Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што наступны абмен будзе большы за папярэдні, які адбыўся ў верасьні, калі ва Ўкраіну вярнуліся 35 украінцаў. Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «Права на ўладу» на тэлеканале «1+1».
«Вы бачыце, што нам удалося абмяняць нашых людзей. У бліжэйшы час, я спадзяюся, і гэта літаральна на наступным тыдні, мы плянуем яшчэ больш маштабны абмен», — падкрэсьліў Прыстайка.
7 верасьня Ўкраіна і Расеі ў парадку ўзаемнасьці вызвалілі па 35 вязьняў у сваіх турмах.
У рамках абмену былі вызваленыя 24 украінскіх аракоў, затрыманыя Расеяй у Керчанскай пратоцы летась ў лістападзе, а таксама журналіст Раман Сушчанка (асуджаны за шпіянаж), рэжысэр Алег Сянцоў (асуджаны за тэрарызм), грамадзкі актывіст Аляксандар Кольчанка, актывіст УНА-УНСО Мікола Карплюк, Станіслаў Клых, крымскі прадпрымальнік Уладзімір Балух, выкрадзены ў Беларусі Паўло Грыб, асуджаны ў справе «крымскіх дывэрсантаў» Яўген Паноў, пэнсіянэр Аляксей Сызановіч, блогер Артур Паноў, крымскататарскі актывіст Эдэм Бэкіраў.
Ўкраіна таксама выдала Расеі 35 вязьняў, сярод якіх расейскі журналіст Кірыл Вышынскі, Уладзімір Цэмах — галоўны сьведка ў справе зьнішчэньня малаазійскага Boeing-777, Аляксандар Баранаў і Максім Адзінцоў, былыя ўкраінскія вайскоўцы асуджаныя за дэзэрцірства, расейскі жаўнер Віктар Агееў, падазраваны ў сэпаратызьме Яўген Мефедаў, затрыманы за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку ДНР Ігар Кімакоўскі ды іншыя.