У выпадку паўторнага выключэньня Паўлу Севярынцу давядзецца або чакаць два гады наступнага сходу, або дабівацца скліканьня пазачарговага.
Што за скандал быў з выключэньнем Севярынца
Рашэньне аб выключэньні сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, пісьменьніка Паўла Севярынца зь беларускага ПЭН-цэнтру за нясплату ўнёскаў было скасаванае на агульным сходзе арганізацыі 26 кастрычніка.
Перад сходам Севярынец апублікаваў заяву, у якой абвінаваціў «гей-лобі і марксістаў» у радзе беларускага ПЭНу ў тым, што яны «на дух не пераносяць хрысьціян». Ён тлумачыў, што не плаціў унёскаў у арганізацыю на знак пратэсту супраць таго, што цэнтар правёў выставу на ЛГБТ-тэматыку.
У адказ на гэтае рашэньне пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч напісаў на Facebook, што ён і «яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек» выходзяць з ПЭН-цэнтру. На наступны дзень ён напісаў у часопісе Arche, што яму было сорамна за арганізацыю, якая «паспрабавала выканаць ролю другога Саюзу пісьменьнікаў» і «зрабіць выгляд, што існуе сама па сабе, не зьвязаная ніякімі міжнароднымі хартыямі», «паставіць „традыцыйную мараль“ вышэй за пэнаўскія каштоўнасьці». Ён палічыў, што канфлікт вакол Севярынца ня мае вырашэньня, бо «гэта сутыкненьне двух сьветаў».
Што будзе цяпер
Пра новы разгляд выключэньня Севярынца старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Сьвятлана Алексіевіч паведаміла «Камсамольскай праўдзе». Пісьменьніца пацьвердзіла Свабодзе: пытаньне будзе зноў разглядацца, бо «ужо ёсьць раскол».
Цягам трох дзён, адзначыла Алексіевіч, яна «толькі і робіць, што працуе крызісным мэнэджарам»: пратэст супраць знаходжаньня Севярынца ў ПЭН і ягоных «цемрашальскіх поглядаў» падпісала «каля 35 чалавек» (усяго ў арганізацыі 112 сяброў).
Выканаўчая дырэктарка ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай, выбраная на сходзе намесьніцай Сьвятланы Алексіевіч, пацьвердзіла Свабодзе, што 29 кастрычніка а 14-й гадзіне рада ПЭН-цэнтру зьбярэцца на паседжаньне, на якім зноў разгледзіць выключэньне Севярынца.
Нядбай растлумачыла: агульны сход (найвышэйшы орган кіраваньня) скасаваў папярэднюю пастанову рады (а менавіта яна прымае рашэньні аб выключэньні або ўключэньні людзей у шэрагі ПЭН-цэнтру), але рада можа зноў прыняць такое рашэньне, а выключаны мае права абскардзіць гэтае рашэньне на наступным сходзе праз два гады. Таксама можа быць скліканы пазачарговы агульны сход.
Адносна таго, што і гэтае рашэньне можа быць не канчатковым, Алексіевіч сказала Свабодзе:
«Я думаю, Павал створаны для вечнай барацьбы. Ён будзе змагацца, бо з кімсьці яму трэба змагацца».
Паводле статуту рада можа выключыць чальца большасьцю галасоў на таемным галасаваньні. Хто быў ініцыятарам паўторнага разгляду і зь якой фармулёўкай можа быць прынятае новае рашэньне, не паведамляецца.