ІТ-сфэра паводле ўнёску ва ўнутраны валавы прадукт стала ўпоравень з аграрным сэктарам. А паводле росту пераўзышла ўсе астатнія галіны эканомікі. Свабода разабралася, як і калі замест калгасаў трэба будаваць крыптафэрмы.
Віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандар Турчын заявіў, што ў сельскай гаспадарцы і індустрыі ня будуць узьнікаць новыя працоўныя месцы, а будучыня — за лічбавымі тэхналёгіямі.
«Тэмпы росту ПВТ і ІТ на парадак пераўзыходзяць усе галіны і сфэры, і тое, што мы можам спыніць ня толькі ўцечку мазгоў, але і павярнуць яе да нас, таксама паказаў прыклад ПВТ. Сёньня гэтая галіна паводле ўнёску ў ВУП стала ўпоравень з аграрным сэктарам.
Мая думка такая: наступная пяцігодка і па духу, і па назьве, і па сэнсе павінна стаць лічбавай. Гэта прадугледжвае стварэньне фундамэнтальнага парку», — сказаў Аляксандар Турчын.
Паводле Белстату, за студзень-кастрычнік гэтага году доля ўнёскаў ІТ у ВУП — 6,1%, сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 7,2%. Але па тэмпах росту ІТ-сфэра пераўзыходзіць усе іншыя — 0,5% супраць 0,1% у сельскай гаспадарцы і прамысловасьці. Гэта значыць, ВУП Беларусі за студзень-кастрычнік вырас на 1,1% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась — і палову гэтага росту забясьпечыла ІТ.
«Беларусь больш не краіна бульбы»
На думку ІТ-бізнэсмэна, стваральніка інвэстыцыйнага фонду VP Capital Віктара Пракапені, Беларусь больш ведаюць па яе ІТ-прадуктах, а не па бульбе. Але галоўная праблема — не калгасы, а адукацыя.
«Беларусь больш не краіна бульбы. Нас у сьвеце значна больш ведаюць па ІТ рашэньнях, якія мы робім. Беларускія мабільныя прыкладаньні ў гэтым годзе спампавалі больш за адзін мільярд разоў. Беларускія мабільныя прыкладаньні ўсталяваныя як мінімум на кожным пятым смартфоне плянэты. Я не спэцыяліст па сельскай гаспадарцы і ня ведаю, што там трэба рабіць. Аднак сёньня відавочна, што для таго, каб ІТ і далей рухала нашу эканоміку наперад, патрабуецца вялікая колькасьць зьменаў у сыстэме адукацыі ў самы бліжэйшы час», — сказаў Свабодзе Віктар Пракапеня.
Таксама ён прыводзіць факты з разьвіцьця IT-сфэры ў Беларусі:
- ПВТ 2.0 — гэта ня толькі імідж Беларусі і тысячы артыкулаў пра яго ва ўсясьветных мэдыях. ІТ у асобе Парку высокіх тэхналёгій — рэальны эканамічны вынік і драйвэр ВУП Беларусі, адна з крыніц яе незалежнасьці і росту, на якую не ўплываюць зьнешнія гульцы, санкцыі, пастаўкі энэргарэсурсаў і падатковыя манэўры.
- Больш за 2 млрд даляраў ад экспарту ў ІТ-сфэры чакаецца па выніках 2019 году. За 3 гады — рост у 2,4 раза. Рубель стаіць на месцы ў тым ліку дзякуючы валюце, якая паступае ў краіну ад ІТ-галіны.
- 350 млн даляраў прамых і ўскосных падаткаў, або 3% рэспубліканскага бюджэту.
- 14,5% ад усіх новых працоўных месцаў у краіне ў 2018-м — ІТ лідзіруе сярод іншых галін па іх стварэньні.
- Калі сёньня зрабіць усе зьмены, якія насьпелі ў сыстэме адукацыі, то да 2022 году доля ІТ у ВУП Беларусі будзе большая за 10%.
«Адразу закрыць усе калгасы не атрымаецца»
Калі не лічыць дзяржпадтрымкі, то ў Беларусі 63,8% стратных сельскагаспадарчых арганізацый (паводле Белстату). Але закрываць іх не сьпяшаюцца, бо няма куды падзець людзей, якія там працуюць.
«На жаль, у Беларусі эканамічныя пытаньні — ня толькі эканамічныя, але яшчэ і палітычныя, часам сацыяльныя. Прадукцыя сельскай гаспадаркі — гэта і пытаньне харчовай бясьпекі, і пытаньне людзей, якія ў гэтай сфэры працуюць. Іх відавочна не адправіш на працу ў ПВТ. Стаіць пытаньне, што рабіць зь неэфэктыўнымі прадпрыемствамі. У сьвеце ёсьць досьвед датацыйнай сельскай гаспадаркі. Але трэба шырока глядзець на эфэктыўнасьць, на вынік гэтых датацый», — кажа старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.
«Ня дзіва, што ў ІТ такія вынікі»
Сьвет жыве ў эпоху постындустрыяльнай эканомікі, пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Леў Львоўскі. Беларусь ад гэтага сьвету не адарваная.
«Даданая вартасьць у ІТ вышэйшая, чым у сельскай гаспадарцы. У сельскай гаспадарцы паўсюль так, гэта сфэра зь нізкай даданай вартасьцю. Нашы гаспадаркі нагадваюць гаспадаркі сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. У ідэале калгасы трэба распускаць, іх ня трэба штучна падтрымліваць. Але там працуюць людзі, якія адразу ня могуць знайсьці працу, гэта трэба рабіць паступова. Нам патрэбная цэлая рэформа сельскай гаспадаркі, каб былі ўласьнікі зямлі, а ня каб гаспадаркі былі ва ўласнасьці дзяржавы», — мяркуе Леў Львоўскі.
Але дадае, што закрываць гаспадаркі варта паступова і «з розумам».