Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КДБ ня выдаў ніводнага дакумэнту, зьвязанага з Курапатамі», — дасьледнік рэпрэсіяў Кузьняцоў


Гісторык Ігар Кузьняцоў у Курапатах.
Гісторык Ігар Кузьняцоў у Курапатах.

Напярэдадні Радаўніцы, калі беларусы прыходзяць на магілы сваіх продкаў, гутарым зь гісторыкам, дасьледнікам сталінскіх рэпрэсіяў Ігарам Кузьняцовым пра заявы Аляксандра Лукашэнкі пра Курапаты на «лініі Сталіна», пра агучаныя афіцыйнымі гісторыкамі лічбы колькасьці рэпрэсаваных у Беларусі, а таксама пра архівы КДБ, у якіх, паводле Кузьняцова, дагэтуль ня змог сыстэмна працаваць ніводзін гісторык.

Ігар Кузьняцоў — кандыдат гістарычных навук, аўтар дысэртацыі «Масавыя рэпрэсіі ў 1930-я гады і рэабілітацыя ахвяраў тэрору», абароненай у Томскім дзяржаўным унівэрсытэце, некалькі дзесяцігодзьдзяў ён займаецца вывучэньнем гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Сьцісла

  • Паводле маіх падлікаў у Беларусі пацярпелі ад рэпрэсіяў ня менш за 1 мільён 600 тысяч чалавек. Афіцыйна называецца 600 тысяч.
  • Ні ў КДБ, ні ў Генэральнай пракуратуры няма ніякіх сумневаў, што ў Курапатах ляжаць ахвяры палітычных рэпрэсіяў.
  • У архіў КДБ Беларусі да 1994 году свабоднага доступу гісторыкаў не было.

«Кузьняцоў на сёньня — адзіны дыплямаваны спэцыяліст у гісторыі рэпрэсіяў»

— Аляксандар Лукашэнка чарговым разам выказаў сумнеў, што ў Курапатах ляжаць ня толькі ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Пра што гэта сьведчыць?

— 16 лістапада 2018 году я быў у складзе дзяржаўнай камісіі, якія прымала памятны знак у мэмарыяле Курапаты. Я ўжо не хаваю, што дзякуючы і мне, і скульптарам удалося дамагчыся, каб гэта быў не абязьлічаны памятны знак, у выніку на ім быў зроблены надпіс «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў ХХ стагодзьдзя». Пасьля гэтага пачалася сэрыя актаў вандалізму і супраць дзяржаўнага знаку, і супраць «Лавы Клінтана». Тры справы былі заведзеныя сьледчым камітэтам. Потым пачаўся «крыжалом» у красавіку, дэманстратыўна, з выклікам, цынічна.

6 лістапада 2018 году. Усталяваньне дзяржаўнага мэмарыялу ў Курапатах.
6 лістапада 2018 году. Усталяваньне дзяржаўнага мэмарыялу ў Курапатах.

Якія яшчэ могуць быць спэкуляцыі наконт таго, хто там ляжыць? Генпракуратура, усе сьледзтвы пацьвердзілі, што там расстраляныя ахвяры палітычных рэпрэсій. Зусім нядаўна было інтэрвію старшыні КДБ Вакульчыка «Комсомольской правде» пра гэта. Ні ў КДБ, ні ў Генэральнай пракуратуры ніякіх сумневаў няма, хто там ляжыць. Але зноў пачынаецца. Ажывіўся сайт кампартыі, ізноў камуністы кажуць пра тое, што ў Курапатах ляжаць ахвяры нацызму.

Прапагандысцкая кампанія дасягае апагею. Я на сабе гэта адчуваю. Ізноў мяне называюць фальсыфікатарам, ілжэгісторыкам, так званым гісторыкам. Прабачце, але Кузьняцоў на сёньня — адзіны дыплямаваны спэцыяліст па гісторыі рэпрэсій. Я магу спрачацца зь любым, але заўсёды кажу, што для таго, каб уступаць у спрэчку, трэба ведаць хаця б столькі ж, колькі ведае твой апанэнт, а яшчэ лепей — болей.

— 25 красавіка падчас ток-шоў «У абстаноўцы міру» на тэлеканале СТВ дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк заявіў, што «ва ўсёй Беларусі ў часы рэпрэсій было расстраляна ня больш за 30 тысяч, а ў Менску — 7,5 тысячы чалавек». Адкуль маглі зьявіцца гэтыя лічбы?

— Спэкуляцыя ідзе вакол лічбы, якую ўпершыню ўвёў беларускі гісторык Уладзімер Адамушка (былы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводзтве Беларусі — РС) у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 1920–1950 гадоў у Беларусі». Гэта выданьне 1994 году. На той момант было прааналізавана 7 тысяч картачак, і Адамушка даваў дадзеныя рэпрэсаваных па нацыянальнасьці і іншых паказьніках. Тады Адамушка напісаў, што ў агульнай колькасьці ў гады рэпрэсій пацярпела, паводле ягоных падлікаў, (афіцыйна ніякія дадзеныя не абагульняліся) 250 тысяч чалавек па лініі судовых, несудовых органаў, 350 тысяч чалавек па адміністрацыйных (ссылка, высылка). І ён назваў лічбу, што было расстраляна больш за 28 тысяч чалавек. Зьвярніце ўвагу. Ня 28 тысяч, ня 27 тысяч, а больш за 28 тысяч. 100 тысяч — гэта таксама больш за 28 тысяч. Гэта быў пачатковы пэрыяд, калі ішла актыўная рэабілітацыя рэпрэсаваных. У 1989 годзе быў адпаведны ўказ. І ў Беларусі гэтая рэабілітацыя толькі набірала пік. Лічба «замерла» на пачатковым вывучэньні і складаньні картак уліку, якія былі потым уведзеныя ў электронную базу.

Гэтая лічба не адпавядае рэальнасьці, таму што яна нават не ахоплівае ўвесь масіў тых, хто быў рэабілітаваны, таму можна сьмела да гэтых, умоўна кажучы, 30 тысяч дадаць, як мінімум, 15 тысяч. Я магу гэта даказаць па той жа базе. Мінімальная лічба, якая называецца афіцыйным дасьледчыкам з улікам гэтых карэкціровак, будзе ня менш за 45 тысяч.

— А адкуль узялася лічба 7,5 тысячы расстраляных у Менску?

— Тагачасны генэральны пракурор Алег Бажэлка падчас чарговага сьледзтва па Курапатах назваў гэтую лічбу, сказаўшы, што гэта іх дадзеныя. Ніхто не пацьвярджаў гэтыя дадзеныя па Курапатах. Іх не пацьвярджае нават тая лічба, якая называецца па выніках сьледзтва 1988 году, калі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч у раскопках удзельнічалі. Іоў нядаўна яшчэ раз пацьвердзіў, што паводле ягоных падлікаў з улікам мясцовасьці каля 30 тысяч чалавек былі расстраляныя ў Курапатах. А тут называецца лічба ўсіх расстрэлаў па Беларусі — нібыта 30 тысяч. А лічба 7,5 тысяч ніякімі крыніцамі не пацьверджаная.

«​Уражаньне, што паступіла ўстаноўка зафіксаваць лічбу па Курапатах у межах 7 тысяч»​

— З чым вы зьвязваеце гэтую заяву афіцыйнага гісторыка?

— У мяне ўражаньне, што паступіла ўстаноўка зафіксаваць лічбу па Курапатах у межах 7 тысяч. Прайшло з 1994 году чвэрць стагодзьдзя, колькі было рэабілітавана, колькі дакумэнтаў зьявілася, колькі лёсаў было ўстаноўлена, і гэта не было ўлічана. Марзалюк агучвае інфармацыю Адамушкі. Ён жа доктар навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук. Як жа можна агучваць лічбы 1994 году праз 25 гадоў? Я кажу як чалавек, які 30 гадоў займаецца гэтымі праблемамі. Гэта амаральна.

Марзалюк камэнтуе сытуацыю ў Курапатах, называе лічбы рэпрэсій. Чалавек, які ніколі гэтай тэмай не займаўся. Пры гэтым хай бы ён агучваў нейкую дадатковую інфармацыю, атрыманую з кампэтэнтных крыніцаў. Ён жа дэпутат Палаты прадстаўнікоў, мае магчымасьць пісаць запыты ў КДБ і іншыя органы. Я яго ведаў я прыстойнага чалавека 10-15 гадоў таму. Што зь ім стала? І ўвогуле як можна агучваць лічбы, якія ты не разумееш. Ён нават як археоляг не ўяўляе, што такое Курапаты. Гэтак жа ён тлумачыў, што гэтыя крыжы не стаяць на месцы пахаваньняў. Спэцыяліст вялікі зьявіўся. Мне падаецца, што гэта мэтанакіраваная кампанія. Вельмі сумна, што да яе падключылася і «Советская Белоруссия». У часы Якубовіча ў ёй было па гэтай тэме альбо добра, альбо нічога. Я буду супраціўляцца, бліжэйшым часам буду арганізоўваць навукова-практычны сэмінар па гэтай тэме. Як навуковец я буду адстойваць праўду і абвяргаць гэтых фальсыфікатараў.

«Косткі ўраджэнцаў Беларусі раскіданыя да Калымы»

— Ці можна назваць больш-менш рэальныя лічбы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Беларусі?

— Марзалюк кажа пра 30 тысяч расстраляных. Безь віны расстраляных, з гэтага пачнём. Камуністы кажуць: што гэта за лічбы, статыстычная памылка! Я кажу, што гэта хлусьня, бо гэтыя лічбы вымяраюцца дзясяткамі тысяч. Мы ніколі не даведаемся дакладную лічбу, але гэта не зьяўляецца падставай так амаральна сябе паводзіць і ўводзіць у зман усіх астатніх.

Спачатку мы гаварылі толькі пра тых, хто быў рэпрэсаваны і расстраляны на тэрыторыі Беларусі. Але ж падчас калектывізацыі зь Беларусі ў аддаленыя рэгіёны СССР паводле афіцыйных дадзеных, было выслана да 300 тысяч чалавек. Зь іх па маіх падліках у заходняй Сібіры аказалася каля 48 тысяч ураджэнцаў Беларусі, якіх выслалі ў 1929, 1930, 1931 гадах. З гэтых 48 тысяч было расстраляна па пастановам «троек», «двойкі» і «особого совещания» у 1937–38 гадах 26 тысяч чалавек. Мы ня лічым, што нехта памёр сваёй сьмерцю. Таму гэта вялізарныя лічбы. Гэта — нашыя людзі, якія былі высланыя кудысьці і там фізычна зьнішчаныя. Гэта толькі адзін рэгіён — заходняя Сібір, але ёсьць іншыя рэгіёны. Калі мы ўсё гэта складзем... Косткі ўраджэнцаў Беларусі раскіданыя да Калымы.

Ёсьць розная мэтодыка падлікаў. Ёсьць падлікі, якія адбываюцца афіцыйна, тут ня лічыцца ссылка і высылка, якая не зафіксаваная дакумэнтальна, тут ня лічыцца пазбаўленьне выбарчых правоў, ня лічыцца закон аб пяці каласках, па якім у Беларусі расстраляна больш за 14 тысяч чалавек, ня лічацца дзеці і жонкі «ворагаў народу». Колькі мы ўжо дадалі катэгорый? Атрымліваецца, што колькасьць расстраляных з гэтых 30 тысяч імкліва дайшла да 60 і болей тысяч чалавек. І гэта ўсё віды рэпрэсій у Беларусі, уключаючы і тыя, якія не ўвайшлі ў гэтую статыстыку. Паводле маіх падлікаў, пацярпелі ад рэпрэсіяў ня менш за 1 мільён 600 тысяч чалавек. Я не магу казаць з дакладнасьцю да тысячы. Афіцыйна называецца 600 тысяч, у мяне атрымліваецца значна больш. Тая ж карціна і што да расстрэлаў.

«У КДБ Беларусі мне сказалі, што я ніколі доступу ў іхны архіў не атрымаю»

— Якімі крыніцамі вы карысталіся раней, калі гэта было адносна магчыма, і як адбываецца ваша праца як дасьледніка цяпер?

— Пачаткова я інфармацыю атрымаў, калі пяць гадоў працаваў у Томску, дзе абараняў дысэртацыю ў Томскім унівэрсытэце. Сам я — ураджэнец Беларусі, часова там знаходзіўся. Я пісаў кандыдацкую на матэрыяле сібірскага рэгіёну, вывучаў і беларускі матэрыял. У 1990-1991 гадах КДБ мне ня даваў доступу да сваіх архіваў у Новасібірску і Томску. А пазьней кемераўскае ўпраўленьне ФСБ дало доступ. Пракурор Томскай вобласьці запрашваў справы, я прыходзіў у пракуратуру і знаёміўся зь імі. Я працаваў у дзяржаўным архіве Расеі ў Маскве з матэрыяламі па ГУЛАГу. Шмат матэрыялаў, якія я публікаваў і дагэтуль публікую, гэта па беларусам, якія былі ў ссылцы ў Сібіры.

Я вярнуўся ў Менск у 1993 годзе. У 1994 годзе зьвярнуўся ў КДБ, і там мне сказалі, што я ніколі доступу ў іхны архіў не атрымаю. Я гэтыя спробы не прадпрымаў да лютага 2017 году, калі ў газэце «Советская Белоруссия» адбыўся круглы стол «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», прысьвечаны Курапатам. І тады адбылася вочная сустрэча зь першым намесьнікам старшыні КДБ. Я прапанаваў скласьці працоўную групу з гісторыкаў і супрацоўнікаў камітэту. Па гэтым пытаньні перамовы вяліся роўна два гады. Я раз на год сустракаюся, мне тлумачаць нешта, праз год я ізноў прыходжу, а воз і цяпер там. Такі ў мяне доступ да архіву КДБ.

Многія дакумэнты мы ніколі ня знойдзем, і гэта не зьяўляецца падставай гаварыць, што людзі не былі расстраляныя, не былі высланыя, не былі зьнішчаныя. Няма дакумэнтаў, але ёсьць вусная гісторыя, ёсьць успаміны, ёсьць ускосная інфармацыя, і таму толькі гэты шлях застаецца. Тым больш пасьля адказу КДБ у сакавіку 2018 году пра тое, што КДБ ня мае інфармацыі пра месцы масавых расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі пэрыяду 1930–40-х гадоў. Рыса была падведзеная.

«Чаму мяне не пускалі і ніколі не пусьцяць? Таму што я ведаю, што там знаходзіцца»

— У свой час Павал Якубовіч, карыстаючыся сувязямі, здабыў з архіваў КДБ справу маці Маі Кляшторнай...

— Гэта справа пра АЛЖИР (Акмолінскі лягер жонак здраднікаў радзімы — РС). Толькі адзін эпізод, і то дзякуючы таму, што Якубовіч праявіў ініцыятыву. І ўсё. Сыстэмнай работы няма. У архіў КДБ Беларус і да 1994 году свабоднага доступу гісторыкаў не было. Гісторык пісаў запыт на дазвол папрацаваць з пэўным матэрыялам, прыходзіў, і яму не давалі ніякіх сыстэмных матэрыялаў, справаздачаў. Ён мог працаваць толькі па пэрсаналіях. У справе, якую выдавалі для азнаямленьня (тая ж Стужынская, Процька могуць пацьвердзіць) на непатрэбныя старонкі адзяваліся канвэрты. І гэта называлася, што гісторык працаваў у архіве КДБ. У іх нават вопісу няма, каб паказаць. Свае сакрэты ёсьць. І гісторыкі ня ведалі, што ў архівах знаходзіцца.

А чаму мяне не пускалі і ніколі не пусьцяць? Таму што я ведаю, што там знаходзіцца ці знаходзілася прынамсі. Таму ня трэба ўспамінаць 90-я гады і казаць, што быў пэрыяд, калі 10-12 гісторыкаў хадзілі ў архіў КДБ і атрымлівалі вычарпальную інфармацыю. КДБ за ўсе гады, і ў 1988 годзе, і ў 1998 годзе, калі сьледзтва праводзіла Ваенная пракуратура, не выдала ніводнага дакумэнту, зьвязанага з Курапатамі — ні па лякалізацыі месцаў пахаваньняў, ніводнага прозьвішча... Два прозьвішчы, якія мы ведаем, гэта вынік сьледзтва Ваеннай пракуратуры ў 1998 годзе.

І на гэтым тле камэнтаваць пра 7 ці 30 тысяч расстраляных? Я раблю афіцыйную заяву, што гэта фальсыфікацыя. Мала таго, што статыстыка НКВД скажоная, многія дакумэнты зьнішчаныя, дык амаральным зьяўляецца стварэньне перашкодаў тым, хто спрабуе ўстанавіць хоць якія прагнозныя лічбы. Гэта набывае форму пэўнай дзяржаўнай палітыкі.

— Калі казаць пра беларускіх ахвяраў рэпрэсій, варта разумець, што большасьць людзе былі зь БССР накіраваныя ў ГУЛАГ, у лягеры, якія не знаходзіліся ў Беларусі.

— Я аналізаваў дадзеныя па ўсёй заходняй Сібіры, колькі беларусаў там было, і колькі загінула ў адным толькі рэгіёне. А была яшчэ Калыма, быў Далёкі Ўсход... Але пакуль мы гаворым пра колькасьць ахвяраў менавіта на тэрыторыі Беларусі. Зробім статыстыку. Па так званай польскай апэрацыі 1937 году афіцыйна ў Беларусі была арыштаваная 21 тысяча 407 чалавек. Зь іх расстраляна 19 тысяч 100 чалавек. Гэта афіцыйныя дадзеныя, дакумэнты знаходзяцца ў Нацыянальным архіве. Толькі па адной польскай апэрацыі (жнівень 1937 году, верасень 1938 году) амаль 20 тысяч. А цяпер прыбаўляем. Афіцэры польскай арміі — 3 870 прозьвішчаў, так званы цывільны сьпіс (чыноўнікі польскай адміністрацыі і гэта далей) расстрэлы з 1940 году, гэта яшчэ парадку 6-7 тысяч. Лічба імкліва павялічваецца. Зьвярніце ўвагу, мы гаворым толькі пра 1937-1938 гады. З ліпеня 1937 па лістапад 1938 году НКВД БССР арыштавала, па афіцыйным дадзеным НКВД, 54 845 чалавек, зь іх ня менш 27 391 (афіцыйна) было расстраляна. Без уліку нацыянальных апэрацый — польскай, латыскай, нямецкай. Дык якая ж лічба 30 тысяч?

1930 гады, пэрыяд калектывізацыі, 1936 год — расстрэлы, 1937-1938 гады — расстрэлы. 1940 год — расстрэлы. Калі ўсё гэтыя лічбы мы проста мэханічна складзем (падкрэсьліваю, я называю толькі лічбы з афіцыйных дакумэнтаў) гэтая лічба выходзіць далёка за 70 тысяч. Але большасьць дакумэнтаў схавана, зьнішчана ўжо падчас чыстак, якія праводзіліся з 1953 году. Было каля 4 шырокамаштабных чыстак. А колькі яшчэ чыстак КДБ было ўжо пасьля 1994 году, мы можам толькі здагадвацца. Таму сёньня ўсё размовы пра 7 тысяч, пра 30 тысяч ня маюць пад сабой ніякіх падставаў. Нават пра 70 тысяч ня будзе мець падставаў... Па паказаньняў двух былых наркамаў НКВД Наседкіна і Малчанава, толькі з пэрыяд, калі НКВД БССР узначальваў Барыс Берман, было расстраляна 80 тысяч чалавек.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG