Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Палітыка выказала Свабодзе свой погляд на знос крыжоў у Курапатах.
«Для мяне зразумела адно — калі гэтая падзея выклікала столькі супрацьлеглых выказваньняў, значыць, ня ўсё было зроблена так, як трэба было б.
Магчыма, мэты ў выканаўцаў гэтай акцыі былі самі па сабе і добрыя — навесьці парадак, пачысьціць тэрыторыю, надаць ёй прывабны выгляд. Але пры выкананьні любога рашэньня абавязкова трэба ўлічваць думкі людзей, іх пачуцьці, годнасьць, нацыянальныя і, урэшце, рэлігійныя традыцыі беларусаў».
Што адбылося?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Прывядзем у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было».
Сваё стаўленьне да гэтай падзеі раней выказаў і дэпутат Варанецкі.
Курапаты
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.
У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.