Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аблуды Паўла Севярынца


Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Актывіст Павал Севярынец выступіў з адкрытым лістом супраць «культурнага марксізму» ў беларускім ПЭН-цэнтры. На знак пратэсту супраць гэтага самага «марксізму» Павал перастаў плаціць ПЭНу сяброўскія ўнёскі (38,25 рубля на год) і пасьля некалькіх папярэджаньняў быў выключаны з арганізацыі.

Як сябра рады ПЭНу скажу, што дастаткова было заявы Паўла пра цяжкае матэрыяльнае становішча, і праблема была б зьнятая. Выконвай патрабаваньні статуту арганізацыі, да якой ты належыш, і ўплывай на яе дзейнасьць. Усё ў тваіх руках, і табе ніколі не адмовяць у дапамозе, бо такая дапамога і ёсьць задачай ПЭНу. Але заставайся ў прававым полі, не парушай законы арганізацыі, у якой ты хочаш перамен. Тлумачыць парушэньне статуту сваёй нязгодай зь дзейнасьцю арганізацыі — справа неадэкватная.

Цяпер пра «марксізм» (так Павал называе ўсё, зьвязанае з ЛГБТ, — вось, аказваецца, чаму Маркс і Энгельс заўсёды разам, — і ўсё, што «супраць хрысьціянства»). Каша яшчэ тая, дзе сродкі пераблытаныя з мэтамі і наадварот.

Задача ПЭНу — справядлівасьць. ПЭН заўсёды будзе на баку тых, каго крыўдзяць за іх творчасьць, сэксуальную арыентацыю або веру. Вось чаго Павал не зразумеў у прынцыпах міжнароднага ПЭНу. ПЭН супраць гвалту і хлусьні. На гэтым ягоная апазыцыя заканчваецца. ПЭН ня можа быць супраць геяў ці супраць хрысьціян, як і супраць водаправодчыкаў, напрыклад. Але калі водаправодчыка катуюць за тое, што ён водаправодчык, ПЭН будзе супраць гэтага гвалту. Такія прынцыпы ПЭНу ва ўсім сьвеце. Ён ня можа быць за геяў супраць хрысьціян ці за хрысьціян супраць геяў. Інакш гэта была б іншая арганізацыя.

Усе, хто цярпіць у гэтым сьвеце за свае погляды, найчасьцей цярпяць празь неразуменьне, нежаданьне зразумець іх з боку публікі, якая здавольваецца хвосткімі ярлыкамі. І ПЭН спрыяе менавіта зразуменьню іншага. Я з табой ня згодны, але гатовы памерці за тое, каб ты выказаўся. Будзь ты геем ці хрысьціянінам.

Гвалт і погляды (арыентацыі) — розныя рэчы. Погляды могуць суіснаваць у гармоніі, а могуць у гвалце. Першы варыянт — ПЭНаўскі. Другі хоча навязаць ПЭНу Павал Севярынец. Гаворка нават не пра тое, што гэты варыянт для ПЭНу непрымальны, што само сабой зразумела. Гаворка пра тое, што за 20 ці болей гадоў сваёй грамадзкай дзейнасьці Павал так і не дамогся ніякага плёну.

Я маю на ўвазе беларускі рух, які колісь быў масавы, аб’ядноўваў цэлае мора моладзі, быў відаць і чуваць, гатовы быў ахапіць усю нацыю, улучна з геямі і хрысьціянамі. Куды гэта ўсё падзелася? Гармонія поглядаў зьмянілася гвалтам, у выніку чаго нацыянальнае адзінства ў беларушчыне стала менш важным за тое, ці ты водаправодчык ці не. Не? Ідзі адсюль! Людзі сталі баяцца актывістаў, стараюцца прайсьці міма. Натуральна, гэтаму дапамагла ўлада, але толькі дапамагла. Уявіць сёньня 50-тысячны марш на Дзяды немагчыма. Бо тыя некалькі соцень, што выходзяць — «не такія, як мы». Іх можна ўхваляць або ганіць, але толькі не атаясамліваць сябе зь імі.

Аднавіць тое адзінства і давер да сябе — амаль невырашальная сёньня задача. Трэба хаця б спыніць гвалт, разбурэньне і самаразбурэньне, а таксама катэгарычнае непрыманьне інакшага. Гардыня і гнеў — дакладна не найлепшыя рысы чалавека. І беларушчына — у кожнага свая — дакладна ня той плён, пра які марылі айцы-заснавальнікі. І разбурэньне ПЭНу праз гвалт поглядаў — зусім ня тая задача, якую трэба сабе ставіць.

Вельмі спадзяюся, што пасьля Агульнага зьезду ПЭНу, які адбудзецца неўзабаве, у арганізацыі ня зьявіцца новых ворагаў, апроч заўсёдных — гвалту і хлусьні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG