Аляксандар Лукашэнка 14 траўня даручыў пабудаваць да 2021 году Нацыянальны выставачны цэнтар на пляцоўцы ля гандлёвага цэнтру «Экспабел», якая мяжуе з Курапатамі, піша прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Інфармацыю пра тое, што выставачны цэнтар будзе знаходзіцца побач з Курапатамі Свабодзе пацьвердзіў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Праект і першыя яго рэндэры зьявіліся ў 2012 годзе, кажа Астаповіч.
Першы віцэ-прэмʼер Аляксандар Турчын адзначыў, што пытаньне будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтру абмяркоўваецца больш за 10 гадоў. Разглядаліся розныя пляцоўкі і крыніцы фінансаваньня.
Паводле Астаповіча, выставачны цэнтар не закране ахоўную зону. Аднак, калі праект будзе яе закранаць, Лукашэнка сваім указам аб будаўніцтве абʼекту, можа скасаваць ахоўную зону.
Прэс-служба Лукашэнкі назвала будаўніцтва выставачнага цэнтру «нацыянальным праектам». Адзначаецца, што для будаўніцтва разглядалася пляцоўка ў Малінаўцы на скрыжаваньні МКАД і Берасьцейскай шашы. Яе адхілілі, бо «гэта магло закрануць інтарэсы людзей, якія там жывуць».
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.