Кіраўнік службы бясьпекі і інфармацыі Чэхіі Міхал Коўдэлка заявіў, што ягонае ведамства ў 2018 годзе раскрыла сетку расейскіх агентаў, створаную ФСБ, якая працавала на тэрыторыі Чэскай Рэспублікі. Агенты павінны былі ўчыняць кібэратакі супраць Чэхіі і супраць краінаў-партнэраў Чэхіі.
Сетка, паводле Коўдэлкі, фінансавалася наўпрост з Расеі і расейскім пасольствам.
Паводле часопісу Respekt, сетка складаліся зь некалькі грамадзян Расеі і некалькі расейцаў, якія атрымалі грамадзянства Чэхіі. Яны працавалі пад прыкрыцьцём двух прыватных фірмаў у Празе, дзе займаліся продажам праграмнага забесьпячэньня і кампутараў. Насамрэч, піша часопіс, супрацоўнікі фірмаў рабілі кібэратакі.
У пасольстве Расеі ў Празе заявілі, што заява аб выкрыцьці сеткі агентаў «ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю».
Чэскі журналіст і аналітык Ондржэй Кундра, аўтар кнігі «Агенты Пуціна. Як расейскія шпіёны крадуць нашы сакрэты» ў 2018 годзе заяўляў, што «ў Чэхіі ў пасольстве ўсяго каля 120 чалавек, і, паводле ацэнак нашых службаў, як мінімум траціна зь іх зьяўляюцца таемнымі агентамі».
У красавіку 2018 году ў Нідэрляндах затрымалі чатырох супрацоўнікаў расейскай вайсковай выведкі (ГРУ Генштабу Расеі) з хакерскім абсталяваньнем, пры дапамозе якога, па дадзеных Нідэрляндаў, яны спрабавалі атрымаць доступ ва ўнутраную сетку штаб-кватэры Арганізацыі па забароне хімічнай зброі ў Гаазе. Усе затрыманыя былі высланыя з краіны пасьля дыпляматычнага скандалу.
Пасьля «допінгавага скандалу» расейскіх хакераў таксама абвінавачвалі ў кібэратацы на амэрыканскае антыдопінгавае агенцтва і міжнароднае антыдопінгавае агенцтва WADA, а таксама міжнародную футбольную фэдэрацыю FIFA і некалькі арганізацый у сфэры лёгкай атлетыкі. Хакеры, у прыватнасьці, спрабавалі выкрасьці мэдычныя запісы атлетаў, каб публікаваць іх у рамках кампаніі па дэзынфармацыі.
Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Джэрэмі Гант таксама абвінавачваў расейскую вайсковую выведку ў правядзеньні «бязладных і безадказных» кібэратакаў па ўсім сьвеце. А брытанскі Нацыянальны цэнтар кібэрбясьпекі (NCSC) лічыў, што прыкрыцьцём для дзейнасьці ГРУ служылі 12 хакерскіх груп: Fancy Bear, APT28, Voodoo Bear, Sofacy, Pawnstorm, Sednit, CyberCaliphate, Cyber Berku, BlackEnergy Actors, STRONTIUM, Tsar Team і Sandworm.
Крэмль неаднаразова адмаўляў тое, што расейскія спэцслужбы курыруюць дзейнасьць расейскіх хакераў. «На дзяржаўным узроўні Расея гэтым не займаецца», — падкрэсьліваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, але тым ня менш не выключаў, што ў інтарэсах Расеі могуць дзейнічаць «патрыятычныя хакеры».
Намесьнік дырэктара расейскага Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтру па кампутарных інцыдэнтах Мікалай Мурашоў (гэтая структура была створана пры ФСБ РФ у ліпені 2018 году) у адказ на абвінавачваньні з-за мяжы заявіў, што «спэцслужба адной з замежных дзяржаваў» таксама спрабавала правесьці як мінімум дзьве кібэратакі ў Расеі: падчас прамой лініі з прэзыдэнтам Пуціным у 2017 годзе і ў дзень выбараў прэзыдэнта РФ у сакавіку 2018 году.