Партал Tut.by апублікаваў гісторыю Эдуарда Ільіных, якога вясной прызвалі ў войска з грыжай, а ў верасьні камісавалі праз абвастрэньне захворваньня. Міністэрства абароны лічыць, што яго забралі ў войска законна і права на кампэнсацыю за пагаршэньне здароўя ён ня мае.
Спойлер: судзіцца за кампэнсацыю былы салдат не зьбіраецца, бо «яму далі зразумець», што суд ён прайграе. Пра гэта Ільіных напісаў Свабодзе.
Тры абсьледаваньні знайшлі грыжу
Позву на вясновы прызыў 2019 году Ільіных атрымаў летась у лістападзе. З сытуацыяй спачатку зьмірыўся, бо ня меў сурʼёзных праблем са здароўем.
«У красавіку пачалася камісія, я стаў праходзіць лекараў. Нічога не знайшлі. У мяне была толькі люмбальгія (боль у паясьнічнай вобласьці). Я пытаўся ў лекараў, на што гэта ўплывае, мне казалі, што з маёй ступеньню гэта лухта. На нейкія сурʼёзныя абсьледаваньні мяне не адпраўлялі — сэрца паглядзелі, ну і ўсё на гэтым», — сказаў Ільіных.
Ільіных зрабіў абсьледаваньне ў прыватнай клініцы, якое паказала падазрэньне на хіятальную грыжу. Як ён сам кажа, гэта нешта накшталт адтуліны ў страваводзе. У паліклініцы Ільіных рэнтген выявіў грыжу 1-й ступені.
«Мне патлумачылі, што апэрацыю рабіць рызыкоўна, каб не пагоршыць сытуацыю. Але трэба было прытрымлівацца пэўнай дыеты і пазьбягаць фізычных нагрузак», — сказаў Ільіных.
У ваенкамаце прызыўніку сказалі, што з такім дыягназам ён ня можа служыць, і адправілі на дадатковыя абсьледаваньні. У Менскім кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры дыягназ пацьвердзілі.
Паабяцалі аддаць вайсковы білет, а пасьля адправілі ў Печы
Пасьля трэцяга абсьледаваньня Ільіных паставіў подпіс за вайсковы білет. Па дакумэнт сказалі прыходзіць празь некалькі дзён. Пасьля з ваенкамату патэлефанавалі і сказалі прывезьці эпікрыз са шпіталя ў ваенкамат.
Вайсковага білета Ільіных так і ня выдалі. Высьветлілася, што ў 2007 годзе быў падобны выпадак: у прызыўніка выявілі грыжу, але адправілі ў войска, бо захворваньне не парушала функцыяў органаў грудной поласьці.
«Я падаў у суд Ленінскага раёну, паседжаньне прызначылі літаральна праз тыдзень — трэба было прыйсьці 29 траўня. У гэты дзень мне сказалі, што мэдкамісію трэба было абскарджваць цягам тыдня (то бок яшчэ ў красавіку), а я прыйшоў празь месяц, у канцы траўня. Але ўвесь гэты час я пераабсьледаваўся».
На наступны дзень пасьля суду, 30 траўня, Ільіных паехаў служыць у Печы.
У войску стала горш, таблеткі не дапамагалі
Ільіных кажа, што ў войску, калі ішлі на працы, у яго пачынаў балець жывот, была моцная пякотка.
«Да войска такога амаль не было — толькі пасьля нейкіх нагрузак зьяўлялася пякотка і нязначныя болі. Але я думаў, што гэта нічога страшнага: я ж ня ведаў, што ў мяне грыжа».
У Печах Ільіных пачаў хадзіць у мэдпункт. Ад таблетак, якія там давалі, лягчэй не рабілася. Салдат пачаў настойваць, каб ягоным выпадкам заняліся і правялі яшчэ адно абсьледаваньне. Яго прыйшлося чакаць каля месяца. У менскім 432-м галоўным вайсковым клінічным мэдцэнтры пацьвердзілі грыжу. Служыць з такім дыягназам нельга, бо нельга падымаць цяжкое.
Пасьля абсьледаваньня Ільіных вярнулі ў Печы, дзе ён правёў яшчэ 13 дзён — «проста глядзеў у столь». За гэты час прыйшлі дакумэнты са шпіталя, і хлопца камісавалі. Аднак у рашэньні камісіі нібыта напісалі, што грыжа зьявілася толькі ў войску. Усе дакумэнты, якія Ільіных прыносіў у ваенкамат, зьніклі.
Агулам у войску хлопец правёў больш за 3 месяцы.
Пасьля камісаваньня ён не атрымаў кампэнсацыі за пагаршэньне здароўя, толькі 30 рублёў салдацкага заробку і 20 рублёў выхадной дапамогі.
«Мне пашчасьціла, што на працы добры калектыў і яны сказалі, што з войска мяне дачакаюцца, таму месца не згубіў. Але мая сямʼя ня ў лепшым матэрыяльным становішчы, і ўсе гэтыя месяцы я мог ёй дапамагаць, а не ляжаць ці ў Печах, ці ў шпіталі. Незразумелым засталося шмат чаго. Напрыклад, калі я захварэў у войску, то дзе кампэнсацыя?»
Мінабароны: «Эдуарда прызвалі абсалютна законна»
Як сказаў Tut.by палкоўнік мэдычнай службы, начальнік вайскова-мэдычнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Дзьмітры Альховік, наяўнасьць дыягназу — не паказьнік непрыдатнасьці да службы.
«Сытуацыя такая: прызыўнік прыходзіць у камісію, не заяўляючы ніякіх скаргаў, пасьля ідзе за дадатковую плату рабіць паглыбленае абсьледаваньне, і яму знаходзяць грыжу. Што малады чалавек робіць далей? Ён спампоўвае з інтэрнэту загад, які знаходзіцца ў адкрытым доступе, знаходзіць там артыкул са словам „грыжа“ і думае: „Усё, я непрыдатны! Шчасьце!“».
Альховік называе дыягназ Ільіных «знаходкай» і мяркуе, што менчука прызвалі ў войска законна:
«З гэтым захворваньнем ён раней жыў нармальным жыцьцём: харчаваўся звычайнай ежай, займаўся фізнагрузкай — і яго нічога не турбавала. Як толькі ён трапіў на прызыўную камісію, а затым у войска — адразу пачаўся боль».
Адмову ў кампэнсацыі пасьля камісаваньня Альховік патлумачыў тым, што на момант прызыву Ільіных быў прыдатны да службы. Пасьля гэтага адказу Ільіных перадумаў судзіцца за кампэнсацыю праз пагаршэньне здароўя:
«Згублены патэнцыйна не заробленыя грошы. Але мне далі зразумець, што я прайграю ў любым выпадку, таму вырашыў пакінуць усё як ёсьць. Хаця калі б быў адвакат, магчыма, было б усё інакш», — напісаў Ільіных Свабодзе.