Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пратэстах у Каталёніі дзясяткі чалавек пацярпелі, больш за 50 — затрыманыя


Пратэсты ў Барсэлёне
Пратэсты ў Барсэлёне

Падчас начных пратэстаў у Каталёніі і сутыкненьняў з паліцыяй пацярпела больш за 70 чалавек. Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла аб затрыманьні 51 актывістаў. У сераду пратэстоўцы працягнулі так званыя «маршы за свабоду».

У пратэстах удзельнічалі дзясяткі тысяч чалавек, каля 40 тысяч чалавек — у Барсэлёне. Таксама дэманстранты выйшлі на вуліцы Жыроны, Тарагона, Льейды і Сабадэля. У некаторых гарадах пратэстоўцы падпальвалі сьмецьцевыя бакі і перакульвалі загароды.

У Тарагоне каля 500 пратэстуючых закідалі адміністратыўны будынак шарыкамі з фарбай. Паліцыянты адкрылі па ім агонь траўматычнымі кулямі, паведамляе газэта El Mundo.

Выконваючы абавязкі старшыні ўрада Гішпаніі Пэдра Санчэс выказаў рашучае асуджэньне гвалту і беспарадкаў на акцыях пратэсту.

Як заявіла афіцыйная прадстаўніца кабінэта міністраў Каталёніі Мэрычэль Буда, урад рэгіёну лічыць рух прыхільнікаў незалежнасьці «міралюбным». Аднак яна падкрэсьліла, што «ёсьць групы арганізаваных асоб, якія наносяць шкоду іміджу руху».

Раней пратэстоўцы заблякавалі дарогу да аэрапорта Эль-Прат і з гэтай прычыны адмянілі каля сотні рэйсаў. Людзі былі вымушаныя дабірацца да тэрміналаў пехам.

Прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі маюць намер працягнуць акцыі пратэсту.

  • Пратэсты пачаліся пасьля таго, як у панядзелак, 14 кастрычніка, Вярхоўны суд Гішпаніі вынес прысуды дванаццаці палітыкам з Каталёніі ў сувязі зь іх роляй у арганізацыі рэфэрэндуму аб незалежнасьці рэгіёну ў кастрычніку 2017 года.
  • Дзевяць каталёнскіх палітыкаў былі прызнаныя вінаватымі ў падбухторваньні да мецяжу і атрымалі турэмныя тэрміны — ад 9 да 13 гадоў пазбаўленьня волі. Суд таксама выдаў эўрапейскі ордэр на арышт былога кіраўніка каталёнскай адміністрацыі Карлэса Пудждэмона, які знаходзіцца ў выгнаньні.
  • Рэфэрэндум аб незалежнасьці прайшоў у Каталёніі ў кастрычніку 2017 году насуперак забароне гішпанскіх уладаў. У ім узялі ўдзел 43% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. Зь іх за незалежнасьць рэгіёну прагаласавалі больш за 90%, супраць — каля 8%.
  • Мадрыд лічыць галасаваньне незаконным і не прызнае яго вынікаў. Пасьля таго як каталёнскі парлямэнт паспрабаваў іх зацьвердзіць, мадрыдзкая ўлада скасавала аўтаномны статус Каталёніі, распусьцілі мясцовую адміністрацыю і ўвялі прамое кіраваньне ў рэгіёне.
  • Пасьля датэрміновых выбараў аўтаномныя правы Каталёніі былі адноўлены.
  • 10 лістапада ў Гішпаніі пройдуць чарговыя датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Яны стануць чацьвёртымі ў краіне за чатыры гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG