Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб зьмене ў разьліку бюджэту пражытковага мінімуму. Цяпер лічыцца, што беларусам трэба больш грошай на нехарчовыя тавары і паслугі.
Гэты бюджэт сумуецца зь дзьвюх частак:
- мінімальны набор прадуктаў харчаваньня, які разьлічваецца для розных групаў насельніцтва;
- набор нехарчовых тавараў, цана якога не разьлічваецца асобна, а бярэцца як пэўная частка ад прадуктовага набору.
Раней другая частка была роўнай 77% . Цяпер жа яна роўная 83% — гэта значыць, разьлічваюць, што беларусам давядзецца больш плаціць за, напрыклад, камунальныя паслугі, прадметы гігіены ці адзеньне і абутак.
То значыць, «на ўсё» цяпер будзе 1,83 цаны мінімальнага набору прадуктаў харчаваньня. Гэтых грошай павінна хапіць, каб цягам месяца задавальняць «асноўныя фізіялягічныя патрэбы» чалавека.
Ад 1 лістапада ў сярэднім на душу насельніцтва БПМ складае 231 рубель 83 капейкі на месяц. Працаздольнаму чалавеку павінна хапіць 257 рублёў 86 капеек; пэнсіянэру 177 рублёў 79 капеек; студэнту 224 рублі 80 капеек; дзіцяці ва ўзросьце да трох гадоў — 149 рублёў 63 капейкі, ад 3 да 6 гадоў — 205 рублёў 16 капеек, ад 6 да 18 гадоў — 251 рубель 19 капеек.
Праўда, ня ўсе беларусы маюць дастаткова грошай, каб задаволіць «асноўныя фізіялягічныя патрэбы». Цягам апошніх 10 гадоў каля 5–6%, паводле Белстату, жывуць за мяжой беднасьці, раней доля такіх у насельніцтве была нават большай.
Таксама ў Беларусі разьлічваюць мінімальны спажывецкі бюджэт як «сацыяльны нарматыў» для прагназаваньня зьменаў узроўню жыцьця насельніцтва. У ім прадукты харчаваньня складаюць менш за палову, дадаюцца выдаткі на мэблю, адпачынак, культуру. Цяпер для працаздольнага насельніцтва МСБ складае 475 рублёў 56 капеек.