Невядомыя ў ноч на 17 верасьня спалілі пад Кіевам дом экс-кіраўніцы Нацыянальнага банку Ўкраіны Валерыі Гонтаравай.
Гонтарава паведаміла, што зламысьнікі кінулі праз плот бутэльку з запальнай сумесьсю.
Міністар унутраных спраў Арсен Авакаў назваў падпал дома Гонтаравай праявай крымінальнага ціску. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што чакае хуткага расьсьледаваньня падпалу.
26 жніўня Гонтараву зьбіла машына на пешаходным пераходзе ў цэнтры Лёндану, яе шпіталізавалі.
Паводле Гонтаравай, ноччу 5 верасьня ў Кіеве згарэў аўтамабіль сям’і яе старэйшага сына, зарэгістраваны на яе нявестку, якую таксама завуць Валерыя Гонтарава.
Вярхоўная Рада ў сакавіку 2018 года звольніла Гонтараву з пасады кіраўніцы Нацыянальнага банку. 27 жніўня раённы суд Кіева дазволіў Дзяржаўнаму бюро расьсьледаваньняў Украіны сілавы прывад Гонтаравай на допыт па справе аб злоўжываньні службовым становішчам з боку чальцоў праўленьня Нацбанку.