студзеня 1994 г.
Нягледзячы на пратэсты Апазыцыі БНФ, большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савета прымае рашэньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД (ДКБ). БНФ б заяўляе, што гэта супярэчыць прынцыпу нэўтралітэту, заяўленаму ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч адмаўляецца падпісваць дакумэнт, аднак 31 сьнежня 1993 г. ставіць подпіс пад паведамленьнем аб далучэньні да ДКБ.
1995. У сакавіку прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ініцыюе рэфэрэндум пра зьмену дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыю статусу беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. У часе агітацыі і правядзеньня рэфэрэндуму 14 траўня назіральнікі фіксуюць парушэньні, аднак Лукашэнка зацьвярджае ягоныя вынікі сваім указам.
1996. 15 сакавіка Дзярждума РФ прымае пастанову «Аб паглыбленьні інтэграцыі...» і дэнансуе Белавескія пагадненьні 1991 г.
Прэзыдэнт Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка заяўляюць пра намер стварыць беларуска-расейскую супольнасьць.
24 сакавіка, у дзень адзначэньня ўгодкаў БНР, на вуліцы Менску выходзіць да 40 тысяч чалавек з пратэстам супраць інтэграцыі. Спэцвойскі МУС жорстка зьбіваюць удзельнікаў акцыі.
2 красавіка падпісваецца дамова аб утварэньні Супольнасьці Беларусі і Расеі. У Менску ў шэсьці пратэсту бярэ ўдзел да 30 тысяч чалавек. 26 красавіка на Чарнобыльскі шлях з лёзунгамі супраць аб’яднаньня Беларусі і Расеі выходзяць да 50 тысяч чалавек.
29 красавіка 1 у Санкт-Пецярбургу падпісваецца пагадненьне аб Парлямэнцкім сходзе Беларусі і Расеі.
1997. 2 красавіка ў Крамлі Ельцын і Лукашэнка падпісваюць Дамову аб стварэньні Саюзу Беларусі і Расеі. 23 траўня падпісваецца Статут Саюза. Фармуюцца Вышэйшая рада і Выканаўчы камітэт, Парлямэнцкі сход, ствараюцца Мытны і Памежны камітэты.
1998. 25 сьнежня Ельцын і Лукашэнка падпісваюць Дамову аб далейшым яднаньні Беларусі і Расеі, якая, сярод іншага, прадугледжвае ўвядзеньне адзінай валюты.
1999. 8 сьнежня ў Крамлі Ельцын і Лукашэнка падпісваюць Дамову аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Дамова прадугледжвала стварэньне Вышэйшай дзяржаўнай рады, Рады міністраў, сталага камітэту саюзнай дзяржавы і шэраг выканаўчых структураў, у тым ліку Памежны і Мытны камітэты. Таксама пацьверджаны намер увесьці адзіную валюту.
«Падпісаная дамова — гістарычная і лёсавызначальная. Гэта той падмурак, на якім мы ўвойдзем у трэцяе тысячагодзьдзе», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
«Гэта, увогуле — злачынства стагодзьдзя. У адносінах да беларускай нацыі — гэта, безумоўна, генацыд, гэта — канец яе гісторыі», — у той жа дзень камэнтуе дамову ў эфіры Радыё Свабода Васіль Быкаў.
Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы ад 2011 г. з’яўляецца Георгій Рапота (н. 1944) — кадравы афіцэр КДБ, генэрал-лейтэнант, з 1994 па 1998 — намесьнік кіраўніка Службы зьнешняй выведкі РФ, былы генэральны дырэктар кампаніі «Россвооружение».
2001. Беларусь далучаецца да Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (з 2015 — Эўразійскі эканамічны саюз).
2003. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прапануе правесьці ў Расеі і Беларусі рэфэрэндум аб саюзнай канстытуцыі, і адначасна з расейскімі парлямэнцкімі выбарамі выбраць агульнага прэзыдэнта і агульны парлямэнт.
2007. Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётр Пракаповіч заяўляе, што з 2007 года ў Беларусі будзе ўведзеная адзіная валюта Беларусі і Расеі.
2010. 7 ліпеня Беларусь далучаецца да Мытнага саюзу, у якім знаходзяцца Расея і Казахстан.
2018. 13 сьнежня прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзведзеў заяўляе, што Расея будзе праводзіць агульную палітыку ў галіне цэна- і тарыфаўтварэньня толькі ў тым выпадку, калі будзе рэалізаваная дамова аб Саюзнай дзяржаве:
«Хачу асабліва падкрэсьліць: Расея гатовая і далей прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты ў тым парадку, які прадугледжаны Дамовай аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 8 сьнежня 1999 году».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»