Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Беларусі Натальля Гаўрусік паведаміла на Facebook пазыцыю ведамства «наконт суіцыду кантрактніка ў Горадзенскім гарнізоне»: здарэньне «не зьвязана са службай».
Пра якое здарэньне гаворка, яна не ўдакладніла. Але за паўгадзіны да ейнага паста на Telegram-канале Nexta зьявіўся аповед пра сьмерць у Горадні кантрактніка Фёдара Б. 1998 году нараджэньня. Як стала вядома Свабодзе, мужчына родам зь Любані.
Паводле Nexta, мужчына служыў у 3-й роце 202-га батальёну 6-й асобнай мэханізаванай брыгады. 1 ліпеня ён, як мяркуецца, прыняў 100 таблетак прэпарату «Но-шпа». Машына хуткай дапамогі прыехала апэратыўна, але лекары не змаглі выратаваць мужчыну, ён памёр ад мэдыкамэнтознага інсульту. Сьцьвяржаецца, што перад гэтым ён пасварыўся са сваёй дзяўчынай. Блогер сьцьвярджаў, што са сьмерці кантрактніка «зрабілі ваенную тайну».
Гаўрусік піша, што самагубства «адбылося ў неслужбовы час і не на тэрыторыі вайсковай часткі», а таксама што мужчына «меў прычыны, зьвязаныя з асабістым жыцьцём і стасункамі». Ад таго, што «здарэньне не зьвязана з праходжаньнем вайсковай службы», міністэрства «лічыць недарэчным паведамляць іншыя падрабязнасьці».
На месцы працуе Сьледчы камітэт і камісія Міністэрства абароны. Ці разглядаюцца іншыя вэрсіі, акрамя суіцыду праз асабістыя праблемы, не паведамляецца.
«Наша ніва» адзначае: з камэнтароў памерлага «ЎКантакце» вынікае, што на яго была заведзеная крымінальная справа за дзедаўшчыну, і адзін з салдатаў, зьвязаных са справай, «ня вытрымаў і ўчыніў суіцыд». Памерлы атрымаў пакараньне ў 4 гады «хатняй хіміі», але працягнуў служыць. Знаёмыя памерлага ня ўпэўненыя, то ўчынак можа быць зьвязаны з судзімасьцю. Такія ж зьвесткі — 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову за дзедаўшчыну — публікуе Nexta.
Дзяўчына памерлага сьцьвярджае ў камэнтары «Нашай ніве», што сваркі між імі не было — «проста выказвалі прэтэнзіі адно да аднаго», «нічога страшнага ня здарылася, што магло да гэтага прывесьці». Яна адзначае, што памерлы не пакінуў пасьля сябе ніякай запіскі.