Дакумэнтальны фільм «Дэбют» рэжысэркі Настасьсі Мірашнічэнкі ўвайшоў у лонг-ліст прэміі «Оскар» у намінацыі «Найлепшы міжнародны фільм».
Сёлета намінацыя «Найлепшы фільм на замежнай мове» была перайменаваная ў «Найлепшы міжнародны фільм», а кароткі сьпіс пашырылі з 9 да 10 фільмаў. У доўгі сьпіс у гэтай намінацыі трапілі карціны з 93 краінаў, у тым ліку ўпершыню — Гана, Нігерыя і Узбэкістан.
Кароткі сьпіс будзе абвешчаны 16 сьнежня 2019 году. Намінанты на 92-ы «Оскар» стануць вядомыя 13 студзеня 2020 году.
Пра што фільм?
Дзеяньне дакумэнтальнага фільму «Дэбют» рэжысэркі Настасьсі Мірашнічэнкі адбываецца ў папраўчай калёніі Гомлі, дзе ў няволі каля паўтары тысячы жанчын. Ня страціць сябе за кратамі жанчынам дапамагаюць рэпэтыцыі спэктаклю, прэмʼера якога адбывалася ў Гомельскім драматычным тэатры. Дзеля дэбюту асуджаныя ўпершыню за працяглы час на некалькі гадзінаў пакінулі тэрыторыю калёніі.
Раней на «Оскар» ад Беларусі ў Амэрыканскую кінаакадэмію адпраўлялі 3 фільмы:
- у 1994 годзе беларуска-французскі «Я — Іван, ты — Абрам» Іяланды Зобэрман;
- у 1996-м — расейска-беларуска-нямецкі фільм Дзьмітрыя Астрахана «Зь пекла ў пекла»;
- у 2018-м — фільм Дарʼі Жук «Крышталь».