Рашэньне суду папярэдняй інстанцыі прызналі правільным і пакінулі бязь зьменаў.
9 красавіка Вярхоўны суд разгледзеў касацыйную скаргу на прысуд у справе аб сьмерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Прысуд былым сяржантам вайсковай часткі ў барысаўскіх Печах пакінулі бязь зьменаў.
Справа аб сьмерці Коржыча разглядалася ў Маскоўскім судзе Менску з 8 жніўня па 5 кастрычніка 2018 году. Былых сяржантаў загінулага салдата прызналі вінаватымі ў давядзеньні да самагубства падначаленага, а таксама ў шматлікіх іншых парушэньнях па службе і прыгаварылі да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня. Сяржант Вяжэвіч атрымаў 7 гадоў пазбаўленьня волі, Бараноўскі — 9, Скуратовіч — 6.
Абодва бакі працэсу выказалі незадаволенасьць прысудам.
Маці загінулага Сьвятлана Коржыч запатрабавала больш жорсткага пакараньня для абвінавачаных, а таксама суду над былымі афіцэрамі часткі, дзе служыў яе сын, у тым ліку над камандзірам аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах палкоўнікам Чарнецкім.
Асуджаныя сяржанты Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч сваю віну прызналі часткова і адмовіліся прызнаваць, што іхныя дзеяньні сталі прычынай сьмерці Аляксандра Коржыча.
Сьвятлана Коржыч мае намер абскарджваць прысуд у справе аб сьмерці сына ў інстанцыях ААН. 3 красавіка яна сустрэлася зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым.