Беларусы, якія бралі ўдзел у «шэрых» схемах, зарабілі па 20–100 даляраў, а аштрафавалі іх на 7000.
Ва Ўкраіне за апошнія дні пакаралі трох грамадзян Беларусі, жыхароў раёнаў, памежных з Роўненскай і Валынскай абласьцямі. Іх аштрафавалі на 170 тысяч грыўняў (амаль 14 тысяч беларускіх рублёў) за нясвоечасовы вываз з Украіны аўтамабіляў з эўрапейскімі нумарамі рэгістрацыі.
Нікога зь беларусаў, якія ўдзельнічалі ў «шэрых» схемах увозу эўрапейскіх машын ва Ўкраіну, не было на судовым пасяджэньні. Сваю пазыцыю яны выклалі пісьмова. Тлумачылі, што нясвоечасова вывезьлі машыны або не сплацілі за іх мыта на тэрыторыі Ўкраіны, бо ня ведаюць, дзе аўтамабілі цяпер знаходзяцца.
Двое пакараных беларусаў беспрацоўныя.
Эўрабляхі. Што гэта такое?
Ва Ўкраіну ў 2016–2018 гадох пачалі масава ўвозіць аўтамабілі з эўразьвязаўскімі нумарамі рэгістрацыі. Іх у народзе назвалі «эўрабляхамі». Тады ўкраінскае заканадаўства дазваляла транспартным сродкам з замежнай рэгістрацыяй знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны з магчымасьцю паўторнага вывазу-ўвозу бяз сплаты мыта цягам году.
За гэты час ва Ўкраіне апынулася больш як 315 000 аўтамабіляў з такой рэгістрацыяй. Іхныя фактычныя ўласьнікі (юрыдычнымі ўласьнікамі часьцей за ўсё былі эўрапейскія кампаніі, якія нібыта выдавалі грамадзянам Украіны даверанасьці на кіраваньне. — РС) патрабавалі ад уладаў спрасьціць працэдуру іхнай рэгістрацыі ва Ўкраіне і зьнізіць мыта. Ухваленьне адпаведнага закону ў 2018 годзе спрычыніла масавыя акцыі пратэсту: людзі блякавалі дарогі, урадавыя будынкі і памежныя пункты пропуску.
У адказ улады вымушаныя былі адтэрмінаваць штрафныя санкцыі за несвоечасовае мытнае афармленьне транспартных сродкаў замежнай рэгістрацыі. Але дагэтуль ня ўсе аўтамабілі прайшлі мытнае ачышчэньне і атрымалі ўкраінскую рэгістрацыю. Галоўная прычына — дакумэнты можа падаць толькі грамадзянін, які ўвозіў аўтамабіль з-за мяжы. Новы ўрад Украіны чарговы раз адтэрмінаваў штрафныя санкцыі для ўласьнікаў так званых «эўрабляхаў».
Як працавала схема і прычым тут беларусы
Да 2018 году ва Ўкраіну можна было ўвозіць аўтамабілі з замежнай рэгістрацыяй транзытам або часова. У першым выпадку аўтамабіль мог без парушэньняў знаходзіцца ва Ўкраіне ад 5 да 10 дзён, пасьля чаго яму трэба было зноў праехаць праз пункт пропуску. Такім чынам завезьці ва Ўкраіну машыну мог як іншаземец, так і ўкраінец.
У рэжыме часовага ўвозу транспартны сродак з замежнай рэгістрацыяй мог знаходзіцца ва Ўкраіне да аднаго году.
Такім чынам, аўтамабіль з тэрыторыі Эўразьвязу спачатку ў рэжыме транзыт ўяжджаў ва Ўкраіну, напрыклад, праз пункт пропуску Ягадзін ў Валынскай вобласьці, на мяжы з Польшчай. У такім статусе машына знаходзілася ў краіне ня больш за 10 дзён. За гэты час аўтамабіль ехаў на іншы пункт пропуску, напрыклад, «Даманава», ужо на мяжы зь Беларусьсю.
Там машына выяжджала з Украіны, аднак не заяжджала ў Беларусь. На нэўтральнай тэрыторыі ў аўтамабіль сядаў грамадзянін Беларусі, які меў даверанасьць ад уладальніка машыны. Беларус уяжджаў ва Ўкраіну, выходзіў з машыны і неўзабаве, часам пешшу, вяртаўся ў Беларусь.
Аўтамабіль заставаўся ў карыстальніка-ўкраінца, які таксама атрымліваў даверанасьць ад уласьніка. Але вельмі часта ўсе дакумэнты, на падставе якіх увозілі такія машыны, былі падробленыя.
Паводле расьсьледаваньня праграмы «Схемы» (супольны праект Радыё Свабода і тэлеканалу UA: Першы) беларус за ўдзел у такой схеме атрымліваў «узнагароду» ў 20 даляраў.
У траўні 2018 году толькі праз мытны пост «Даманава» у Валынскай вобласьці ва Ўкраіну былі ўвезеныя амаль 3 000 аўтамабіляў з эўрапейскай рэгістрацыяй, за стырном якіх былі менавіта грамадзяне Беларусі.