Паўло Грыб быў адным з самых маладых украінцаў, якія 7 верасьня вярнуліся ва Ўкраіну ў рамках абмену «35 на 35», якія правялі Расея і Ўкраіна. Грыб зьнік у жніўні 2017 года ў Гомельскай вобласьці Беларусі: туды, па вэрсіі сваякоў, ён выехаў з Кіева на сустрэчу з дзяўчынай з Расеі, зь якой пазнаёміўся ў інтэрнэце. Паўло (на момант зьнікненьня яму было 19 гадоў) павінны быў вярнуцца ў той жа дзень дадому ў Кіеў, але быў незаконна выкрадзены ў Беларусі расейскімі спэцслужбамі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту на тэрыторыі Расеі. Падставай для абвінавачваньня стала яго перапіска з дзяўчынай: Паўло ў ёй згадаў магчымасьць зладзіць выбух у адной са школ у Сочы, дзе тая жыла.
У сакавіку 2019 году Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд прыгаварыў Грыба да шасьці гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Пасьля вяртаньня ва Ўкраіну Паўло даў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» (цалкам яго можна пачытаць тут) і распавёў дэталі таго, як адбываўся абмен вязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай.
— Якія вашы эмоцыі, уражаньні?
— Я вельмі цешуся, што вярнуўся ва Ўкраіну. Хачу падзякаваць усім, хто прымаў удзел у маім вызваленьні, спадзяюся, што кожнаму змагу асабіста падзякаваць. Гэта вельмі важна для мяне, таму што безь іх падтрымкі, асабліва маіх бацькоў і іх знаёмых, я б не вярнуўся. Магчыма, нехта іншы б вярнуўся, магчыма, не было б гэтага абмену.
— Як адбывалася вашае вызваленьне?
— Я быў этапаваны ў Маскву на самалёце «Аэрофлоту» 16 жніўня, гэта была пятніца. Яшчэ ў самалёце я зразумеў, калі мяне этапуюць у СІЗА Лефортава, хутчэй за ўсё, трэба чакаць абмену. Мае надзеі пацьвердзіліся, калі я прыехаў у Лефортава: там чалавек, які гэтым займаецца, прапаноўваў мне падрыхтаваць усе неабходныя для абмену дакумэнты.
— Што вам казалі?
— Калі мы прыехалі, мяне спыталі: «Ведаеш, навошта цябе сюды прывезьлі?» Я, вядома, здагадваўся, але казаць ім ня стаў. Адказваў проста: «Не, ня ведаю». Потым мне ўжо паказалі, якія дакумэнты трэба падпісваць, і я тады ўжо канчаткова ўсё зразумеў.
— Што вас прасілі падпісаць?
— Дакумэнты, якія датычацца памілаваньня: тэхнічныя пытаньні. Шмат паперак было, усяго каля 18 дакумэнтаў. Я нешта падпісваў, нешта не падпісваў.
— Якія дакумэнты вы не падпісвалі?
— Тыя, якія мне ня трэба было падпісваць. Што трэба, гэта ўсё (абмененыя) падпісвалі. Ведаю, што толькі Кольчанка не падпісваў. Потым «прашманалі» мяне, прыбралі лішнія рэчы, якія яны лічылі непатрэбнымі: зьменную вопратку, лішняе мыла, пластыкавыя талеркі і гэтак далей. Прыбралі ўвесь мой побыт самы неабходны, які я сабраў у самалёт — 30 кіляграмаў, пакінулі толькі мінімальнае. У мяне нават не было ў што пераапрануцца. З таго часу, з 16 жніўня па 3 верасьня, да аўторка таго тыдня ў які мяне вызвалілі, гэтыя рэчы мне не выдавалі.
Калі я ўтрымліваўся ў Лефортава, чакаючы вызваленьня, да мяне прыходзіў не начальнік: напэўна, ня сам начальнік СІЗА, а падпалкоўнік, з дзьвюма зоркамі. Ён гэтым абменам асабіста займаўся і суправаджаў нас, калі вызвалялі. Прыносіў нам нейкія навіны, прыносіў падпісваць дакумэнты, і гэтак далей. Увесь гэты час мы чакалі-чакалі-чакалі, да пятніцы.
У пятніцу прыйшоў прадстаўнік украінскага консульства, які даў нам падпісаць часовыя пашпарты. Тады яшчэ па радыё перадавалі, што ня хочуць Карпюка і Клыха вызваляць. Я абураўся, не хацеў падпісваць часовы пашпарт. Але консул сказаў: усё вызваляцца. Так і здарылася.
У суботу 7 верасьня з раніцы, дакладней уначы яшчэ, да ўзыходу сонца, мяне пабудзілі і сказалі зьбіраць рэчы. Шчыра кажучы, я чакаў, што гэта будзе не раней за панядзелак. І консул таксама казаў: «Каб не «накаркаць» ня буду наперад казаць. Але нічога нечаканага не адбылося...
Я чакаў доўга. Пакуль чакаў, убачыў маракоў у іншым крыле СІЗА. Дакладней, я ня ведаў, што гэта маракі, але я крыкнуў «Слава Ўкраіне!», і ўбачыў, што гэта нашы хлопцы.
— Яны адказалі?
— Так, адказалі, мы крыху пазнаёміліся: да мяне падыходзілі яшчэ і рабілі мне заўвагу, што я крычу. З вакна мне (супрацоўнік турмы) сказаў: «Ты што, вымовы хочаш?» А я гляджу на яго і кажу: «Якую вымову? Што ты мне зробіш? Ты дурань ці як? Я сабраўся з рэчамі, мяне выведуць, і я паеду ва Ўкраіну! Мне што, прыехаць і сказаць журналістам, што мне там вымову зрабілі за тое, што я з маракамі перакрыкваўся?» Далібог, дурні!
Потым зноў чакалі. Зь вечара ў Лефортаве выдаюць хлеб: белы і чорны на выбар. Я белы бяру: карміў птушак, галубоў, якія прыляталі, пакрышыў ім хлеба, стаяў каля вакна і глядзеў. І там ёсць чорны ход у дворык, і вось там адчыняюцца дзьверы і пачынаецца рух. Спачатку ідзе іх галоўны супрацоўнік у камуфляжнай балаклаве і ў адзеньні аднатонным, за ім калёна «людамораў» (супрацоўнікаў ФСБ): апранутыя ў чорнае, зь пісталетамі Ярыгіна, чалавек 40 ідуць-ідуць-ідуць праз гэтыя задворкі.
— «Людаморы» — гэта прадстаўнікі ФСБ?
— Ну бандыты, так. Якія ў чорным.
Я гляджу на гэта і думаю: гэта, напэўна, па нас. Можа зараз павязуць. Яны сапраўды па нас прыйшлі. Чалавек, які займаўся абменам, таксама прыйшоў. Мы сабраліся, і нас пачалі па адным выводзіць. Потым я бачу: мяне здымаюць ужо ў самім СІЗА, як я спускаюся. Заводзяць у аўтобус маркі «Хёндай» срэбнага колеру, там ужо сядзяць нашы. Я заходжу, гляджу: нешта такія знаёмыя твары, але я іх не магу пазнаць. Але адразу кажу: «Слава Украіне!» «Героям слава! Гэта вы, Грыб? Пане, як ваша здароўе?». Я не чакаў, што і гэтыя людзі ведаюць. Так сядзелі: кожны наш і «людамор» сядзеў побач зь ім. І са мною таксама.
Мы пачалі размаўляць: як вы, што вы... Усё нармальна было, заводзілі па чарзе. Паноў Артур ўжо быў унутры, Сянцоў Алег быў, Карпюк Мікалай быў, і, здаецца, Кольчанка быў. Потым завялі Рамана Сушчанку, потым другога Панова заводзяць, потым Балуха, потым Аляксея, які з Луганску. Потым пачалі паволі заводзіць маракоў і ў канцы Станіслава Клыха. Калі Клыха завялі, гэта было нешта з чымсьці, на жаль. На жаль, яго так давялі, мяркуючы па яго стану...
— Раскажыце больш падрабязна як ён заходзіў
— Ну як заходзіў... яго завялі. Ён не павітаўся, ён дрэнна ўсё разумеў. На жаль, яму дабілі псыхіку. Я вельмі веру, спадзяюся, што ён апамятаецца. Вельмі хацелася б. Яго пасадзілі, але ён не разумеў усёй сытуацыі.
Але весела ўсё ж такі было: нарэшце мы ўсе ўбачыліся! Столькі адзін пра аднаго чулі, і, нарэшце, убачыліся. Я на эмоцыях быў: як бы гэта ні было ўсё сур’ёзна, але мы тут!
Потым марачкоў заводзілі, вядома, яны ўсё не змясціліся, і быў яшчэ асобны аўтобус з марачкамі. Бекірава потым завялі да нас. Два аўтобусы было, доўга гэтую справу чакалі, здымалі. Пераклічка была.
Потым нарэшце паехалі, пад аховай. Столькі перакрывалі дарог дзеля ўсяго гэтага! Там і так быў дзень Масквы, цэнтар гораду быў перакрыты, а яшчэ дадаткова перакрывалі. Павезьлі нас праз усю набярэжную, там, дзе Крэмль, як экскурсію зрабілі. Ніколі не думаў, што там апынуся. Выехалі на мост, а там ужо прамая дарога на Дамадзедава.
Мы нармальна даехалі, усё было добра. Потым стаялі. Маракі выходзілі, палілі вельмі шмат. Нашы ніхто не выходзіў паліць: хоць некаторыя кураць у прынцыпе, але ніхто не выходзіў. Мы некалькі разоў выходзілі, у асноўным у прыбіральню. А маракі выходзілі, нешта паміж сабой размаўлялі.
— Дзе гэта вы выходзілі з аўтобусаў?
— Ужо калі прыехалі ў Дамадзедава. «Людаморы», вядома ж, з намі сядзелі. Мы, бывала, перагаворваліся зь імі словамі: яны ж ехалі з намі ўвесь час.
Вось прыехалі, стаялі, чакалі. Потым заходзіць начальнік СІЗА, я ўжо потым даведаўся, хто гэта. Зачытвае ўказ: указам прэзыдэнта памілаваць, далей пералік прозьвішчаў. І тут Клых кажа: «А я, мяне завуць Клых!», А ўсё фіксуецца на відэа, і ён сарваў ім усю здымку. Начальнік назваў яго прозьвішча, і потым Клых такі: «Слава Украіне! Слава нацыі!» Усе пачалі выкрыкваць, і гэты ўжо вымушаны быў сказаць: «Спадары, віншую!» І рэціраваўся хутка адтуль.
Далей мы чакалі, выглядвалі самалёт, і калі ўбачылі самалёт — усё. Мы ж думалі, што ўсё магло сарвацца.
— Вы выйшлі з трапа і там Зяленскі ўсім рукі паціскаў. І вы яму не паціснулі руку...
— Я выйшаў з самалёта і яго не пабачыў. Я шукаў дзе бацька. Гляджу: дзе прэзыдэнт? Вось гэта прэзыдэнт?
— То бок, гэта не было нейкім адмысловым, сплянаваным дзеяньнем? Вы сапраўды разгубіліся?
— Я выйшаў і прамаргаў яго. Ды я ўсіх прамаргаў. А потым пайшлі журналісты, я гляджу вакол, тут неба. На мяне наляцелі: «Якія вашы першыя ўражаньні?» Ды якія могуць быць уражаньні? Я толькі выйшаў, якія могуць быць уражаньні? Я дэзарыентаваны — вось гэта было ўражаньне. А ўжо якія кансьпіралягічныя тэорыі пачаліся з гэтай нагоды...
— Наконт умоваў зьняволеньня. Якія вашы агульныя ўражаньні: куды зьмясьцілі, што там было?
— Я ў двух (установах) утрымліваўся. Умовы — усё згодна з законам. А якой якасьці — я ўжо казаў. Усюды ўсё рознае. Усё, што павінна быць згодна з законам, у большасьці месцаў прысутнічала, у тым ці іншым выглядзе. У большасьці былі адносна вялікія камэры, я быў у камэры на траіх. Была камэра, зробленая на аднаго. Там два ложкі звараныя, «пальмай» завецца. Вось гэтая камэра на аднаго — там з аднаго канца ў іншы не прайсьці, там нават дваім няма месца. І вось прыходзіць пракурор, кажа: «Устаньце!». Ты што, дурань? «Устаньце!» Тут нават дваім няма месца. Такі праход, што аднаму за адным ня стаць.
— Чым вы займаліся ў камэрах? Наколькі жорстка ці ня жорстка да вас за гэтыя пару гадоў ставіліся? Ці былі выпадкі жорсткасьці?
— Былі. У СІЗА цэнтральнага падпарадкаваньня непасрэдна Міністэрству юстыцыі, вось гэтай службе Фэдэральнай выкананьня пакараньняў, у такіх СІЗА такога быць не магло. Яны не маглі парушаць моцна нейкія нормы і не маглі мяне біць. А ў звычайным СІЗА маглі біць і рабілі гэта.
— А дзе гэта было і чаму вас білі?
— У агульным СІЗА. Таму што, як я зразумеў, людзі, што мяне прывезьлі, зацікавіліся: хто я, што я. Ім два словы сказалі, і яны вырашылі, што досыць таго факту, што я з Украіны. Тады я рэальна думаў, што мне будуць «кранты». Гэта складана ўзгадваць. Нячаста даводзіцца Бога прасіць, маліць, але тут не без дапамогі ўсявышняга мне ўдалося выжыць, прайсьці ўсё. Гэта ў першым СІЗА, як толькі прыехаў, у Краснадары было. Яны ж ня ведалі, што ў мяне хвароба. Я там запанікаваў, перапалохаўся: бо я ж павінен быў вярнуцца! Усе ж так спадзяюцца, я ж усіх падвяду. Зь іншага боку, я ня мог узяць і паказваць характар: гэта б для мяне дрэнна скончылася.
— Ці былі думкі што вы адтуль не выйдзеце?
— Я ведаў, што мяне маглі этапаваць у калёнію не ў Растоўскую вобласьць або Краснадарскі край, дзе больш-менш, а далей ад Украіны. Напрыклад, у Магаданскую вобласьць, у Пячэру, у Краснаярскі край маглі б мяне туды закінуць. З маім здароўем адтуль я мог бы і не вярнуцца. У мяне вельмі лёгка можа адкрыцца ўнутраны крывацёк. Мяне і так лекары абмяжоўваюць у фізычных нагрузках, але рухацца трэба. А вось пераносіць зьбіцьцё — для ўнутраных органаў, калі павялічаная селязёнка і ва ўмовах, дзе не дадуць мэддапамогу, такое скончыцца сьмерцю.
— Што самае складанае ў расейскіх турмах?
— Для мяне гэта зносіны. У мяне няма роднай душы. Зразумейце, я ўкраінец, размаўляю па-ўкраінску. Даводзілася стрымлівацца, хоць людзі правакавалі.
— Што самае складанае было для вас, як гэта можна сфармуляваць?
— Гэта аднастайнасьць штодзённасьці: быць [у турме — РС] і чакаць. Гэта псыхалягічна самае складанае было. А зьмены, этапы якія б яны ня былі, гэта ўсё ж такі нейкі рух.
— Вы ведаеце пра тых актывістаў у Расеі, якія дапамагаюць украінцам?
— Так, ведаю. Мне паведамілі пра аднаго чалавека, але, на жаль, я забыўся, як яго завуць. Але абавязкова буду зь ім зьвязвацца. Ён прыходзіў, падтрымліваў мяне, на судах быў: калі была апэляцыя, ён прыйшоў з плякатам. Цяпер ён быў асуджаны на 4 гады (Грыб мае на ўвазе Канстанціна Котава — НВ). У Расеі перасьледуюць людзей, рэпрэсуюць сваіх грамадзян.
— Аднаму з выданьняў вы казалі, што адчувалі падвох, што ня трэба было вам туды ехаць...
— Па-рознаму было. Думкі былі розныя. Я сумняваўся, але вырашыў рызыкнуць: было для чаго рызыкаваць. Але пакуль я не магу нічога растлумачыць, таму што ня ведаю ўсёй інфармацыі, якая вядомая. Дакладна скажу — у судзе гэта быў іншы чалавек. Інтэрвію дае адзін чалавек — а ў судзе быў іншы.
— Што вы далей будзеце рабіць?
— Паглядзім. Трэба вылечыцца. Прайсьці абсьледаваньне. Апэрацыю зрабіць. Стан здароўя ў мяне такі, што... І буду далучацца да вызваленьня іншых людзей, таму што гэтыя людзі мяне прасілі, я зь імі знаёмы. Дзейнічаць у інтарэсах нашай дзяржавы, прысьвяціць сябе гэтаму. Я лічу гэта неабходным для мяне як для чалавека, які ставіць вышэй, чым асабістае жыцьцё і карʼеру, сваю ўласную ідэалёгію, погляды і барацьбу.