Сьледзтва кажа, што какаін распушчалі ў віне ці роме і перавозілі ў закаркаваных пляшках. Яшчэ траіх жыхароў гэтай жа вёскі раней затрымалі ў Нямеччыне па такім жа абвінавачаньні.
Што адбываецца ў судзе
У судзе Гомельскага раёну працягваецца разгляд крымінальнай справы пра «какаін у віне». Жыхароў вёскі Пакалюбічы абвінавацілі ў перавозцы какаіну з Дамініканскай Рэспублікі. Паводле абвінавачаньня, вяскоўцы ўваходзілі ў склад міжнароднай злачыннай групы. Какаін яны перавозілі раствораным у віне.
Абвінавачанаму Андрэю 44 гады, Леаніду — 30. Абодва — жыхары вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёну. Апошнія тры гады жылі і працавалі ў расейскім Санкт-Пецярбургу.
Сваякі кажуць, што на радзіме ім не знайшлося працы, і яны падаліся ў Расею. Часам прыяжджалі да сваякоў у Пакалюбічы.
«Прыехалі і летась у траўні — бульбу саджаць. Іх на мяжы затрымалі нібыта за наркотыкі. Мы ў гэта ня верым! Яны былі ў Дамініканскай Рэспубліцы, па пуцёўцы, адпачывалі. Везьлі алькаголь адтуль, і каву нам прывозілі дамініканскую. Бутэлькі былі з заводу, не пашкоджаныя. Ці мала хто што туды падсыпаў, ці прасіў перадаць тыя бутэлькі? Леанід ніколі не зьвязаўся б з наркотыкамі», — кажа маці аднаго з абвінавачаных.
Андрэй і Леанід адмаўляюць сваю віну цалкам. Пракурор папрасіў суд прызнаць іх вінаватымі і пакараць вялікімі тэрмінамі пазбаўленьня волі. Для 44-гадовага Андрэя абвінавачаньне папрасіла 16 гадоў пазбаўленьня волі, для 30-гадовага Леаніда — 12 гадоў.
На судзе 11 кастрычніка зачыталі даведку зь СІЗА наконт стану здароўя абвінавачанага Андрэя. Паводле лекараў СІЗА, ён пакутаваў на бяссоньніцу і нэўратычныя праявы, а таксама рабіў спробы суіцыду.
Што кажа Сьледчы камітэт
Сьледчы камітэт паведамляў, што абвінавачаных затрымалі ў траўні 2018 году ў пункце пропуску «Новая Гута». Пры сабе беларусы мелі бутэлькі зь віном, у якім быў раствораны какаін. Паводле сьледзтва, у Дамініканскай Рэспубліцы жыве ўкраінец, які закупляў какаін у мясцовых, а беларусы, якія прыяжджалі на курорт як турысты, перавозілі наркотык раствораным у віне ці роме.
Начальнік аддзелу па супрацьдзеяньні міждзяржаўнаму наркатрафіку Галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Аляксандар Высоцкі казаў, што група займалася пастаўкамі какаіну з Лацінскай Амэрыкі ў Беларусь і Расею.
Перад затрыманьнем беларусаў на «Новай Гуце» ў аэрапорце Франкфурта-на-Майне паліцыя арыштавала трох чалавек, якія дзейнічалі па падобнай схеме — везьлі какаін, раствораны ў алькаголі.
«Самае цікавае — тыя трое таксама з гэтай жа вёскі (Пакалюбічы. — РС), адкуль і затрыманыя на беларускай мяжы. Што гэта — выпадковасьць ці сьведчаньне ўдзелу нашых грамадзян у дзейнасьці міжнароднай арганізаванай групы?» — казаў Аляксандар Высоцкі.
Праваахоўныя органы не ўпершыню ловяць перавозчыкаў «какаіну ў віне». У 2015 годзе за падобнае злачынства затрымалі расейцаў, жыхароў Санкт-Пецярбургу. У 2018 годзе суд прысяжных апраўдаў іх, палічыўшы, што злачынства не было даказана.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.