Каля 16 гадзінаў 18 верасьня невядомы на машыне заблякаваў рух на мосьце Мэтро ў цэнтры Кіева, зрабіў некалькі стрэлаў з агнястрэльнай зброі і пагражаў падарваць бомбы ў дзяржаўных установах.
Украінская служба Радыё Свабода вяла рэпартаж зь месца здарэньня.
Паліцыянты пачалі спэцыяльную апэрацыю і затрымалі мужчыну. На месца здарэньня прыехалі міністар унутраных справаў, кіраўнік паліцыі і мэр Кіева. У апэрацыі задзейнічалі спэцназ, снайпэры, бронемашына і БТР. Але мужчына, як кажа паліцыя, не супраціўляўся.
Пацярпелых у выніку здарэньня няма, выбухоўкі не знайшлі. А 21-й гадзіне рух на мосьце аднавіўся ў звычайным рэжыме.
Як сьцьвярджае паліцыя, нападнік «хацеў паразмаўляць зь дзяўчынай» і, як мяркуюць зь візуальных прыкметаў і характару перамоваў, «быў пад дзеяньнем нейкіх рэчываў».
Суразмоўцы «Ўкраінскай праўды» ў паліцыі называюць імя мужчыны і сьцьвярджаюць, што гэта 42-гадовы ўраджэнец крымскага мястэчка Фарос, які служыў у войску пад Кіевам, а 26 чэрвеня быў прызнаны вінаватым у самавольным пакіданьні вайсковай часьці — ён нібы тлумачыў, што сыходзіў «у сувязі з вырашэньнем асабістых праблемаў». Перад здарэньнем ён быў звольнены з вайсковай часьці.
Афіцыйна гэтыя зьвесткі не пацьвярджалі.