Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаная «Нарада дасьледчыкаў камуністычнага тэрору». Чым яна будзе займацца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі сталічных і рэгіянальных ініцыятыў у справе мэмарыялізацыі месцаў масавага пахаваньня ахвяраў сталінізму на сустрэчы 13 кастрычніка ў Менску аб’ядналіся ў калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Нарада дасьледчыкаў камуністычнага тэрору», паведамляе БелаПАН.

У сустрэчы прынялі ўдзел каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» Ігар Станкевіч, лідэр грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» у Віцебску Ян Дзяржаўцаў, дасьледчыкі пахаваньняў і актывісты мясцовых ініцыятыў па мэмарыялізацыі Алег Аксёнаў (Магілёў), Анатоль Аскерка (Барысаў), Мікалай Падгайскі (Баранавічы), кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі, актывіст ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» культуроляг Вацлаў Арэшка, лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Марачкін і Генадзь Драздоў, шэраг абаронцаў Курапатаў. Сустрэчу мадэраваў сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец.

На наступным пасяджэньні прадстаўнікі новай ініцыятывы плянуюць прыняць рэзалюцыі, а таксама сфарміраваць каманду, якая зоймецца стварэньнем сайту Нарады, агульнай базы месцаў масавага зьнішчэньня і пахаваньня ахвяр рэпрэсій, а таксама каляндар падзей.

Калі ўлады не праявяць палітычную волю, архівы органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бясьпекі зь імёнамі рэпрэсаваных у часы сталінскага рэжыму адкрытыя ня будуць, заявіў на сустрэчы актывіст ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» культуроляг Вацлаў Арэшка.

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка

«Як бы мы хацелі ці не хацелі гэтага прызнаваць, пакуль ня будзе палітычнай волі, ня будуць рэальна адкрытыя архівы органаў. Рэальна мы не даведаемся, хто быў ня толькі рэабілітаваны, але рэпрэсаваны наогул. Гэта адзін з кірункаў, па якім нам трэба сумесна працаваць», — падкрэсьліў культуроляг.

Паводле слоў Арэшкі, большасьць вядомых імёнаў тых, хто трапіў у лік ахвяраў сталінскага рэжыму, — гэта «імёны рэабілітаваных, а такіх, на жаль, да гэтага часу значна менш, чым было рэпрэсавана ў цэлым».

«Асноўная крыніца, зь якой мы даведаемся пра тое, хто і дзе быў арыштаваны, рэпрэсаваны, расстраляны, — гэта база зьвестак аб рэабілітаваных, — канстатаваў ён. — Такая база пачала складацца ў Беларусі ў 1990-я гады. Яна складалася каля 10 гадоў архіўным упраўленьнем — была ў той час адліга, але потым улады прыкрылі гэтую справу».

«На дадзены момант, наколькі нам вядома, гэтая база, якая спачатку была ў выглядзе картак, а пасьля была кампутарызаваная, налічвае каля 150 тысяч прозьвішчаў. У параўнаньні з агульнай колькасьцю рэпрэсаваных у Беларусі гэта нават ня меншая частка, а мізэрная. У свой час нашай арганізацыі ўдалося атрымаць значную частку гэтых даных, сёньня нам даступна каля 80 тысяч прозьвішчаў. Гэта і ёсьць тыя прозьвішчы, якія сёньня гуляюць па інтэрнэце, па розных сьпісах і зьвестках», — дадаў ён.

Акрамя як зьверыцца з даступнай часткай базы рэабілітаваных, як сказаў актывіст ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», ёсьць яшчэ некалькі шляхоў, з дапамогай якіх можна даведацца пра лёс рэпрэсаваных. «Самы складаны» зь іх, з яго словаў, ляжыць праз архівы Камітэта дзяржбясьпекі, але запыты могуць рабіць толькі сваякі рэпрэсаваных.

«Ёсьць магчымасьць шукаць зьвесткі ў іншых краінах, — адзначыў культуроляг. — Архівы больш-менш адкрытыя, прычым ня толькі ў тых краінах, якія вырваліся на свабоду. У свой час больш, чым у нас, магчымасьцяў было ў Расеі. Зараз зьявіліся магчымасьці шукаць ва Ўкраіне. Акрамя гэтага застаецца магчымасьць апытваць людзей, што таксама можа нешта даць, і шукаць археалягічныя зьвесткі».

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG