У Каталёніі сёньня праходзіць усеагульны страйк пратэсту супраць прысуду гішпанскага суду, які адправіў дзевяць былых лідэраў рэгіёну за краты паводле абвінавачаньняў у падбухторваньні да бунту ў сувязі з ня прызнаным Мадрыдам рэфэрэндумам аб незалежнасьці рэгіёну два гады таму.
У Барсэлёне пройдзе масавая дэманстрацыя, у якой, як чакаецца, возьмуць удзел сотні тысяч людзей.
Жыхары Каталёніі сыходзяцца ў сталіцу рэгіёну зь пяці розных кірункаў. Многія зь іх ідуць у горад пешшу, гэтыя дэманстрацыі атрымалі назву «Марш свабоды». Многія дарогі ў рэгіёне заблякаваныя, як і рух на шашы непадалёк ад памежных пераходаў у Францыю.
У апошнія дні ў Барсэлёне і іншых гарадах Каталёніі адбыліся сутыкненьні з паліцыяй. Сёньня акцыі пакуль праходзяць мірна.
Былы кіраўнік каталёнскай адміністрацыі Карлес Пудждэмон 18 кастрычніка добраахвотна зьявіўся ў паліцыю Бэльгіі пасьля таго, як гішпанскі суд абвясьціў яго ў міжнародны вышук. Пакуль не паведамляецца, ці быў ён затрыманы. Пудждэмон пакінуў Гішпанію ў 2017 годзе, як Мадрыд пасьля рэфэрэндуму ў Каталёніі распусьціў парлямэнт аўтаномнага рэгіёну і ўвёў у ім наўпроставае кіраваньне.
Дзевяць паплечнікаў былога каталёнскага лідэра 14 кастрычніка былі асуджаныя на турэмнае зьняволеньне ад 9 да 13 гадоў за арганізацыю рэфэрэндуму.
Цяперашні кіраўнік адміністрацыі Каталёніі Кім Торэ пасьля гэтага заявіў пра неабходнасьць новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці.