У канцы кастрычніка — пачатку лістапада беларусы традыцыйна ўшаноўваюць памерлых продкаў. У каталіцкай традыцыі 1 лістапада — урачыстасьць Усіх Сьвятых, 2 лістапада — успамін усіх памерлых вернікаў.
1 лістапада беларускія каталікі наведваюць могілкі, каб запаліць зьнічы, ускласьці кветкі да месцаў супакою блізкіх.
Не абмінаюць гэтую традыцыю ў Івянцы пад Менскам. У традыцыі мясцовых — прыбраць магілы ня толькі блізкіх, але і незнаёмых памерлых, запаліць зьнічы ля помнікаў як крэўным, так і суседзям, аднаклясьнікам, стрыечным братам і сёстрам.
2 лістапада каталіцкія вернікі зладзяць у Івянцы працэсію па могілках і яшчэ раз узгадаюць блізкіх памерлых.
Летась каталікі другі раз зьбіралі подпісы за тое, каб 1 ці 2 лістапада — Дзяды, былі абвешчаны выходным днём. Але з апарату ўпаўнаважанага даслалі адказ, што Канстытуцыя не дае вернікам «ніякіх перавагаў перад грамадзянамі атэістычных поглядаў», і сьцьвярджаецца, што калі зрабіць 1 лістапада выходным днём, «гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян».