Журналісты чэскага выданьня Deník N пагутарылі зь некалькімі грамадзянамі Расеі, якія маюць дачыненьне да чэскай кампаніі Sofbiz, што пералічыла паўтара мільёна эўра арганізатарам няўдалага перавароту ў Чарнагорыі ў кастрычніку 2016 году.
Гэтымі сродкамі, паводле дадзеных чарнагорскага сьледзтва, мусіла быць аплачана забойства тагачаснага прэм’ер-міністра, а цяпер прэзыдэнта краіны Міла Джуканавіча.
Кампанія Sofbiz была заснаваная ў Чэхіі як філіял сэйшэльскай фірмы і аформленая на Кацярыну Астапчук, якая жыве ў Лёндане і зьяўляецца дырэктарам двух сэйшэльскіх кампаній: Coddan Nominee Administrator Ltd. і Coddan Nominee Subscripber Ltd. Як высьветлілі журналісты выданьня, у 2015 годзе ў Вялікай Брытаніі фірмы Астапчук правяралі праз падазрэньні ў вывадзе грошай кампаній, якія праходзяць праз працэдуру банкруцтва.
Да чэскай кампаніі Sofbiz мае дачыненьне таксама грамадзянін Расеі Руслан Галюнін, які жыве ў Падмаскоўі, і Аляксандар Расійчанка, які жыве ў Празе і займаўся дапамогай з афармленьнем дакумэнтаў фірмы. Паводле яго, да дзейнасьці фірмы ён ня меў ніякіх адносінаў. Пагутарыць з Галюніным і Астапчук журналісты ня здолелі.
Як вынікае з фінансавых дакумэнтаў Sofbiz, фірма не вяла ў Чэхіі ніякай дзейнасьці: яна мае юрыдычны адрас у Празе, аднак офіса ў яе няма.
Пра тое, што Sofbiz мае дачыненьне да спробы зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот у Чарнагорыі, спэцпракурор краіны паведаміў летам 2019 году. Ён распавёў, што пералічаныя кампаніяй сродкі спачатку патрапілі на банкаўскія рахункі на Кіпры, а потым былі пералічаныя групе асобаў, якія мелі дачыненьне да спробы перавароту. Мэтай перавароту, паводле сьледзтва, была спроба прадухіліць уваходжаньне Чарнагорыі ў NATO і забясьпечыць прыход да ўлады прарасейскіх сілаў. Масква гэтыя абвінавачваньні адмаўляе.
У траўні 2019 году па справе аб спробе зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот у Чарнагорыі суд завочна асудзіў 14 абвінавачаных. Сярод іх — двое расейскіх грамадзян Эдуард Шышмакоў і Ўладзімір Папоў, лідэры прарасейскага апазыцыйнага «Дэмакратычнага фронту» Мілан Княжэвіч і Андрыя Мандзіч, а таксама некалькі грамадзян Сэрбіі.
У лістападзе 2018 году расьсьледная група Bellingcat і расейскае СМІ The Insider раскрылі асобу аднаго з удзельнікаў перавароту. Як сьцьвярджаюць журналісты, расеец Уладзімір Папоў — на самай справе Уладзімір Майсееў і ён служыць у расейскай вайсковай выведцы. Раней сьледчыя апазналі супрацоўніка ГРУ ў іншым расейцы, якога падазраюць у арганізацыі перавароту.