Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Клоўнамі быць ня хочам» — як прайшоў мітынг Статкевіча ў цэнтры Менску


Выступае Мікола Статкевіч
Выступае Мікола Статкевіч

«Агнявы» палітычны пэрформанс, сьпевы Шнурава і спрэчкі з прыхільнікам «рускага міра» — мітынг Мікалая Статкевіча ў цэнтры Менску сабраў больш за сотню ўдзельнікаў.

«Статкевіч толькі можа лідэрам быць! Так ён нас добра вадзіў» — галосіць на ўсю плошчу Свабоды сталая наведніца мітынгаў спадарыня Алена, кідаючыся да свайго куміра.

Спадарыня Алена і Мікола Статкевіч
Спадарыня Алена і Мікола Статкевіч

Статкевіч анансаваў мітынг на 14.00 у нядзелю ў самым цэнтры Менску. Фармальна — гэта пікет па зборы подпісаў на карысьць кандыдатаў ад Народнай грамады. Напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў 17 лістапада беларуская апазыцыя скарысталася сваім правам выйсьці да людзей. Для Народнай грамады, як скажа пазьней Статкевіч, гэта ўжо 23 падобны «мітынг» па ўсёй краіне.

«А ў вас судзімасьць здымуць? Зможаце прэзыдэнтам быць? — не стамляецца дапытваць Статкевіча спадарыня Алена.

«Я ў Лукашэнку буду пытацца ці што?!» — абнадзейвае яе Статкевіч.

«Я ж за Лукашэнку галасавала, дапамажыце ж яго прыбраць, каб я памерла спакойна», — кажа спадарыня Алена. — Хаджу-хаджу, ніякога толку нету".

Сам лідэр «Народнай грамады» перад пачаткам мітынгу раздае інтэрвію, вітаецца з паплечнікамі і тымі, хто прыйшоў яго падтрымаць. Такіх набралася больш за сотню.

«Я праехаў усю Беларусь — 19 гарадоў, 19 такіх мітынгаў. Сотні людзей размаўлялі са мной. Я магу вам сумленна сказаць — нас мільёны!, — упэўнена прамаўляе з трыбуны Статкевіч. — Нас 90-95 адсоткаў супраць гэтай нікчэмнай купкі, якія селі нам на шыю».

Ён папярэджвае, што «Лукашэнка гандлюе Беларусьсю».

«Якое мае права гэты чалавек прадаваць наш народ, нашу дзяржаву!» — гучыць з «трыбуны».

У гэты момант супрацоўнікі праваахоўных органаў спрабуюць прымусіць маладзёнаў у камуфляжы адкрыць твары, прыкрытыя шалікамі. Адразу за імправізаванай сцэнай яны разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. Сярод іх абаронцы Курапат Дзяніс Урбановіч і Іларыён Трусаў. Канфлікт канчаецца нічым — на актыўную просьбу прад’явіць дакумэнты міліцыянты рэціруюцца. Супрацоўнікаў у цывільным на мітынгу на вока як мінімум некалькі дзясяткаў. Некаторыя, як звычайна, усё здымаюць на відэакамэры.

А вось простых мінакоў амаль няма. Група школьнікаў са Смаленску прыехалі пазаўзець на сёньняшні хакейны матч, спыніліся паслухаць мітынг. Кажуць, што ў Беларусі ўсё вельмі прыгожа, асабліва ў параўнаньні зь іхным горадам.

«Лічыцца, што Ўкраіна для нас вораг, а зь Беларусьсю мы заўжды сябры, заўжды падтрымліваем. Думалі, што паміж нашымі краінамі няма канфліктаў, а тут паслухалі — і высьвятляецца, што ня ўсё так думаюць», — кажуць яны. У магчымасьць абʼяднаньня Беларусі і Расеі хлопцы ня вельмі вераць. «Гэта проста нечыя мары», кажуць.

Мянчанкі Софʼя і Ліза прыйшлі на мітынг разам з бабуляй Рэгінай.

«Я ім сёньня сказала: можаце не хадзіць, бо што толку — нічога не памяняецца, — кажа бабуля. — Я маладая была, наперадзе ўсіх хадзіла, яшчэ калі тысячныя акцыі ішлі па праспэкце».

«Паважаем Мікалая Статкевіча як магчымага кандыдата, — тлумачыць сваё рашэньне Соф’я. — Ня можам быць абыякавымі да таго, што адбываецца». Іншых кандыдатаў яна ня ведае. У выбарах удзельнічаць зьбіраецца, але не ўпэўненая, што яе голас будзе ўлічаны.

«У мяне радыкальнае меркаваньне», — ацэньвае пэрспэктывы зьменаў у Беларусі 16-гадовая Ліза. У яе ярка-сінія валасы і доўгі чорны скураны плашч. — Усё зьменіцца толькі пасьля сьмерці таго, каго нельга называць. Маім аднагодкам абсалютна пляваць на тое, што адбываецца ў краіне і што будзе далей. Усе кажуць, што магло б быць горш. Яны ніколі нікуды ня ходзяць, нічога ня ведаюць«.

Але наконт аб’яднаньня з Расеяй у асяродзьдзі і старэйшай і малодшай сястры адгукаюцца нэгатыўна. «Усе кажуць, што гэта нам непатрэбна», — кажа Соф’я.

«Усе застаёмся на кухонных размовах — вось што самае страшнае», — заключае іх бабуля Рэгіна. — Вы ж ведаеце, што адбываецца з тымі, хто наважваецца выйсьці і нешта сказаць«.

«Гэты рэжым пачаў кавалкам прадаваць беларускую незалежнасьць, — тым часам кажа ў сваёй прамове лідэр БХД Павал Севярынец — Усе гэтыя шушуканьні пра інтэграцыю, супольную валюту, супольныя банкі, мне нагадваюць толькі адно: бандыты шушукаюцца, каб падзяліць нарабаванае дабро. Гэтыя нарабавалі тут. Крамлёўскія нарабавалі ў неабмежаванай Расеі. Бандытызму ў Беларусі не бываць! Мы з вамі вялікі народ. Мы нашчадкі вялікай хрысьціянскай цывілізацыі — Вялікага княства Літоўскага».

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Ён заклікае «дарагіх сяброў», а найперш «сапраўдных мужчынаў» рыхтавацца да абароны незалежнасьці. Папярэджвае пра тое, што 8 сьнежня могуць быць падпісаныя інтэграцыйныя памеры паміж Лукашэнкам і Пуціным. Заклікае выйсьці на вуліцы і абараніць незалежнасьць, як гэта было вясной 1996 года, калі «беларусы не далі паглынуць сябе».

Сустаршыня Руху Салідарнасьці «Разам» Алена Талстая, якая выступае пазьней, кажа, што калі цяпер нічога не зрабіць, то «давядзецца выйсьці на вуліцы, але ўжо са зброяй».

Вакол вялізнага бел-чырвона-белага сьцяга адбываецца невялікі канфлікт. «Праваслаўны манархіст» сталага веку спрабуе патлумачыць маладым людзям розьніцу паміж «фашызмам» і «нацызмам». «Чаму людзі з Украіны бягуць у Расею?» — пытаецца ён у іх.

Старшыня Руху Салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе кажа, што плошча Незалежнасьці некалі будзе плошчай Каліноўскага і заклікае беларусаў прыехаць са сваімі сьцягамі на перапахаваньне ягоных парэштак у Вільню 22 лістапада.

Іларыён Трусаў
Іларыён Трусаў

Няпоўнагадовы актывіст «Маладога фронту» Іларыён Трусаў таксама выступае на мітынгу са словамі пра важнасьць абароны незалежнасьці Беларусі і дзякуе Госпаду.

«Заклікаю ўсіх падтрымліваць у сацсетках, рабіць пасты ў фэйсбуку, пісаць Вконтакте іншых сацыяльных сетках. Рабіць хаця б такую мінімальную дзейнасьць. Калі чалавек можа — няхай выходзіць на плошчу, арганізоўвае рух у сваім горадзе».

У гэты момант маладзёны атрымліваюць перамогу над «праваслаўным манархістам». «Абвесьцяць гэтаксама, як ЛНР-ДНР, Віцебшчыну і Магілёўшчыну, і вы пачняце там забіваць рускіх людзей», — крычыць ён. «Колькі вам заплацілі», — пытаюцца ў яго ўдзельнікі мітынгу. І выпраўляюць са словамі «ганьба» і «чамадан, вакзал, Расея».

Мітынг падыходзіць да кульмінацыі. «Галоўная задача нашай партыі — прыйсьці да ўлады. Мы разам з Беларускім нацыянальным кангрэсам, высоўваем Мікалая Статкевіча ў прэзыдэнты Беларусі. Мы сабралі ўжо ініцыятыўную групу з трох з паловай тысяч чалавек і можам скажаць ужо зараз, што мы гатовыя да прэзыдэнцкіх выбараў», — кажа сябар Народнай грамады Сяргей Спарыш і просіць сяброў ініцыятыўных груп і кандыдатаў падыйсьці да яго.

Удзельнікі выбарчай кампаніі ад Народнай грамады зьбіраюць у купку свае пасьведчаньні, выдадзеныя ЦВК, і падпальваюць. Лёгкія паперкі весела гараць пад у момант уключаную песьню «Выбары» расейскага гурта «Ленинград».

«Выбары-выбары, кандыдаты-п....ы», — нясецца над цэнтрам Менску.

«Не шкада вам сваёй працы?», — пытаемся ў сяброўкі ініцыятыўнай групы Вікторыі, якая адной з апошніх кладзе свае пасьведчаньні.

«Зусім не шкада! Але верым, што „не зра“! У нас жа ж няма выбараў, ужо даўно ўсё прызначана. А гэты „цырк“, што з выбарам дэпутатаў наладжваюць, дык мы ў ім не ўдзельнічаем».

«Мы ня хочам удзельнічаць у гэтым спэктаклі, які ня мае сэнсу», — паўтарае Статкевіч. Кажа, што выкарысталі гэтую легальную сытуацыю напоўніцу. Правялі мітынгі ў 23 гарадах, мелі 36 ініцыятыўных груп. «Гэта было крута! Мянтоў-ціхароў ганялі, людзей падымалі», — згадвае Статкевіч. Але далей «быць клоўнамі» у гэтай кампаніі яны ня хочуць.

Палітык паўтарае, што ўжо сабраў тры з паловай тысячы сяброў у сваю ініцыятыўную групу на прэзыдэнцкія выбары. «Зараз пачнецца набор праз закрыты сайт у інтэрнэце. Будзе 10 тысяч, — працягвае Статкевіч. — Мы панясем гэта на плошчу незалежнасьці, там сядзіць мадам Ярмошына. Заклікаем усю ініцыятыўную групу прыйсьці. І будзем чакаць і ня сыйдзем».

«Мая незаконная судзімасьць, якую ён мне падвесіў, гэта ягоная цяпер праблема. І ён пашкадуе пра гэта, я вам гарантую», — абяцае Мікалай Статкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG