Пракурор Гомельскай вобласьці Віктар Марозаў апратэставаў у прэзыдыюм Гомельскага абласнога суду пастанову аб высылцы жыхара Буда-Кашалёўскага раёну грамадзяніна Расеі Ўладзімера Траўтэра.
38-гадовага Ўладзімера высылаюць зь Беларусі на 5 гадоў за правапарушэньні — адпаведныя рашэньні прынялі раённы і абласны суд.
Інтарэсы расейца ў судзе ды іншых інстанцыях прадстаўляў праўны інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. Пратэст пракурора ён лічыць перамогай. Пракурор просіць абласны суд скасаваць раней прынятае рашэньне і накіраваць справу на новы разгляд.
Леанід Судаленка пасьля рашэньня абласнога суду, які зацьвердзіў высылку, падаваў скаргу ў парадку нагляду на імя старшыні гэтага суду, дзе таксама прасіў скасаваць пастанову аб высылцы ў інтарэсах сям’і Траўтэра.
Пракурор Віктар Марозаў у пратэсьце спасылаецца на тое, што суд не ўлічыў інтарэсаў непаўналетняга сына Ўладзімера. Таксама пракурор зазначыў, што Ўладзімер Траўтэр быў пазбаўлены правоў на кіраваньне аўтамабілем. Гэта значыць, лічыць Марозаў, што ён больш ня зьдзейсьніць правапарушэньне — кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Менавіта за гэта расейца пакаралі высылкай з Беларусі.
Уладзімір Траўтэр жыве ў Беларусі з 1993 году. Ён пабраўся шлюбам зь беларускай Марыяй. Цяпер іхнаму сыну 17 гадоў. У суседняй вёсцы жывуць старая хворая маці Ўладзіміра і яго айчым.
Траўтэры зрабілі ў сваім доме рамонт, трымаюць сьвіней і курэй, апрацоўваюць 70 сотак зямлі. Уладзімер 17 гадоў робіць жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы, ягоная жонка — прыбіральніцай у школе.
У лютым яго аштрафавалі і забралі правы за кіраваньне аўтамабілем з астаткавым алькаголем у крыві. Пасьля гэтага аддзел грамадзянства і міграцыі РАУС вырашыў выслаць Траўтэра на пяць гадоў. Абскарджаньні ў судах не прынесьлі плёну.
«Гэта добрая навіна! Калі суд задаволіць пратэст пракурора, то Ўладзіміра пакінуць жыць тут. Яму ўжо Буда-Кашалёўскі РАУС працягнуў рэгістрацыю — на час разгляду справы ў судах», — дадаў праваабаронца.
Нагадаем, 13 жніўня Гомельскі абласны суд скасаваў рашэньне аб высылцы грамадзяніна Расеі, жыхара Хойнікаў Сяргея Рэзчыка. Яго высылалі зь Беларусі на 10 гадоў «у інтарэсах грамадзкага парадку»- — за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане.