Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор Чарнагорыі: да спробы перавароту датычны былы расейскі дыплямат у Польшчы


Спэцпракурор Чарнагорыі Мілавай Катніч паведаміў у нядзелю ўвечары, што абвінаваўчае заключэньне ў справе аб спробе дэстабілізацыі Чарнагорыі і захопе ўлады будзе гатова не пазьней за 15 красавіка.

Паводле яго, расьсьледаваньне, якое на сёньняшні дзень закранае 25 падазраваных, можа быць распаўсюджана і на іншых асобаў.

Катніч таксама паведаміў, што сапраўднае прозьвішча расейскага грамадзяніна Эдуарда Шырокава — Шышмакаў, што ён раней быў намесьнікам ваеннага аташэ ў Польшчы і быў высланы. Праверыць гэтую інфармацыю ў іншых крыніцах не атрымалася.

«За гэтымі падзеямі стаяць нацыяналістычныя структуры з Расеі, зараз мы ведаем яшчэ і тое, што ў іх былі ўцягнутыя і расейскія дзяржаўныя органы», — сказаў Катніч у інтэрвію чарнагорскаму тэлебачаньню.

Як паведамлялася раней, спэцслужбы ЗША і Вялікабрытаніі валодаюць доказамі датычнасьці расейскіх уладаў да спробы дэстабілізацыі Чарнагорыі ў дзень выбараў 16 кастрычніка 2016 года і замаху на былога прэмʼер-міністра Міла Джуканавіча. Пра гэта паведамляе газэта Sunday Telegraph.

Гэтую справу ў апошнія месяцы расьсьледуе спэцыяльная пракуратура Чарнагорыі на фоне супрацьстаяньня ўладаў і апазыцыі, якая не прызнала вынікі апошніх выбараў. Фігурантамі зьяўляюцца каля 20 грамадзян Сэрбіі і двое расейскіх грамадзянаў — Эдуард Шырокаў і Ўладзімір Папоў, а таксама лідэры галоўнай апазыцыйнай сілы Чарнагорыі — «Дэмакратычнага фронту» Андрыя Мандзіч і Мілан Княжэвіч.

Крыніца ў брытанскім урадзе паведаміла газэце Sunday Telegraph, што гаворка ідзе пра змову, мэтай якой было разваліць урад Чарнагорыі, арыентаваны на ўступленьне ў NATO. Як сьцьвярджае крыніца, спэцслужбы маюць дадзеныя, якія сьведчаць аб дачыненьні Масквы да гэтай змовы «на высокім узроўні». У справе ёсьць перахопленыя тэлефонныя перамовы і перапіска.

Крыніца адзначыла, што «плянаваны ў Чарнагорыі пераварот стаў адным з самых абуральных прыкладаў агрэсіўнай кампаніі ўмяшаньня ў справы заходніх краінаў». Гэтае пытаньне абмяркоўвалі на мінулым тыдні міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан, паведамляе брытанскае выданьне. Раней Крэмль катэгарычна адхіліў якое-небудзь дачыненьне Расеі да «гісторыі з пераваротам».

У самой Чарнагорыі на гэтым тыдні ўзмацнілася палітычная напружанасьць на фоне спробы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці лідэраў «Дэмакратычнага фронту» Мандзіча і Княжэвіча, якія, як мяркуе сьледзтва, зьбіраліся зладзіць штурм парлямэнта ўвечары 16 кастрычніка. Пракуратура лічыць, што гэтыя прарасейскі настроеныя палітыкі ўваходзяць у лік арганізатараў злачыннай групы, якая плянавала тэракты, захоп дзяржустаноў і забойства Джуканавіча, які займаў тады прэмʼерскую пасаду.

На гэтым тыдні Мандзіч і Княжэвіч былі пазбаўленыя дэпутацкай недатыкальнасьці ў рамках расьсьледаваньня гэтай справы, аднак яны не былі затрыманыя, паколькі галоўны пракурор распарадзіўся не ўжываць да іх гэтую меру стрыманьня на дадзеным этапе. Самі прадстаўнікі «Дэмакратычнага фронту» заяўляюць пра фальсыфікацыі расьсьледаваньня ў інтарэсах уладаў і абвінавачваюць іх у разьвязваньні грамадзянскай вайны.

Назіральнікі кажуць пра глыбокі палітычны крызыс, які пагражае эскаляцыяй. Сытуацыю для рускай службы Радыё Свабода камэнтуе прафэсар факультэту палітычных навук Бялградзкага ўнівэрсытэту Мілаш Бешыч.

— Пасьля выбараў у Чарнагорыі мы назіраем паглыбленьне палітычнага крызысу, палітычнае жыцьцё па сутнасьці блякаванае з улікам рашэньня апазыцыі байкатаваць працу парлямэнту і расьсьледаваньня ў дачыненьні да лідэраў «Дэмакратычнага фронту». Гаворка ідзе пра вельмі сурʼёзныя абвінавачаньні, якія ўзмацняюць недавер і раскол у грамадзтве. Да гэтага часу незразумела, наколькі сурʼёзныя доказы, якімі валодае спэцыяльны пракурор, які спрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці лідэраў апазыцыі. Гэтыя доказы павінны выглядаць бясспрэчнымі. У адваротным выпадку ў Чарнагорыі ўзрасьце рызыка нестабільнасьці, што асабліва небясьпечна ў год далучэньня Чарнагорыі да NATO, маючы на ўвазе вялікая колькасьць праціўнікаў гэтага працэсу ", — кажа ў гутарцы з Радыё Свабода палітоляг Мілаш Бешыч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG