Агулам у Беларусі апазыцыя падрыхтавала 401 ахвотнага працаваць ва ўчастковых камісіях, але толькі трое зь іх будуць удзельнічаць у падліку бюлетэняў.
Адметны прыклад Горадні. Партыя БНФ там вылучыла ва ўчастковыя выбарчыя камісіі 32 прэтэндэнтаў. Ніводнага туды не ўключылі. 32 камплекты дакумэнтаў нават не разглядаліся на пасяджэньнях адміністрацыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў.
І з боку ўладаў, як ні дзіўна, фармальных парушэньняў выбарчага заканадаўства няма. Падстава: у ніводнай з заявак ня быў пазначаны нумар акругі, у якую вылучаліся прадстаўнікі партыі. Высьветлілася, што актывісты адной з найстарэйшых партый Беларусі на гэта проста не зьвярнулі ўвагі.
Гэты эпізод — не адзіны ў сёлетняй кампаніі. І ўлады не прапускаюць нагоды скарыстацца такой неахайнасьцю.
Мілінкевіч: Палова апазыцыі, на вялікі жаль, — людзі неарганізаваныя
Апазыцыйныя актывісты, у якіх я спрабаваў высьветліць, чаму так атрымалася, найперш скардзіліся на праблемы зь фінансаваньнем. Маўляў, адсутнасьць грошай не дазволіла арганізаваць трэнінгі і сэмінары.
Мне гэты аргумэнт не падаецца пераканаўчым. Па-першае, у кожнай апазыцыйнай партыі дастаткова людзей, якія ўдзельнічалі ў падобных трэнінгах раней. Па-другое, «праколы», падобныя да гарадзенскага, фіксаваліся на розных папярэдніх выбарах, а ня толькі сёлета.
Заснавальнік і першы кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, зь якім я гэта абмяркоўваў, кажа, што гарадзенскіх апазыцыянэраў ён ведае асабіста. Сумленныя, добрыя, сьвядомыя. Але многія зь іх, на жаль, людзі неарганізаваныя:
«Канечне, ім казалі, як трэба запаўняць дакумэнты. Але іх падвяла неарганізаванасьць, неакуратнасьць, легкадумнае стаўленьне да запаўненьня „паперак“. Няма ў іх адпаведнай школы. Яны лічаць, што галоўнае — гэта адданасьць справе беларускага адраджэньня. А ўсё астатняе нібыта прыкладзецца само па сабе».
Я думаю, што да гэтага трэба абавязкова дадаць яшчэ адзін чыньнік. Гэта псыхалягічная стомленасьць апазыцыі, якая нарастае з кожнай няўдалай выбарчай кампаніяй. Людзей можна зразумець: яны стараюцца, змагаюцца, а станоўчага выніку няма. Дэмакратычныя актывісты сутыкаюцца з адным і тым жа — улады праводзяць выбары паводле свайго сцэнару. Адсюль і апатыя — што ні рабі, усё роўна ўлада «выруліць» так, як захоча. А значыць, невялікая бяда, калі і сам нешта не даробіш.
«Барыкадная» псыхалёгія
Як ні дзіўна, але і дзейнае выбарчае заканадаўства расхалоджвае партыйных вылучэнцаў. Чальцам партыяў няма патрэбы зьбіраць, як іншым патэнцыйным прэтэндэнтам, мінімальную тысячу подпісаў выбарнікаў сваёй акругі. Дастаткова, каб іх вылучылі кандыдатамі на зьезьдзе.
Аднак, калі партыі маюць такія прэфэрэнцыі і фактычна прапускаюць адказны этап выбарчай кампаніі — збор подпісаў, тады ў іх, паводле лёгікі, павінна заставацца болей сілаў і часу на іншыя этапы выбараў. У тым ліку і на вылучэньне сваіх актывістаў у камісіі. Тым больш што любы дакумэнт, які апанэнт улады нясе ва ўладныя структуры, як правіла, разглядаецца там праз павелічальнае шкло.
На практыцы, аднак, выходзіць найчасьцей інакш. У некаторых сытуацыях маглі б выручыць чалавечыя кантакты. Былі б яны — можа, і ў выбарчай камісіі зьвярнулі б увагу на недарэчнасьць з забытымі нумарамі акругаў, падказалі б, як выправіць пралік. Але «барыкадная» псыхалёгія пануе і тут...
Што скажа БДІПЧ
Праз тыдзень у Беларусі зьявяцца першыя доўгатэрміновыя назіральнікі зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Згодна са сваімі прынцыпамі і правіламі яны абавязкова сустрэнуцца з прадстаўнікамі і ўлады, і апазыцыі.
Лёгка прагназаваць (бо так бывае кожны раз), пра што ім будуць казаць у двух гэтых лягерах. Дэмакраты пачнуць скардзіцца на тое, што іх па-ранейшаму заціскаюць, нікуды не ўключаюць і г. д. І назавуць пры гэтым розныя красамоўныя лічбы. Іх апанэнты, найперш старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, будуць апраўдвацца: маўляў, апазыцыя вылучае ў тыя ж камісіі непадрыхтаваных і неарганізаваных асобаў. А ў якасьці доказаў распавядзе пра гарадзенскі ды іншыя ў чымсьці падобныя прыклады.
І як на гэта будуць рэагаваць міжнародныя назіральнікі? Іхныя справаздачы, спачатку прамежкавыя, а затым і канчатковая, — гэта найперш пералік фактаў і лічбаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».