Палітоляг Аркадзій Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, заяўляе, што ніякага істотнага ўплыву парлямэнцкія выбары 17 лістапада на беларуска-эўрапейскія адносіны ня зробяць, прадказвае, што адбудзецца 8 сьнежня, і расказвае пра кітайскую стаўку афіцыйнага Менску.
- Сьцісла:
- Беларусь робіць выгляд, што гатовая далёка ісьці ў збліжэньні з Захадам — чаго няма ў рэальнасьці
- Масква дае Менску ўсё менш грошай і прывілеяў, і пры гэтым, па вялікім рахунку, нічога не губляе ў геапалітычным сэнсе.
- Калі Кітай будзе ўспрымаць Беларусь як партнэра і важны элемэнт у сваёй гульні, то гэта будзе той чыньнік, які сур’ёзна паўплывае на пазыцыю Масквы.
Я ня думаю, што Эўразьвяз усур’ёз разглядае магчымасьць вяртаньня да палітыкі санкцый
— Эўрапейскі Зьвяз ацаніў беларускія парлямэнцкія выбары, я б сказаў, у «спакойна-крытычным» тоне. Відавочна, нельга было праігнараваць і саму хаду выбарчай кампаніі, і той факт, што ніводнага з апазыцыянэраў не «прапусьцілі» ў Палату прадстаўнікоў. Як можа гэты факт у стратэгічным і тактычным сэнсе ўплываць на адносіны Менску і Брусэлю?
— Я думаю, што ніякага ўплыву гэтыя выбары і іхны вынік на беларуска-эўрапейскія стасункі ня зробяць. У гэтым пляне разьлік Менску быў жалезабэтонны. Эўропа некалькі гадоў таму прыняла свае стратэгічныя рашэньні. І яны палягалі ў тым, каб разьвіваць адносіны зь Менскам, калі ня будзе нейкіх зусім страшных эксцэсаў, рэпрэсій, якія немагчыма не заўважаць.
Вынікі выбараў былі цалкам чаканыя. Падчас разьвіцьця кампаніі стала зразумела — пасьля зьняцьця апазыцыйных кандыдатаў, недапушчэньня людзей у камісіі — што вынік будзе такі, які ён і быў. Трэба таксама разумець, што прысутнасьць у Палаце 1–2 апазыцыйных кандыдатаў не азначала б ніякіх зьменаў у працы беларускага парлямэнту. Таму эўрапейцы і Захад у цэлым ня знойдуць для сябе тут ніякай прычыны, каб мяняць сваю палітыку адносна Беларусі.
— Што можна назваць такімі «эксцэсамі»? Наяўнасьць палітычных зьняволеных? Мы бачым, што анархісту Паліенку далі вельмі мяккі прысуд (на фоне сур’ёзных абвінавачаньняў). Ці сапраўды менавіта гэта — адсутнасьць агульнапрызнаных палітзьняволеных — і ёсьць тая самая «чырвоная рыса» для Менску?
— У пэўным сэнсе так. Цягам апошніх гадоў ідзе дыскусія, ці лічыць Беларусь краінай, у якой ёсьць палітзьняволеныя. Афіцыйныя прадстаўнікі Эўразьвязу для сябе, відавочна, вырашылі, што палітзьняволеных у Беларусі няма. Пры гэтым яны адмовіліся ад сваёй ранейшай пазыцыі, што людзі, якія адседзелі, павінны атрымаць поўную палітычную і юрыдычную рэабілітацыю, што дазволіла б некаторым зь іх на іншых юрыдычных асновах удзельнічаць у палітыцы. Аднак некаторыя праваабаронцы лічаць, што ў Беларусі ёсьць палітзьняволеныя.
Думаю, Менск мае разуменьне, што без патрэбы прыцягваць да сябе лішнюю ўвагу ня варта. Мы памятаем, як некалькі гадоў таму пасьля масавых пратэстаў у сувязі з «дэкрэтам аб дармаедах» рэпрэсіі былі ня столькі жорсткія, колькі масавыя, аднак Эўразьвяз у той момант абмежаваўся выказваньнем сваіх стандартных заклапочанасьцяў. Яшчэ раз кажу — палітыка Эўразьвязу вельмі інэртная, яна хутка не мяняецца. А калі існуюць нейкія рашэньні, якія ўсіх задавальняюць, — дык тым больш.
— Аглядальнікі называюць парлямэнцкія выбары правобразам таго, у якім рэжыме пройдуць наступныя прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе. Як можа рэагаваць Эўразьвяз, калі на фоне пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі рэпрэсіі пачнуцца ўжо падчас правядзеньня кампаніі?
— Вельмі складана адказваць на такое пытаньне, у якім надта шмат «калі». Шмат будзе залежаць ад нюансаў. Калі пратэсты будуць масавыя і калі яны будуць жорстка падаўляцца, — то Эўразьвязу цяжка будзе рабіць выгляд, што ўвогуле нічога не адбываецца.
Аднак я ня думаю, што Эўразьвяз усур’ёз разглядае магчымасьць вяртаньня да палітыкі санкцый. Бо гэтую палітыку лічаць неэфэктыўнай, тратай часу, якая не прынесла плёну.
Эўрапейская палітыка адносна Беларусі разьвіваецца ў вельмі дакладным калідоры. Ідзе палітычная перазагрузка, візыты, канфэрэнцыі, выказваньне ўзаемных партнэрскіх пачуцьцяў. Зь іншага боку — грошай для вас няма. Мы бачым, што нават патрэбнае абодвум бакам пытаньне візавай лібэралізацыі вырашалася вельмі доўга.
Таму, па вялікім рахунку, абодва бакі робяць выгляд. Беларусь робіць выгляд, што гатовая далёка ісьці ў збліжэньні з Захадам — чаго няма ў рэальнасьці. А Захад робіць выгляд, што ў будучым, магчыма, пры нейкіх умовах будзе гатовы да нейкіх сур’ёзных крокаў — але ў рэальнасьці і гэтага няма. Такая гульня працягваецца, а тым часам на першы плян выходзяць падзеі не ў беларуска-заходніх, а ў беларуска-расейскіх адносінах.
Масква дае Менску ўсё менш грошай і прывілеяў, і пры гэтым, па вялікім рахунку, нічога не губляе ў геапалітычным сэнсе.
— І калі казаць пра гэтыя адносіны, то яны характарызуюцца падрыхтоўкай да даты 8 сьнежня. Да гэтай даты кіраўнікі Беларусі і Расеі паабяцалі падпісаць нейкія пагадненьні, сутнасьць якіх грамадзтву невядомая. Які расклад цяпер, якія козыры на руках у Масквы і Менску?
— Працэс ідзе вельмі непразрыста. Мы бачым памяркоўна-аптымістычныя заявы пра тое, што сувэрэнітэту Беларусі нічога не пагражае, а інтэграцыя будзе паглыбляцца. Пры гэтым мы чуем пра розныя супярэчнасьці, мы ня можам не зьвяртаць увагу на даволі нэрвовыя заявы беларускага кіраўніцтва, што даказвае, што ня ўсё там у парадку.
Тым ня меней што-небудзь яны падпішуць. Падпішуць, хутчэй за ўсё, чарговую дэклярацыю з абцякальнымі фразамі. Зусім нічога не падпісваць немагчыма. Асабліва калі пасьля 8 сьнежня будзе 9 сьнежня сустрэча ў нармандзкім фармаце. Масква наўрад ці можа дазволіць сабе нічога не падпісаць напярэдадні такой сустрэчы.
Таму Крамлю давядзецца пайсьці на нейкія кампрамісы, але кардынальнай зьмены сытуацыі непасрэдна 8 сьнежня не адбудзецца. Бо працэс апошнія гады дастаткова зразумелы — Расея зьмяншае эканамічны цяжар па субсыдыяваньні Беларусі, дае Менску ўсё менш грошай і прывілеяў, і пры гэтым, па вялікім рахунку, нічога не губляе ў геапалітычным сэнсе.
Мне падаецца, да гэтага цяпер зводзіцца расейская палітыка, і такой яна пэўны час застанецца. З тым, каб у пэрспэктыве, калі эканамічная сытуацыя зьменіцца, прапанаваць нешта ў пляне сувэрэнітэту. Але не цяпер.
— Чаму Расея пачала апошнія гады праводзіць такую, больш жорсткую адносна Беларусі, палітыку? Яна перастала баяцца, што Менск можа разьвярнуцца на Захад? Ці гэта проста рацыянальны разьлік, што пры цяперашнім узроўні залежнасьці ад Расеі Беларусь нікуды ня можа падзецца?
— Я думаю, і тое, і другое. Расейскі ўрад праводзіць жорсткую эканамічную палітыку зьніжэньня выдаваных пернікаў у дачыненьні да ўласнага насельніцтва. Падвышаюцца падаткі, пэнсійны ўзрост. Усе гэтыя грошы зьбіраюцца не для таго, каб іх раздаць Менску. Гэта і так робіцца надта доўга, бязь нейкіх кардынальных вынікаў.
Зь іншага боку — так, існуе разуменьне, што прысутнічае структурная, эканамічная і вайскова-палітычная залежнасьць Беларусі ад Масквы. А самае галоўнае — пакуль ва ўладзе ў Менску Лукашэнка, сыход Беларусі на Захад немагчымы. Ён немагчымы і непрымальны для яго асабіста.
— У рамках гэтага вузкага поля магчымасьцяў што застаецца афіцыйнаму Менску? Імітаваць ажыўленьне адносінаў з Захадам? Як Менску паводзіць сабе з Масквой?
— Я думаю, што з даступных варыянтаў беларускае кіраўніцтва робіць максымум. Яно цяпер у больш выгаднай замежнапалітычнай пазыцыі, чым 5 гадоў таму. І можа спадзявацца, што хоць нейкія грошы з Захаду яно будзе атрымліваць — хаця б на тэхнічныя праекты.
Менск таксама спрабуе разыгрываць кітайскую карту. І я думаю, што калі Кітай будзе ўспрымаць Беларусь як партнэра і важны элемэнт у сваёй гульні, то гэта і будзе той чыньнік, які сур’ёзна паўплывае на пазыцыю Масквы. Бо калі Кітай будзе заяўляць, што ён зацікаўлены ў захаваньні Беларусі як незалежнай і сувэрэннай дзяржавы — то Маскве давядзецца больш сур’ёзна над гэтым задумацца, чым над любымі заявамі на гэты конт Захаду.
А як паводзіць сабе з Масквой, Лукашэнка за 25 гадоў навучыўся. Грошай будзе ў любым выпадку менш, і з гэтага трэба зыходзіць.