Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абрамава, Анісім і Халіп пра «добразычлівы сэксізм» Лукашэнкі і выбары


Міс Беларусь Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка ў музэі калгасу «Радзіма». Архіўнае фота. Ілюстрацыйнае фота
Міс Беларусь Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка ў музэі калгасу «Радзіма». Архіўнае фота. Ілюстрацыйнае фота

Як дасягаць вынікаў у парлямэнце, які не сапраўдны? Як быць эфэктыўнай на выбарах, якіх няма? Абмяркоўваюць былая дэпутатка Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў, пісьменьніца і палітоляг Вольга Абрамава, дзейная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім і журналістка і жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп, якія зьбіраецца вылучацца кандыдаткай у дэпутаты парлямэнту.

Сьцісла

  • Абрамава: Публічная пазыцыя Лукашэнкі ў дачыненьні да жанчын — добразычлівы сэксізм. Адсюль і пазытыўная дыскрымінацыя ў выглядзе жаночай квоты, і ўскладаньне віны на няўмелых мужчын за тое, што некаторыя становяцца лесьбіянкамі.
  • Анісім: Жанчыны ў Палаце прадстаўнікоў, як правіла, акрамя нас з Ганнай Канапацкай, адкрыта не выступаюць па вострых палітычных ці сацыяльных пытаньнях. Яны могуць і падзяляць наш пункт гледжаньня, але адкрыта не выступаюць.
  • Халіп: 22-гадовая прыгажуня, якую цяпер прасоўваюць, не абіраецца, яе папросту ўжо прызначылі. Гэта сьмеху варта ў дачыненьні да такіх выбітных асобаў, як Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Гэта абясцэньваньне жанчыны ў палітыцы.

  • «Калі ішла ў Вярхоўны Савет, хацела зьмяніць сьвет да лепшага, у Палаце прадстаўнікоў задачы былі больш сьціплыя»

Вольга Абрамава: Выбары, якіх няма, і несапраўдны парлямэнт. Такая пастаноўка пытаньня — дэпрэсіўная, яна пазбаўляе людзей надзеі на будучыню. У нашай палітыцы склалася шмат мітаў, кожны на патрэбу таго ці іншага боку.

  • Першы міт. Сумленных выбараў пры Лукашэнку не было і няма ў ніводнай акрузе.
  • Другі міт. Пасьля 1996 году ў Нацыянальным сходзе 20 гадоў не было апазыцыйных дэпутатаў.
  • Трэці міт. Стаць дэпутатам можна толькі пры падтрымцы адміністрацыйнага рэсурсу. Магчыма цяпер гэта і так, але раней было інакш.
  • Чацьверты міт. Усё кантралюецца да апошняй клетачкі, так што тым, хто не дамовіўся з уладай, адводзіцца роля статыстаў на выбарах — харыстаў ці кардэбалету.
  • Міт пяты — пра ўсенародную падтрымку ўлады. Я нават камэнтаваць не хачу.
Вольга Абрамава. Архіўнае фота.
Вольга Абрамава. Архіўнае фота.

А цяпер канкрэтыка. На выбарах у Вярхоўны Савет у 1995 годзе я выйграла як незалежны кандыдат у 13 сапернікаў, максымальнай колькасьці кандыдатаў на акрузе па ўсёй краіне. Галоўным зь іх быў другі чалавек у БНФ, прэм’ер ценявога ўраду Ўладзімер Заблоцкі. Тады мяне тайком правялі на інструктаж, які праводзіў старшыня выканкаму для работнікаў участковых камісій. Ён ня ведаў мяне ў твар і наўпрост заявіў, што Абрамава прайсьці не павінна, таму што Замяталін сказаў, што, маўляў, Абрамава і БНФ — гэта адно і тое ж. Тыя, хто мяне правялі, ледзь стрымалі мяне ў крэсьле...

Другія выбары я выйграла ў дзейнага сэнатара, а праз тры месяцы дапамагла стаць дэпутатам незалежнаму кандыдату на давыбарах. Асноўным канкурэнтам у яго была намесьніца старшыні выканкаму, які арганізоўваў выбары і дзе падлічвалі галасы. Я прывяла на падлік галасоў восем калег дэпутатаў, зь іх двое былі старшынямі парлямэнцкіх камісій. Ад кандыдата Статкевіча за падлікам галасоў назіраў дэпутат Навасяд. Мы прасачылі за тымі, хто лічыў.

Трэція выбары я выйграла зь 64% галасоў у падтрымку. Вардамацкі рабіў тады выбарачныя экзытполы, яны зафіксавалі маю перамогу. Чацьвёртыя выбары ў 2008 годзе былі ўвогуле трыюмфальнымі. Па дадзеным экзытполаў за мяне прагаласала 75% тых, хто прыйшоў на выбары, прычым гэтую перамогу я «выкавала» за паўгоду да выбараў. Нават напружвацца не прыйшлося, але куража адстойваць перамогу не было. Да гэтага моманту ўсё надакучыла, бо калі ў другім складзе Палаты прадстаўнікоў было шмат дэмакратычна арыентаваных дэпутатаў, ня згодных з эканамічным і нават палітычным курсам улады, былі апазыцыйныя дэпутацкія групы, то ў трэцім скліканьні я была адна. Я ператварылася проста ў «шута при кароле». Нагадаю, што яны шмат гадоў данасілі да каралёў голас народу і незадаволенасьць эліты. Уставала і гаварыла пра ўсё, што не задавальняе, патрабавала зьменаў, унасіла значымыя законапраекты і нават зрабіла распрацоўку аднаго зь іх з нуля.

Навошта гэта было? Як казаў Геракліт, нораў чалавека — ягоны рок. Я зь дзяцінства не цярплю несправядлівасьць і стаю на баку слабых. Гэта не патас. Дарэчы, на гэтым шляху многага ўдалося дамагчыся. Вельмі настойліваму дэпутату ўладзе часам прасьцей даць тое, што ён патрабуе, чым патлумачыць, чаму яна ня хоча гэтага. Калі я ішла ў Вярхоўны Савет, хацела перавярнуць сьвет і зьмяніць яго да лепшага. У Палаце прадстаўнікоў задачы былі больш сьціплыя — даць людзям і ўладзе стандарт паводзінаў актыўнага, працавітага і прынцыповага дэпутата парлямэнту эўрапейскай краіны, як альгарытм паводзінаў на будучыню ў нармальным парлямэнце.

«Беларуская мова перастала гучаць ва ўладных кабінэтах як выключна пратэстная мова»

— Спадарыня Алена, ад самага пачатку свайго дэпутацтва вы пасьлядоўна дзейнічалі дзеля пашырэньня беларушчыны і ня толькі. Як ацэньваеце вынікі вашага дэпутацтва? Што зрабілі з магчымага? А што з галоўных пастаўленых мэтаў было проста немагчыма дасягнуць?

Алена Анісім
Алена Анісім

Алена Анісім: Я надзвычай станоўча ацэньваю вынікі свайго дэпутацтва, хаця было яно вельмі кароткае ў параўнаньні з астатнімі. Тым ня менш мы зрабілі неверагоднае: беларуская мова перастала гучаць ва ўладных кабінэтах як выключна пратэстная мова. Яна гучыць нароўні з расейскай мовай для таго, каб улада чула пра тое, што хвалюе дэпутатаў, што хвалюе выбаршчыкаў. У нас пачалася канкрэтная праца па вяртаньні беларускай мовы ў сфэру заканадаўства. Да канца гэтага месяца будзе падрыхтаваны і экспэртным саветам зацьверджаны Кодэкс аб шлюбе і сямʼі па-беларуску.

Я лічу вельмі важнай мэтай майго дэпутацтва тое, што апазыцыя не павінна ўспрымацца як нейкі вораг народу, і апазыцыйнае меркаваньне як альтэрнатыўнае меркаваньне, альтэрнатыўны погляд на рэчаіснасьць і на праблемы займела сваё законнае права і прадстаўніцтва ў Палаце прадстаўнікоў. Напэўна, немагчыма было дасягнуць таго, каб усе адразу і адначасова загаварылі па-беларуску. Гэта, на жаль, мне не ўдалося дасягнуць.

«Тады ніхто не дапусьціў бы ў дэпутаты Зянона Пазьняка»

— Вядома, якія жорсткія наступствы маюць у Беларусі вылучэньні на прэзыдэнта, удзел у выбарах. Тым ня менш, Ірына, вы вырашылі паўдзельнічаць у гэтай кампаніі, ведаючы, што верагоднасьць стаць дэпутаткай насамрэч мінімальная, а рызыкі могуць быць сурʼёзныя. Чаму?

Ірына Халіп на выбарчым пікеце
Ірына Халіп на выбарчым пікеце

Ірына Халіп: Ня толькі я пайшла гэтай дарогай. Найбольш актыўная частка «Эўрапейскай Беларусі» вырашыла правесьці яскравую палітычную кампанію. Па ўсяму Менску і ў іншых гарадах стаяць людзі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і кажуць тое, што трэба казаць, што людзі даўно ўжо хочуць пачуць, але ніхто ня кажа, хіба толькі на апазыцыйных акцыях пратэсту, хадзіць на якія людзі баяцца, асабліва пасьля падзеяў 2010 году. Людзі вельмі напалоханыя, але яны вельмі хочуць зьменаў. Наша задача — абудзіць народ і прадэманстраваць, што нас многа, мы можам быць разам і можам дасягнуць зьменаў.

— Вольга Абрамава пералічылі шэраг мітаў пра выбары, парлямэнт, людзей, якія туды трапляюць. У чым бы вы зь ёй пагадзіліся?

— У той час, калі спадарыня Вольга балятавалася, вылучалася і была дэпутаткай, яшчэ прысутнічала нейкае вэгетарыянства ў асобных акругах і ў дачыненьні да асобных людзей. Тады, вядома ж, ніхто не дапусьціў бы ў дэпутаты такога чалавека, як Зянон Пазьняк. Для мяне Вольга Абрамава — хімічна чысты ўзор эўрапейскага, цывілізаванага палітыка. Мець такога як узор, каб ведалі, як сябе паводзіць, было цудоўна, але потым, як спадарыня Вольга заўважыла, усіх тых, хто мог таксама паводзіць сябе як цывілізаваныя, працаздольныя, працалюбівыя, сьмелыя людзі, увогуле не засталося. Я думаю, што сёньня гэта ўжо ня міты, а рэчаіснасьць.

«Я б патлумачыла публічную пазыцыю Лукашэнкі ў дачыненьні да жанчын як добразычлівы сэксізм»

— Ці не падаецца вам, што Аляксандар Лукашэнка недаацэньвае жанчын у палітыцы. З аднаго боку ў яго атачэньні досыць уплывовых жанчын, якія жорстка выконваюць пастаўленыя задачы. З другога боку, ён неяк выказваўся, гаворачы пра Гілары Клінтан, што жанчына ня ў стане быць кіраўніцай дзяржавы. І тое, што ў цяперашняй кадэнцыі апазыцыйныя дэпутаты — менавіта жанчыны, ці не гаворыць гэта пра тое, што ён не надта верыць у іх выніковасьць? Ці не памыляецца ў гэтым кіраўнік Беларусі?

Вольга Абрамава: Я лічу, што Лукашэнка цудоўна ведае, што патэнцыял жанчын у палітыцы вялікі. Згадайце ягоныя дыфірамбы Ангеле Мэркель. Проста і да мужчын, і да жанчын ён ставіцца чыста інструмэнтальна — карысны ці шкодны для ягонай улады той ці іншы індывідуўм, сацыяльная або палітычная група. Лічыцца, што ў жанчын менш тэстастэрону, яны менш агрэсіўныя, амбіцыйныя, імі прасьцей кіраваць, прасьцей уплываць на іх.

Я б патлумачыла публічную пазыцыю Лукашэнкі ў дачыненьні да жанчын як добразычлівы сэксізм — жанчыны слабейшыя за нас, мужыкоў, яны патрабуюць нашай абароны і таму падобнае. Адсюль і пазытыўная дыскрымінацыя ў выглядзе жаночай квоты ў парлямэнце, і ўскладаньне віны на няўмелых мужчын за тое, што некаторыя становяцца лесьбіянкамі. Такім чынам Лукашэнка хоча дагадзіць патрыярхальна настроенай частцы грамадзтва, а заадно і зьнізіць канкурэнтнасьць жанчын з прэтэнзіяй на вышэйшую ўладу.

Усе памятаюць ягоны тэзіс пра несумяшчальнасьць пасады галоўнакамандуючага і нашэньня жаночай спадніцы. Што да ацэнкі функцыяналу жанчын у палітыцы з боку прэзыдэнта... Як толькі Натальля Машэрава паспрабавала заявіць свае ўладныя прэтэнзіі на вышэйшую пасаду і за два тыдні яе рэйтынг «скокнуў» да 15 працэнтаў, пры тым, што як дэпутатка яна амаль нічым сябе не праявіла, яе прымусілі адступіцца і сысьці з палітыкі. Калі ў мяне, паводле закрытых апытаньняў, у 2008 годзе пасьля маёй нязгоды з адменай ільготаў і сацыяльных гарантый рэйтынг выстраліў амаль пад 25 працэнтаў, прыбралі і мяне. Так што наш прэзыдэнт цалкам адэкватна ацэньвае патэнцыял жанчын.

Аляксандар Лукашэнка і міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч падчас танца на першым Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасьці, 28 сьнежня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка і міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч падчас танца на першым Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасьці, 28 сьнежня 2018 году

Ірына Халіп: Мне падаецца, што ягоная ацэнка абсалютна неадэкватная. 22-гадовая прыгажуня, якую прасоўваюць. Яна не абіраецца, яе папросту ўжо прызначылі. Гэта сьмеху варта ў дачыненьні да такіх сапраўды выбітных асобаў, як тая ж Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Гэта абясцэньваньне жанчыны ў палітыцы.

«У Палаце прадстаўнікоў дастаткова шмат прафэсійных жанчын. Яны рабілі ўсё тое, што ім давяралі»

— Спадарыня Алена, у Палаце прадстаўнікоў даволі шмат жанчын. Было шмат чуваць пра ініцыятывы, заявы і дзеяньні вашыя і Ганны Канапацкай, і зусім мала вядома, што рабілі іншыя дэпутаткі. Як бы вы ацанілі актыўнасьць іншых жанчын у Палаце прадстаўнікоў?

Алена Анісім: У Палаце прадстаўнікоў дастаткова шмат прафэсійных жанчын, якія склаліся як выдатныя спэцыялісты ў галіне мэдыцыны, як адміністратары ў адукацыі ды іншых сфэрах. У Палаце прадстаўнікоў яны рабілі ўсё тое, што ім давяралі. Калі ім давяралі пасаду старшыні камісіі, яны добрасумленна арганізоўвалі правядзеньне пасяджэньняў камісіі, абмеркаваньне законапраектаў. Яны не настолькі вядомыя, як я і Ганна ў незалежных СМІ, затое яны больш аблашчаныя дзяржаўнымі СМІ.

Ці галасавалі яны калі-небудзь супраць? Даволі актыўна Палітыка Вольга Сяргееўна. Яна супраць алькагалізацыі насельніцтва, разам з многімі выступала за тое, каб падатак на праходжаньне тэхагляду і падатак на дарогі быў укладзены ў кошт аўтамабільнага паліва. Хаця ёсьць і праціўнікі такога падыходу. Жанчыны ў Палаце прадстаўнікоў, як правіла, акрамя нас з Ганнай, адкрыта не выступаюць па вострых палітычных ці сацыяльных пытаньнях. Хаця яны могуць і падзяляць наш пункт погляду, але ўсё ж адкрыта не выступаюць.

«Ганаруся тым, што ўдалося падчас дэпутацтва заснаваць унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча»

— Ірына Халіп заявіла, што калі трапіць у парлямэнт, ініцыюе імпічмэнт Лукашэнку. У гэтым складзе парлямэнту, напэўна, няшмат знайшлося б тых, хто падтрымаў яе.

Алена Анісім: Давайце згадаем працэдуру імпічмэнту 1996 году. Была вялікая колькасьць апазыцыйных дэпутатаў. Іх была большасьць, і ў іх гэта не атрымалася. І палітычныя сытуацыя ў грамадзтве тады была ня роўня цяперашняй. Заяўляць можам усё, што заўгодна, але палітыка — больш рэальная рэч, чым мы можам сабе ўявіць. Пажаданьні — гэта адно, а тое, што рэальна можна будзе ажыцьцявіць, за што трэба будзе адказваць, гэта трошачкі іншае. Таму я ганаруся тым, што мне ўдалося падчас дэпутацтва заснаваць унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча, няхай пакуль як прыватную ўстанову, але гэта надзея для тых дзяцей і бацькоў, чые дзеці вучацца ў беларускамоўных клясах і школах.

— Спадарыня Вольга, вы ў 1996 годзе таксама галасавалі за імпічмэнт і свой голас не адклікалі, як некаторыя. У адным з інтэрвію вы казалі, што няма розьніцы, жанчына ці мужчына ва ўладзе. У дэмакратычнай ці ва аўтарытарнай краіне няма розьніцы, жанчына ці мужчына ва ўладзе?

Вольга Абрамава: Якасьць кіраваньне залежыць не ад палітычнага рэжыму, хаця ён і задае правілы гульні. Лідэр нярэдка мяняе іх пад сябе, што асабліва характэрна для пераходных тыпаў улады і нестабільных грамадзтваў, а таксама рэвалюцыйных пэрыядаў. Галоўнае — асабістыя якасьці, якія дазваляюць стаць лідэрам і ўтрымліваць уладу. Гэта воля, у тым ліку воля да ўлады, амбіцыі, далягляд, адукацыя, жыцьцёвы досьвед, а таксама арганізатарскія здольнасьці. Нагадаю імёны жанчын з розных стагоддзяў — царыца Саўская, Кацярына Другая, Індыра Гандзі, Беназір Бхута, Карасон Акіна, Маргарэт Тэтчэр. Хацела б згадаць папулярны турэцкі сэрыял на тэму абсалютнай улады «Раскошнае стагодзьдзе», дзе жанчыны кіруюць мужчынамі, якія кіруюць імпэрыяй. Так што розьніцы няма.

— Калі вы даведаліся, што ў гэтай дыскусіі ўдзельнічае Ірына Халіп, якая ўжо пачала выбарчую кампанію, вы адразу сказалі, што вам падабаецца рашэньне Ірыны. Чаму вітаеце Ірыну на гэтым шляху?

Вольга Абрамава: Вітаю, таму што яна — вельмі цікавы чалавек. З 2008 году тое, што называюць парлямэнцкімі выбарамі, нудота і балота. Кажу як чалавек, які кіраваў выбарчымі кампаніямі ў Беларусі і Расеі. Я рада зьяўленьню Ірыны ў гэтым працэсе. Ірына — чалавек-тайфун, у сваім родзе рэінкарнацыя Марыі Спірыдонавай. Адрозна ад многіх кандыдатаў, яна не баіцца, што яе датэрмінова здымуць з выбараў, таму яе мэты — бяспройгрышныя, і яны сягаюць далей за парлямэнцкія выбары. Перакананая, што тое, што мы будзем назіраць зь яе ўдзелам, будзе цікава. Вылучэньне Ірыны — пост-мадэрнізм, гульня. Удала выкарыстоўваецца на нашым полі тэхналёгія, прапанаваная вядомым расейскім палітолягам, прафэсарам Валерам Салаўём. Яна прадстаўляе сумесь жорсткіх палітычных патрабаваньняў і папулізму.

Ірына стварае і прасоўвае ў масы сваю павестку, яна фармулюе праграму для будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Не для сябе, а для грамадзтва. Я б толькі прапанавала ёй зьмяніць слоган. Замест «мы вернем сабе выбары» — «мы вернем сабе Беларусь». Дэпутатам на гэтых выбарах яна ня стане. Думаю, што яна ня вельмі і імкнецца, але палітычную кампанію правядзе пасьпяхова, на мяжы фолу, парушаючы каноны і правакуючы. Посьпехаў ёй.

— Ірына, можа запросіце Вольгу Міхайлаўну ў каманду?

Ірына Халіп: Я марыла пра гэта. Вольга Міхайлаўна — чалавек на такім высокім пʼедэстале, што мне папросту не хапіла б рашучасьці да яе зьвярнуцца. Я ўжо разумею, у чым я хацела б прасіць яе кансультацыйнай дапамогі. Карыстаючыся выпадкам, я б хацела ёй падзякаваць за тую падтрымку, якую атрымала ад яе мая сямʼя падчас нашага з Андрэем зьняволеньня. Шчыра кажучы, мала ад каго мы чакалі такой падтрымкі, як ад Вольгі Міхайлаўны.

«Досьвед Гілары Клінтан пакуль што, напэўна, заўчасны для нас беларусаў»

— Пасьлядоўны крытык кампаніі «Гавары праўду» і прыхільнік байкоту выбараў палітоляг Павал Вусаў у інтэрвію Свабодзе сказаў, што «усе зараз хочуць прымерыць чапец Тацяны Караткевіч». Ён лічыць, што перавярнуць сытуацыю ў аўтарытарнай краіне можна толькі сілавым варыянтам. Вы ў свой час таксама выступалі за байкот. Ірына, а чый «чапец» вы прымяраеце на гэтых выбарах, калі паглядзець на выбарчы досьвед у іншых краінах?

Ірына Халіп: Я б хацела выкарыстаць досьвед беларускіх жанчын, нашых сучасьніц. Мне была вельмі цікавая кампанія Людмілы Гразновай у 1995 годзе. Яна балятавалася па маёй акрузе, я за яе падпісвалася, а потым галасавала. Мне вельмі цікавая была кампанія і досьвед Вольгі Абрамавай. Я шмат чаго зразумела, дзякуючы тым жанчынам, якія прысутнічалі раней і прысутнічаюць зараз у беларускай палітыцы. Досьвед Гілары Клінтан пакуль што, напэўна, заўчасны для нас беларусаў. Гэта потым.

— Алена, вы цяпер спрабуеце пераабірацца дэпутатам па Стаўпецкай акрузе № 70. Улічваючы ваш досьвед, што вы будзеце рабіць інакш, а што працягнеце? Якія ўрокі вы вынесьлі з дэпутацтва і што б параілі іншым, хто ідзе гэтай дарогай?

Алена Анісім: Праводзіць кампанію ў Менску — гэта адно, а ў Стаўпецкім, Нясьвіскім раёне — зусім іншае. Там ня пройдзе проста паставіць пікет і на гэтым канец. Там ты мусіш проста ісьці да людзей. У мяне працуе ініцыятыўная група, якая зьбірае подпісы. Сёньня будзе падводзіцца вынік таму, што ўдалося зрабіць у акрузе, які быў напрацаваны аўтарытэт. Мае высновы — трэба ня згортваць, а толькі шырэй разгортваць сваю дзейнасьць, шырэй і болей кантактаваць у пытаньнях, якія ўздымаюць выбарнікі, непасрэдна зь мясцовай уладай.

Яшчэ выснова, якую мне падказалі ў Радзе Эўропы, калі я там выступала і гаварыла пра стагодзьдзе БНР, пра тое, як Эўропа ў свой час не зьвярнула ўвагу на Беларусь, не падтрымала яе. І зараз не падтрымлівае, і ад гэтага церпяць беларусы. Тады нашы тэрыторыя раскінулі, яны аказаліся ў складзе некаторых эўрапейскіх дзяржаваў. І сёньня мы ня ў фокусе, мы плацім даражэй за ўсіх за візы. На гэта мне было сказана: вам трэба болей працаваць. І я зразумела гэта так, што нам трэба навучыцца фармуляваць і адстойваць свае інтарэсы і на эўрапейскім узроўні. А тым хто хацеў бы балятавацца, хацела бы сказаць: калі вы маеце досьвед, аўтарытэт, жаданьне нешта зьмяніць у лепшы бок, ідзіце наперад і заставайцеся самі сабой.

Як бы вы зьвярнуліся да жанчын, якія будуць удзельнічаць у выбарах у складах выбарчых камісій?

2018 год. Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Менск. Ілюстрацыйнае фота.
2018 год. Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Менск. Ілюстрацыйнае фота.

Вольга Абрамава: А я не зьбіраюся зьвяртацца да іх сумленьня. Апошнія гады наглядзелася такога, што адзінае, што сказала б: памятайце пра 192 артыкул Крымінальнага кодэксу. Дастаньце, пачытайце ўважліва і памятайце — да 5 гадоў тэрмін пакараньня за фальсыфікацыю на выбарах. Я лічу, што гэта вельмі маленькі тэрмін, таму што ў гісторыі чалавецтва, у прыватнасьці ў некаторых штатах ЗША былі прэцэдэнты нашмат горшыя, нават да сьмяротнай кары за скажэньне волі выбарнікаў. Выбары — гэта лёсы людзей. Як галасуем і як лічым, так і жывем.

Ірына Халіп: Я б хацела нагадаць, што гэта ня нам, ня мне пэрсанальна, ні іншым яны атручваюць жыцьцё, але таксама сваім дзецям і ўнукам. Гэта іх дзеці і ўнукі будуць жыць у застойным савецкім саюзе, а не ў эўрапейскай краіне. Няхай памятаюць пра гэта.

Алена Анісім: Шаноўныя сябры, усе мы хочам, каб да нас ставіліся справядліва і з намі паступалі па праўдзе. І хачу заклікаць вас жыць па праўдзе штодня на любой пасадзе ў любым месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG