У аэрапорце Барсэлёны Эль-Прат адбыліся сутыкненьні паміж паліцыяй і прыхільнікамі незалежнасьці Каталёніі, паведамляе El Pais. Паводле зьвестак выданьня, сама меней 78 чалавек зьвярнуліся па дапамогу да мэдыкаў.
Пратэстоўцы прайшлі маршам да аэрапорта Барсэлёны і спрабавалі заблякаваць яго на знак пратэсту супраць прысудаў Вярхоўнага суду лідэрам каталёнскіх незалежнікаў, якіх 14 кастрычніка асудзілі да тэрмінаў зьняволеньня ад 9 да 13 гадоў.
Паліцыя ўжыла сілу, спрабуючы разагнаць пратэстоўцаў. Паводле дадзеных El Pais, большасьць параненых знаходзіліся ў першым тэрмінале аэрапорта. Чацьвярых шпіталізавалі.
Было адменена больш за сто рэйсаў самалётаў.
Паводле розных ацэнак, у пратэстах узялі ўдзел ад тысячы да некалькіх тысяч чалавек.
14 кастрычніка пратэстоўцы таксама перакрылі шэраг вуліц Барсэлёны, пяць рэгіянальных аўтадарог і чыгунку. Дэманстрацыі прайшлі і ў шэрагу іншых каталёнскіх гарадоў.