Напярэдадні аднаўленьня 6 верасьня працэсу ў справе аб спробе перавароту ў Чарнагорыі ў брытанскай прэсе апублікаваныя фотаздымкі, якія сьведчаць аб сустрэчах асобаў, якія праходзяць па гэтай справе. На гэтых здымках фігуруюць двое расейцаў — Эдуард Шышмакоў і Ўладзімір Папоў, якія абвешчаныя ў міжнародны вышук. Пераварот у Чарнагорыі, як сьцьвярджае сьледзтва, плянаваўся пры садзейнічаньні расейскіх структураў у дзень парлямэнцкіх выбараў 16 кастрычніка 2016 году.
На адным са здымкаў, апублікаваных сёньня, бачныя Шышмакоў і Папоў меркавана падчас сустрэчы ў Бялградзе ў кастрычніку 2016 году. На другім фотаздымку зафіксаваны момант сустрэчы Шышмакова з грамадзянінам Сэрбіі Аляксандрам Сінджэлічам, якому, паводле дадзеных сьледзтва, было даручана арганізаваць групу змоўшчыкаў і набыць зброю. Сінджэліч здаўся чарнагорскім уладам неўзабаве пасьля правалу апэрацыі і пазьней атрымаў статус сьведкі, які супрацоўнічае са сьледзтвам. Абодва здымкі, як паведамляецца, знаходзяцца ў распараджэньні «эўрапейскіх спэцслужбаў». Іх плянуецца выкарыстоўваць на судзе як адзін з ключавых доказаў.
У ліпені ў Чарнагорыі адкрыўся судовы працэс у гэтай справе, аднак амаль адразу ён быў адкладзены на патрабаваньне адвакатаў абвінавачаных. Сярод меркаваных змоўшчыкаў — 25 грамадзян, уключаючы дваіх лідэраў прарасейскага апазыцыйнага «Дэмакратычнага фронту». Некаторыя фігуранты справы раней прызналі сваю віну і былі прысуджаныя да невялікіх тэрмінаў зьняволеньня. Шышмакова і Папова плянуецца судзіць завочна.
Знаходзячыся ў пачатку жніўня зь візытам у Падгорыцы, віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс абвінаваціў Расею ў дэстабілізацыі Бальканаў і арганізацыі гвалтоўнага перавароту ў Чарнагорыі. Паводле яго, «маскоўскія агенты спрабавалі напасьці на парлямэнт і нават забіць прэмʼера». Раней паведамлялася, што амэрыканскія і брытанскія спэцслужбы дапамаглі Чарнагорскім уладам расьсьледаваць гэтую змову. Расейскія ўлады адмаўляюць дачыненьне да любых незаконных дзеяньняў у Чарнагорыі.