Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіраюць грошы на набыцьцё «Крыжа мужнасьці» Булак-Балаховіча для Гістарычнага музэю


Станіслаў Булак-Балаховіч
Станіслаў Булак-Балаховіч

Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музэю праз інтэрнэт-плятформу Molamola зьбіраюць грошы набыць тры артэфакты, наўпрост зьвязаныя зь дзейнасьцю генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

Гэта «Крыж мужнасьці», які ўручалі афіцэрам і жаўнерам вайсковых фармаваньняў Булак-Балаховіча, пасьведчаньне кавалера гэтай узнагароды і ліст памочніка генэрала Яна Хмялеўскага, датаваны 1939 годам. Артэфакты належаць прыватнаму калекцыянэру і прапанаваныя музэю за 3200 рублёў.

«З пэўных прычынаў Нацыянальны гістарычны музэй ня ў стане вылучыць бюджэтныя сродкі на набыцьцё. У сувязі з гэтым мы зьвяртаемся да ўсіх тых, каму неабыякавая гістарычная спадчына Беларусі, з прапановай фінансава падтрымаць акцыю збору сродкаў для гэтых рэчаў», — сказана ў звароце.

Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музэю прызнаюць неадназначнасьць асобы генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, але адзначаюць яе важнасьць у гісторыі змаганьня за незалежнасьць краіны і заўважаюць, што гэтая гісторыя недастаткова прадстаўленая экспанатамі.

«Пры пазытыўным разьвязаньні справы гэтыя прадметы можна будзе пабачыць як на часовых юбілейных выставах, так і ў сталай экспазыцыі фондаў, якая разьмесьціцца ў новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю Рэспублікі Беларусі», — запэўніваюць яго супрацоўнікі.

Генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч (прозьвішча Балаховіч, Булак — прыдомак) браў удзел у Першай усясьветнай вайне як афіцэр-кавалерыст, некалькі месяцаў ваяваў на баку Чырвонай арміі, а ў лістападзе 1918 году перайшоў у склад Паўночнага корпусу белых.

У 1920 годзе ваяваў з РСФСР на баку Польшчы і не спыніў барацьбы пасьля падпісаньня замірэньня, сфармаваўшы Народна-добраахвотніцкую армію колькасьцю ад 12 да 14 тысяч чалавек. У гэты пэрыяд генэрал шчыльна супрацоўнічаў з адным зь лідэраў змаганьня з Савецкай ўладай эсэрам Барысам Савінкавым.

У кастрычніку 1920 году фармаваньні пад камандаю Булак-Балаховіча перайшлі мяжу Польшчы і занялі частку паўднёвых тэрыторыяў Беларусі, ў тым ліку Тураў і Мазыр. На вайсковым парадзе ў Тураве генэрал прысягнуў бел-чырвона-беламу сьцягу, пакляўся змагацца з акупантамі Беларусі, заявіў аб сфармаваньні новага ўраду БНР. 18 лістапада войскі Булак-Балаховіча былі выціснутыя ў Польшчу, дзе іх раззброілі ды інтэрнавалі. Урад РСФСР дамагаўся выдачы генэрала, але кіраўнік Польшчы Юзэф Пілсудзкі ў гэтым адмовіў.

Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч ў 1940 годзе ў Варшаве ад рук нямецкага патруля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG