Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін уручыў удовам супрацоўнікаў, якія загінулі ў жніўні падчас выпрабаваньняў ракетнай устаноўкі пад Северадзьвінскам, ордэны Мужнасці, прысуджаныя пасьмяротна. Сустрэча Пуціна зь сем’ямі загінулых адбылася ўвечары 21 лістапада ў Крамлі.
Як паведамляе агенцтва «Новости», падчас сустрэчы Пуцін падкрэсьліў, што ў загінулых была «асаблівая місія». Ён, у прыватнасьці, заявіў: «Сам факт валоданьня такімі унікальнымі тэхналёгіямі зьяўляецца сёньня найважнейшай надзейнай гарантыяй міру на плянэце. І нягледзячы ні на што, мы, безумоўна, будзем удасканальваць гэтую зброю».
Выбух пад Северадзьвінскам адбыўся 8 жніўня. Расейскія ўлады прызналі факт выбуху, кароткатэрміновага выкіду радыяцыі і гібелі людзей — пяцёх супрацоўнікаў кампаніі «Росатом» і двух вайскоўцаў.
У афіцыйных паведамленьнях гаварылася, што ён адбыўся пры выпрабаваньні новай тэхнікі з «ізатопнай крыніцай сілкаваньня». Пра тое, якая гэта тэхніка, аднак, афіцыйна не паведамлялася. У розных расьсьледаваньнях называліся розныя вэрсіі — аж да выбуху самой ракеты «Буравесьнік». Журналістам расейскай службы «Радыё Свабода», абапіраючыся на адкрытыя крыніцы, у сваім расьсьледаваньні ўдалося вызначыць найбольш верагодную прычыну выбуху.
Аб ракеце, пасьля названай «Буравесьнік», казаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у пасланьні ў сакавіку 2018 году, сьцьвярджаючы, што гэта зброя, якая ня мае аналягаў у сьвеце і здольная фактычна неабмежаваны час знаходзіцца ў паветры і зьмяняць траекторыю палёту. Выпрабаваньні гэтай ракеты засакрэчаныя. СМІ, спасылаючыся на дадзеныя выведак, пісалі пра некалькі няўдалых выпрабаваньнях «Буравесьніка» у Расеі, аднак гэтыя паведамленьні не пацьверджаныя.
Праехаць у Нёнаксу можна толькі па чыгунцы: некалькі разоў за дзень па ёй праходзіць цягнік з Северадзьвінску да пасёлку Сопкі. Але для таго, каб сесьці на яго чалавеку безь мясцовай рэгістрацыі, неабходна атрымаць пропуск у Северадзьвінску. Пасьля падзей 8 жніўня, па зьвестках «Радыё Свабода», без запрашэньня ад мясцовых жыхароў пропуску нікому не даюць.