Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вызначылі, як вяртаць мігрантаў на радзіму, калі яны самі таго хочуць


У лягеры чачэнскіх уцекачоў пад Берасьцем, 2016 год
У лягеры чачэнскіх уцекачоў пад Берасьцем, 2016 год

Міністэрства ўнутраных спраў і Памежны камітэт Беларусі, а таксама Міжнародная арганізацыя міграцыі (IOM) падпісалі пратакол аб намерах на тэму супрацы ў добраахвотным вяртаньні замежнікаў на радзіму, піша БелТА.

Цяпер вызначаны парадак дзеяньняў дзяржаўных органаў у выпадку, калі мігрант-замежнік захоча вярнуцца зь Беларусі на радзіму ці ў краіну сталага пражываньня. IOM возьме на сябе фінансавую, адміністрацыйную і лягістычную дапамогу мігрантам, а зь беларускага бюджэту грошы на гэта выдаткоўвацца ня будуць.

Калі мігрант аказаўся ў «цяжкай жыцьцёвай сытуацыі», IOM можа нават аплаціць яму квіток на радзіму. У бюджэце праекту прадугледжаныя сродкі на вяртаньне каля 300 чалавек.

Прадстаўнік IOM Зэйнал Гаджыеў адзначыў, што многія мігранты, якіх выслалі зь Беларусі, маглі б пазьбегнуць працэдуры высылкі і легальна вярнуцца на радзіму, калі б яны проста мелі неабходную інфармацыю. А з пачатку году зь Беларусі выслалі больш за 1050 чалавек, дэпартавалі 780.

Цяперашні праект таксама прадугледжвае будаўніцтва двух «цэнтраў часовага ўтрыманьня» замежнікаў — на 40 чалавек у Полацкім памежным атрадзе і на 72 чалавекі ў раёне Нацыянальнага аэрапорту. Першы маюць пачаць будаваць у красавіку 2020 году і завяршыць працы да канца году. Таксама да канца году плянуюць вызначыць, дзе дакладна будзе другі цэнтар.

З 2007 па 2011 год у Беларусі ўжо дзейнічала падобная праграма, тады вярнуцца на радзіму дапамаглі 140 замежнікам. Сёлета ўжо 15 мігрантаў скарысталіся дапамогай IOM у межах праекту Эўразьвязу, каб выехаць зь Беларусі.

Агулам праект накіраваны на тое, каб Беларусь была гатовая да дзеяньня пагадненьня аб рэадмісіі з Эўразьвязам. Частка праекту накіраваная таксама на ўнясеньне правак у заканадаўства па статусе замежнікаў — чакаецца, што Палата прадстаўнікоў разгледзіць іх на восеньскай сэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG