Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста апазыцыі абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў — за смайлік


Актывіста руху «За Свабоду», былога вылучэнца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Андрэя Юркова з Магілёўшчыны вінавацяць у распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў (2 частка артыкула 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях). Яму пагражае штраф да 600 даляраў альбо адміністрацыйны арышт.

Што зрабіў актывіст?

Як вынікае з пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні, Юркоў у пэрыяд з 26 верасьня па 19 лістапада разьмясьціў у «Однокласниках» інфармацыю са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пратаколе гаворыцца, што карыстальнік сеткі апублікаваў «палатно чырвонага колеру з нацысцкай сымболікай».

Жыхар райцэнтру Дрыбін Андрэй Юркоў настойвае, што сам не разьмяшчаў забароненай прадукцыі, а толькі паставіў смайлік «Сумую» пад адным з пастоў. Такім чынам пост аўтаматычна трапіў на ягоную старонку. У посьце падаваліся зьвесткі пра колькасьць ахвяраў савецкага і нацысцкага рэжымаў, лічбы пазначаліся адпаведнымі сымбалямі.

Андрэй Юркоў
Андрэй Юркоў

Актывіст не прызнае абвінавачваньня і лічыць, што адміністрацыйны перасьлед распачаты з ініцыятывы спэцслужбаў. Ён зьвяртае ўвагу, што заняліся ім акурат па завяршэньні перадвыбарчай кампаніі, хоць ён адрэагаваў на допіс яшчэ два месяцы таму.

«Гэта ацэнка маёй перадвыбарчай кампаніі, — кажа былы вылучэнец у дэпутаты. — Я казаў тое, што ўспрымалася простымі людзьмі, і свае меркаваньні разьмяшчаў у сацыяльных сетках. Было шмат водгукаў, і ўладу гэта раздражняла. Цяпер мне помсьцяць».

Меркаваньне праваабаронцы

Наста Лойка
Наста Лойка

Праваабаронца з арганізацыі Human Constanta Наста Лойка настойвае, што ў Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў няма выявы, якая стала нагодай для адміністрацыйнага перасьледу Андрэя Юркова. Разам з тым яна дапускае, што ў дзеяньнях актывіста пры цяперашнім заканадаўстве могуць знайсьці падставы, каб прыцягнуць яго да адказнасьці.

«Але, — зьвяртае ўвагу экспэртка, — не па інкрымінаваным артыкуле, бо ён прадугледжвае дэманстраваньне забароненых матэрыялаў, чаго ў дзеяньнях Юркова няма, а па іншым».

Як сябе паводзіць у сацыяльных сетках, каб пазьбегнуць праблемаў

Наста Лойка заклікае карыстальнікаў сацыяльных сетак улічваць «неадэкватнае» беларускае заканадаўства, якое тычыцца рэалізацыі грамадзянамі права на свабоднае выказваньне. Паводле міжнародных стандартаў прыцягненьне да адказнасьці за публікацыю экстрэмісцкіх матэрыялаў адбываецца пасьля вывучэньня кантэксту выказваньня, аўдыторыі, асобы аўтара, верагоднасьці нэгатыўных наступстваў для грамадзкай бясьпекі.

Для таго, каб беларускія карыстальнікі сетак пазьбеглі праблемаў, яна раіць:

  • уважліва ставіцца да таго, на якія допісы рэагуюць;
  • праглядаць на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які пэрыядычна папаўняецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG