Сем рэчаў, якія мы ўведалі за мінулы тыдзень.
Дом, дзе нарадзіўся Гітлер, стане пастарункам паліцыі
Гэтак вырашылі ў мястэчку Браўнаў-на-Іне ў Аўстрыі, дзе 20 красавіка 1889 году нарадзіўся Адольф Гітлер, будучы Führer Нямеччыны. Трохпавярховая камяніца, у якой Гітлер нарадзіўся, доўгі час заставалася ў прыватных руках і была месцам «пілігрымак» нэанацыстаў, якія зьбіраліся штогод перад будынкам, каб адзначыць дзень нараджэньня свайго духоўнага лідэра.
У 2017 годзе Міністэрства ўнутраных справаў канфіскавала гэты будынак, а на мінулым тыдні вырашыла абсталяваць у ім пастарунак паліцыі, такім чынам даючы зразумець усім, што камяніца перастане служыць свайго роду нэанацысцкім мэмарыялам. Абвешчаны конкурс для архітэктараў у Эўразьвязе, каб перабудаваць і пераабсталяваць роднае гняздо Гітлера згодна зь яго цяперашнім прызначэньнем.
Швэцыя ўжо не абвінавачвае Асанжа ў згвалтаваньні
Швэдзкая пракуратура на мінулым тыдні закрыла сьледзтва ў справе абвінавачаньня заснавальніка Wikileaks Джуліяна Асанжа ў згвалтаваньні. Паводле пракуратуры, доказы віны Асанжа, сабраныя ў ходзе сьледзтва, недастатковыя для таго, каб перадаць справу ў суд. Абвінавачаньні супраць Асанжа былі выстаўленыя ў 2010 годзе. Сам ён адмаўляў іх, сьцьвярджаючы, што жанчына, якая яго абвінаваціла, займалася зь ім сэксам добраахвотна.
Цяпер Асанж утрымліваецца ў брытанскай турме, адбываючы тэрмін за парушэньне ўмоваў закладу, а таксама чакае рашэньня суду аб сваёй экстрадыцыі ў ЗША. Злучаныя Штаты патрабуюць экстрадыяваць Асанжа паводле цэлага шэрагу абвінавачаньняў, зьвязаных зь незаконным атрыманьнем і публікацыяй сакрэтных дакумэнтаў Пэнтагону. Яму пагражае працяглы турэмны тэрмін.
Выйшаў новы альбом Леанарда Коэна
Канадзкі сьпявак Леанард Коэн (1934–2016) выдаў свой апошні альбом, «You Want It Darker», за месяц да сваёй сьмерці. Але вось 22 лістапада 2019 выйшаў ягоны пасьмяротны альбом, «Thanks for the Dance». «Thanks for the Dance» уключае восем песьняў, над якімі сьпявак працаваў падчас запісу свайго апошняга прыжыцьцёвага альбому, але працы так і не закончыў. Выданьне пасьмяротнага альбому падрыхтаваў сын сьпевака Адам Коэн.
Надыходзіць «трэцяя хваля» выкрыцьця пэдафіліі ў Касьцёле?
Брытанская дасьледчая арганізацыя Child Rights International Network (CRIN, Міжнародная сетка абароны правоў дзяцей) апублікавала на мінулым тыдні справаздачу пра пэдафілію сярод каталіцкіх сьвятароў у краінах Лацінскай Амэрыкі. Паводле справаздачы, ахвяры пэдафільскіх дамаганьняў з боку сьвятароў у Лацінскай Амэрыцы сталі асабліва часта заяўляць пра гэта ў 2017—2018 гг.
Аўтары справаздачы прадказваюць, што пасьля першай хвалі судовага перасьледу касьцельных пэдафілаў у ЗША ў 2001—2002 гг. ды другой хвалі, якая адбылася пазьней у Ірляндыі, Канадзе і Аўстраліі, сьвет чакае «трэцяя хваля» выкрыцьця касьцельнай пэдафіліі — у Лацінскай Амэрыцы. Большасьць абвінавачаньняў у згвалтаваньні і сэксуальных злоўжываньнях у адносінах да непаўналетніх з боку каталіцкіх сьвятароў паступіла за два апошнія гады: у Мэксыцы — 550, Чылі — 243, Аргентыне — 129 і Калюмбіі — 137.
Дональд Туск пакіруе Эўрапейскай народнай партыяй
Старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск, які пакідае сваю пасаду з канцом гэтага месяца, 20 лістапада на кангрэсе ў Заграбе быў выбраны старшынём Эўрапейскай народнай партыі. Эўрапейская народная партыя (якая ўяўляе сабою кааліцыю партый права-цэнтрысцкага спэктру) цягам двух апошніх дзесяцігодзьдзяў утрымлівае ў Эўрапарлямэнце (у якім 751 дэпутат) найбольшую фракцыю (цяпер у яе 182 мандаты). Тэарэтычна пасада старшыні гэтай партыі дае немалыя закулісныя магчымасьці ўплываць на палітыку Эўразьвязу, але на практыцы да гэтай пары яе займалі «палітычныя пэнсіянэры».
«Пасьля пяці гадоў мне абрыдла быць галоўным эўрапейскім бюракратам. Я гатовы да змаганьня», — заявіў Туск на кангрэсе ў Заграбе, дзе быў безальтэрнатыўным кандыдатам на кіраўніка Эўрапейскай народнай партыі. Меркавалася, што Туск, які быў прэм’ер-міністрам Польшчы ў 2007—2014 гг., возьме ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе як галоўны апазыцыйны апанэнт дзейнага прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, але палітык адмовіўся ад гэтага.
«Замежныя агенты» ў Расеі
Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў трэцім чытаньні законапраект, які дазваляе прызнаваць «замежнымі агентамі» фізычныя асобы Паводле закону «замежнымі агентамі» могуць быць прызнаныя фізычныя асобы, якія распаўсюджваюць матэрыялы СМІ — «замежных агентаў» або ўдзельнічаюць у іх стварэньні, а таксама атрымліваюць грошы ці маёмасьць з-за мяжы або ад расейскіх юрыдычных асобаў, якія фінансуюцца з замежных крыніцаў.
У лістападзе 2017 году ў Расеі быў прыняты закон, які дазваляе прызнаваць «замежнымі агентамі» сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы. Мінюст аднёс да «замежных агентаў» дзесяць СМІ: «Голас Амэрыкі», Idel.Реалии, Кавказ.Реалии, Крым.Реалии, тэлеканал «Настоящее время», татара-башкірскую службу Радыё Свабода (Azatliq Radiosi), Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (PCE/PC), Сибирь.Реалии, «Фактограф» і Север.Реалии.
Танец месяцаў Нэптуна
Нэптун — восьмая, самая зьнешняя плянэта Сонечнай сыстэмы, яна знаходзіцца на адлегласьці 4,5 мільярда кілямэтраў ад Сонца. Плянэту адкрылі ў 1846 годзе шляхам матэматычных разьлікаў, датычных зьменаў у арбіце сёмай плянэты Сонечнай сыстэмы — Урана. Нэптун, вельмі слаба вывучаны, уяўляе сабою ледзяны шар, дыямэтар якога ў чатыры разы большы за дыямэтар нашай Зямлі. Нэптун мае 14 натуральных спадарожнікаў — месяцаў. Апошні зь іх быў адкрыты ў лютым сёлета.
На мінулым тыдні група амэрыканскіх астрафізыкаў апублікавала артыкул з разьлікамі, якія паказваюць, што два самыя зьнешнія месяцы Нэптуна — Наяда і Таласа — падлягаюць гэтак званаму «арбітальнаму рэзанансу». Кажучы менш дакладна, але больш вобразна, арбіта Наяды «падскоквае то ўверх, то ўніз» адносна арбіты Таласы, каб такім чынам пазьбегчы сутыкненьня месяцаў. Поўны абарот Наяды вакол Нэптуна займае сем гадзін; поўны абарот Таласы — 7,5 гадзін. Ну, а поўны абарот Нэптуна вакол Сонца — 165 зямных гадоў.