Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вышэйшай службовай асобе нашай краіны таксама дораць падарункі». Сын дамагаецца апраўданьня маці, асуджанай за хабар


Марына Марозава
Марына Марозава

Мянчук Антон Н. трэці год носіць маці перадачы ў сьледчы ізалятар на Валадарскага. Яшчэ піша скаргі ў Генпракуратуру і суды, сустракаецца з журналістамі, каб давесьці, што маці ня хабарніца і асуджаная несправядліва.

«Грошы, якія ёй перадавалі супрацоўнікі, былі падарункамі, а ня хабарам, бо хабар — за нешта, а тут наўзамен нічога не было. Усе дораць падарункі. Вышэйшай службовай асобе нашай краіны таксама дораць падарункі, і ён іх пацьвярджае», — кажа Антон. Перапытваю, ці маецца на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, якому расейскі алігарх Гуцэрыеў падарыў дарагі аўтамабіль «Майбах». Так, кажа малады чалавек і дадае, што і ў яго на працы гэта норма.

Сыстэма Барысевіча

Маці Антона — Марына Марозава, былая загадчыца камбінату школьнага харчаваньня Заводзкага раёну Менску. Яна фігурантка гучнай справы аб сыстэме хабарніцтва, якой у 2015–2016 гадах карыстаўся былы кіраўнік управы спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргей Барысевіч.

У сакавіку 2019 году Барысевіч быў асуджаны за хабарніцтва на 14 гадоў зьняволеньня. Разам зь ім на лаве падсудных сядзелі 12 жанчын, якія працавалі ў структуры спажывецкага рынку сталіцы, у тым ліку Марына Марозава. Яна атрымала больш за іншых — ажно 10 гадоў зьняволеньня. За тое, што дала Барысевічу ў якасьці хабару 32 тысячы рублёў, якія сабрала з падначаленых ёй загадчыкаў вытворчасьці школьных сталовых Заводзкага раёну, і за тое, што зьбірала з падначаленых паднашэньні. Іх памер суд вызначыў у 40 тысяч рублёў. Тыя 40 тысяч Марына Марозава ў бюджэт пералічыла, але суд вырашыў, што цалкам яна атрыманага пакуль не вярнула.

Улетку Марына Марозава абскардзіла прысуд Менскага абласнога суду ў Вярхоўным судзе, але дамаглася толькі зьмяншэньня тэрміну пакараньня на адзін год.

Другое сьледзтва па тых жа абставінах

Чаму ж Марозава дагэтуль у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага?

Яшчэ падчас працэсу ў Менскім абласным судзе з удзелам Барысевіча сьледзтва пачало новую крымінальную справу супроць Марозавай і яе былой намесьніцы Трубліной аб грашовых падарунках падначаленых. Прычым у справе фігуравалі тыя ж сьведкі, якія ўжо давалі паказаньні ў Менскім абласным судзе. Навошта спатрэбілася новая справа на чалавека, які ўжо сядзеў на лаве падсудных?

Марына Марозава
Марына Марозава

Антон згадвае, што сьведкі тады чарадой адмаўляліся ад дадзеных на сьледзтве паказаньняў, і таму, як ён мяркуе, сьледзтва вырашыла падстрахавацца. Расьсьледаваньне правялі хутка, ужо ўлетку ў Заводзкім раённым судзе Менску пачаўся новы суд над Марынай Марозавай, а ў жніўні яе прызналі вінаватай у атрыманьні хабараў ды зноў асудзілі да зьняволеньня — гэтым разам на 4 гады.

Хоць гэтыя 4 гады ідуць не ў дадатак, а паглынаюцца ранейшым тэрмінам, сын асуджанай усё ж наняў адваката, каб аспрэчыць і гэты прысуд. Апэляцыйную скаргу цяпер разглядае калегія Менскага гарадзкога суду, 6 сьнежня будзе чарговае, магчыма, апошняе паседжаньне.

Пры гэтым Антон разумее: нават калі Менгарсуд апраўдае ягоную маці па другой справе, юрыдычна гэта ніяк не паўплывае на рашэньне Вярхоўнага суду па справе першай. А значыць, давядзецца маці ехаць у Гомель, у жаночую калёнію.

На што ж тады ён спадзяецца, чаго дамагаецца?

«Спадзяюся на цуд, на тое, што ўрэшце праўда пераможа. Разумею, што нічога адразу ня зьменіцца, але не рабіць хоць нешта таксама не магу», — кажа сын асуджанай.

«Лепш бы ты не адмаўлялася ад сваіх паказаньняў»

У справе Марыны Марозавай некалькі складаных момантаў. Першы — калі жанчыну затрымалі ў красавіку 2017 году, спачатку яна прызнала, што перадавала грошы Барысевічу. Паводле сына асуджанай, гэтак раіў адвакат, маўляў, «трэба дапамагчы сьледзтву», і яна зь ім пагадзілася. На два месяцы яе нават вызвалілі, паабяцаўшы, што ня будуць прыцягваць да адказнасьці за даваньне хабару.

«Але потым ёй стала сорамна, што паклёпнічае на чалавека, і яна адмовілася ад тых паказаньняў. Тады яе зноў арыштавалі. У судзе маці тлумачыла, што агаварыла Барысевіча і сябе пад псыхалягічным ціскам сьледчых. А сам Барысевіч ёй на судзе сказаў, што лепш бы яна трымалася ранейшых паказаньняў, была б цяпер на волі. Відаць, што так», — сумна пагаджаецца Антон.

Ці была сыстэма «Хочаш працаваць — плаці»?

Ад сказанага падчас сьледзтва ў судзе адмовіліся і больш за 30 сьведак — загадчыц вытворчасьці школьных сталовых Заводзкага раёну, якімі кіравала Марозава. Пакуль суд больш паверыў таму, што было запісана на сьледзтве. Чаму?

Вось сьведка, якая працавала ў СШ № 8 з 2011 па 2015 год, кажа, што перадавала Марозавай грошы па некалькі разоў на год, пачынаючы з 2011-га. Прыкладам, у 2014 годзе — тройчы па 600 тысяч рублёў (60 рублёў у пераліку на дэнамінаваныя грошы). Навошта?

«Склалася такая сыстэма: калі хочаш працаваць, плаці», — тлумачыла сьведка на сьледзтве. А ў судзе яна сказала, што не лічыла перадачу грошай хабарам і нічога ня ведае пра існаваньне ва ўправе спажывецкага рынку гэтак званай сыстэмы «хочаш працаваць — плаці». Што гэта прыдумалі сьледчыя. Але што грошы перадавала, тое пацьвердзіла.

Грошы, маўляў, перадаваліся на дзень народзінаў, на 8 сакавіка, на Новы год. Часам скідваліся на агульны падарунак і ўручалі на карпаратыве ці на сьвяткаваньні ў кавярні, часам кожная давала паасобку. Бывала, што ўкладалі ў канвэрт, які хавалі ў букет кветак, або перадавалі зь віншавальнай паштоўкай, або ў пакунку з каробкай цукерак, бутэлькай шампанскага ці каньяку.

Але на сьледзтве перадачу грошай часта апісвалі інакш. Сьведка са школы № 46 паказала, што перадавала грашовы падарунак 9 разоў на год — фактычна ў кожны працоўны месяц.

«Грошы перадавала некалькі разоў пры падпісаньні табэля ўліку працоўнага часу, паклаўшы іх пад табэль», — сьведчыла загадчыца вытворчасьці з гімназіі № 25.

Гэтая сьведка таксама ў судзе назвала паднашэньні падарункам, а ня хабарам. Тое самае заявіла і сьведка, дырэктар вытворчасьці сталовай СШ № 18. Яна пацьвердзіла, што перадавала Марозавай некалькі разоў па 100 даляраў, але настойвала, што гэта быў падарунак, і даводзіла, што слова «хабар» у яе паказаньні прымусіў унесьці сьледчы.

Пагрозы і псыхалягічны ціск?

Паводле сьледзтва — за тое, каб начальніца не чаплялася падчас праверак, не прымала мер за пэўныя парушэньні, каб працягнула кантракт, калі супрацоўніца выйшла на пэнсію.

«Яна была да мяне строгая. Каб не прыдзіралася, вырашыла занесьці ёй грошы», — вось адно з паказаньняў на сьледзтве.

Але ў судзе большасьць сьведак службовы матыў адмовілі і сказалі, што да такіх паказаньняў іх падштурхнуў сьледчы. «Праз пагрозы, праз псыхалягічны ціск», — казалі яны.

Паводле Антона Н., адвакат Марыны Марозавай хадайнічаў перад Менскім абласным судом, каб супроць сьледчага Кармановіча М.І. была заведзена крымінальная справа па артыкуле аб фальшаваньні доказаў.

«Увогуле да сьледзтва шмат прэтэнзій, але хто ж у іх будзе разьбірацца, калі справу вёў КДБ? Сьледчым са Сьледчага камітэту групу толькі ўзмацнілі».

Пра стыль працы сьледчых, якія працавалі зь ягонай маці, Антон расказвае такую гісторыю. Яшчэ ў пачатку сьледзтва маці раптоўна перавялі з «Валадаркі» ў жодзінскую турму ды зьмясьцілі ў камэру з хворымі на сухоты. Толькі пасьля скаргаў адваката жанчыну вярнулі ў СІЗА на Валадарскага. А ўжо праз колькі месяцаў на спатканьні яна расказала, што ў Жодзіне была ўпэўненая, нібыта яго, Антона, і былога мужа Мікалая кінулі ў суседнюю камэру.

«Чаму ўзьніклі такія страхі, не змагла патлумачыць. Мяркую, гэта адзін з мэтадаў сьледзтва — палохаць лёсам сваякоў», — кажа сын Марыны Марозавай.

Што да скаргі на сьледчага Кармановіча, дык суд у задавальненьні хадайніцтва адносна яго адмовіў.

У Сьледчым камітэце гэтак пракамэнтавалі закіды аб фальшаваньні справы: «Суд ужо вынес рашэньне адносна хадайніцтва абароны, дадаць да гэтага няма чаго».

Што цяпер з Марынай Марозавай?

«Схуднела, бляклая тварам. Шмат чытае, як і на „вялікай зямлі“. Шмат моліцца, бо яна веруючы чалавек. Калёніі не баіцца, рэчы ўжо сабраныя. Кажуць жа, што ў калёніі прасьцей, чым у ізалятары», — перадае Антон апошнія зьвесткі ад маці .

Малады чалавек не перастае спадзявацца, што суд калі-небудзь здыме з маці кляймо хабарніцы, і ў якасьці аргумэнта дасылае тэкст ліста, які склалі ў абарону Марыны Марозавай яе падначаленыя.

«У працэсе сьледзтва мы напісалі яўку з павіннай, да канца не разумеючы наступстваў з прычыны адсутнасьці юрыдычнай адукацыі. Марозава М.С. ніколі ня брала хабару, мы самі віншавалі яе са сьвятамі, бо гэтак заведзена ў кожным калектыве. Нашы віншаваньні сьледчыя вывелі ў разрад хабару», — напісалі сьведкі на пачатку ліста, а ў канцы павініліся перад былой начальніцай за тое, што перадавалі ёй ня толькі кветкі ды цукеркі, але і грошы.

«З нашага боку адносна Марозавай гэта было подла, але хацелі дагадзіць, а ў выніку агаварылі чалавека», — прызналіся жанчыны.

Яшчэ адна цытата зь іх ліста тычыцца сьледзтва: «У сьценах Сьледчага камітэту КДБ (так у лісьце. — РС) на нас аказвалі ціск, нам было страшна і многія давалі блытаныя паказаньні».

Заканчваецца ліст просьбай да Менскага гарадзкога суду прыняць «дакладнае абдуманае рашэньне, улічыць старанную працу Марыны Марозавай».

Ліст падпісаны — «Калектыў загадчыц вытворчасьці Заводзкага раёну».

Адна з аўтарак ліста, Ірына, гэтак патлумачыла, чаму пад лістом няма прозьвішчаў. «Вы ж разумееце: нашы паказаньні, што мы давалі хабар, у іх ёсьць. Таму мы баімся, што і на нас завядуць справы».

Экспэрт: «Гэта дзяржава дыктуе ўмовы»

Ці трэба лічыць грашовыя паднашэньні начальству хабарам і чаму склалася такая практыка: з прычыны асаблівасьцяў мэнтальнасьці беларусаў — ці гэтаму спрыяюць паводзіны кіраўніцтва краіны? На гэтыя пытаньні Свабода папрасіла адказаць экспэрта Chatham House у справах карупцыі, заснавальніка «Цэнтру новых ідэй» Рыгора Астапеню.

«Безумоўна, практыка паднашэньняў існавала і да Лукашэнкі, але ня варта казаць, што яна залежыць ад мэнтальнасці. На практыцы гэта дзяржава дыктуе ўмовы, і ад яе залежыць, будзе існаваць падобная практыка ці не», — мяркуе Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

Экспэрт нагадаў, што да ўвядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня ўступныя іспыты ва ўнівэрсытэты таксама мелі карупцыйны складнік, але, увёўшы ЦТ, дзяржава зьнішчыла карупцыю ў гэтай сфэры.

«Натуральна, што чыноўнікі зацікаўленыя ў падобных паднашэньнях і па сутнасьці гэта карупцыя. Але нават калі глядзець на гэтую практыку праз прызму таго, што гэта проста добрая воля чалавека — падзякаваць за нешта, то ад гэтага яна не становіцца нашмат лепшай», — лічыць экспэрт.

Паводле Рыгора Астапені, ачышчэньне ад карупцыі ў ідэале вымагае таго, каб кіраўніцтва дзяржавы паказала яскравы прыклад, але на практыцы гэтага не адбываецца. Экспэрт таксама нагадаў пра падарунак Лукашэнку ў выглядзе шыкоўнага аўтамабіля «Майбах» — і тое, што ад гэтага падарунку кіраўнік дзяржавы не адмовіўся.

«Шмат у якіх выпадках, каб перамагчы карупцыю, Лукашэнку, па сутнасьці, трэба змагацца з такімі хібамі ягонай жа сыстэмы, як непразрыстасьць і непадсправаздачнасьць», — мяркуе Рыгор Астапеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG