Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як правільна дзякаваць па-беларуску? ВІДЭА


Лідзкі дальнабойнік Валеры Мінец судзіўся зь міліцыяй за надпіс „Дзякуй Богу за перамогу 8. IХ.1514“
Лідзкі дальнабойнік Валеры Мінец судзіўся зь міліцыяй за надпіс „Дзякуй Богу за перамогу 8. IХ.1514“

Ці ўмеем па-беларуску правільна дзякаваць? Дзякуй — „вялікі” ці „вялікае“? Дзякуем „каму“ ці „каго“? А як адказаць на падзяку? Толькі не „калі ласка“!

Дзякуй — адно з найбольш адметных словаў беларускае мовы. Хоць падобныя словы падзякі маюць і суседзі, але форма дзякуй нас вылучае.

Дзякуй, дзяка

У сучаснай мове слова дзякуй — асноўнае слова падзякі.

Але можна дзякаваць і формамі дзеяслова дзякаваць :-) —​ шчыра дзякую Вам, дзякуем за пачастунак. Слова ў нас жыве прынамсі з XV стагодзьдзя.

Увага! Дзеяслоў дзякаваць патрабуе формы давальнага склону:
вельмі дзякую (каму?) табе, сябрам.

Гэта важнае адрозьненьне ад рас. благодарю (кого?) тебя.

У старой мове было слова дзяка (дзякі ў множным ліку, ужываліся некалі замест дзякуй) — тое самае, што падзяка: „Прымі ж нашу дзяку“, — зьвяртаўся Францішак Багушэвіч да Арэшчыхі — Элізы Ажэшкі.

(Дарэчы, падказка аматарам скарачаць словы ў электронным ліставаньні: ня „дзяк“, бо да яго патрэбны і поп, а дзяка.)

Ці хочаш у ярмо? — Э, не, дзякуй у шапку!

Слова „дзякуй“ чуваць у многіх устойлівых выразах.
Дзякуй Богу! — гэта і калі вельмі добра, і калі нечага многа, і калі адчуваюць радасьць ды палёгку. Ужываюць і „дзякаваць Богу“.

Апавяданьне К. Чорнага
Апавяданьне К. Чорнага

Дзякуй за ласку і нават дзякуй у шапку — зьедліва адкідаюць непрымальную прапанову.
Калі ня п’юць, то й ня дзякуй сэнс выразу блізкі да расейскага „в чужое просо не суй носа“.
Ні за дзякуй [прапасьці] — марна.

Выразы сытуацыйнага этыкету: Дзякуй гэтаму дому. Дзякуй за абед, што пад’еў дармаед.

Працаваць за дзякуй ‘бясплатна’ — выраз супадае з адпаведным расейскім. А прагматычная беларуская мудрасьць у цэлай чарадзе выразаў:

Дзякуем не адбудзеш (варыянт: Дзякуем не адбыць, трэба заплацiць)
Дзякуй не зьясі
Дзякаю (падзякаю) сыты ня будзеш
За дзякуй футра ня справіш / пірага ня купіш
Дзякуй ня дзякуй, а заплаціць мусіш

Вялікі дзякуй як вялікі трамвай

У гэтым пераліку цікавы першы выраз: слова дзякуй скланяецца як звычайны назоўнік. Юрась Бушлякоў цытуе Яўгена Рапановіча: „А што мне з твайго дзякуя? Якая цана яму, гэтаму дзякую? Зь дзякуем, брат, у краму ня пойдзеш. І на дзякуі не пражывеш…”.

Дзякуй як скланяльны назоўнік жыве ў сучаснай прозе:

У нашым пакоi Вiцю неяк пачаставалi пластачкаю сала са зробленым з газэтнага фатаздымку выразным адбiткам Брэжнева. Нашчадак каралеўскiх кухмiстраў паклаў сала з партрэтам на хлебную лусту i, не сашкрабаючы генсека, з годнасьцю зжаваў, але замест дзякуя паабяцаў, што наступнага разу ўсiх закладзе i нам прышыюць палiтыку.
(Уладзімер Арлоў. Рыба i iншыя)

А якога роду назоўнік „дзякуй“? У такой форме — толькі мужчынскага: вялікі дзякуй як вялікі трамвай. І хоць афіцыйны слоўнік дапускае для дзякуй ніякі род (хоць у нас ну зусім няма скланяльных назоўнікаў ніякага роду на -й), але літаратурная традыцыя — за мужчынскі. Гэта і Брыль, і Лынькоў, якія пісалі вялікі дзякуй, і п’еса Анатоля Вярцінскага „Дзякуй, вялікі дзякуй“.

Danke schön! — Дзякуй! шо?

Словы падзякі з гэтым коранем уласьцівыя большасьці моваў нашага рэгіёну:
у чэскай děkuji і размоўнае díky;
у славацкай ďakujem;
ва ўкраінскай дякую;
вядома ж, у польскай dziękuję i dzięki;
у верхня- і ніжнелужыцкай адпаведна dźakuju so і źěkujom se.

Амаль усюды гэта дзеяслоў першай асобы, наша слова дзякуй у гэтым сэнсе ўнікальнае. Польскае dzięki ў ролі назоўніка множнага ліку ўспрымаецца як кніжнае і гэта не асноўная падзяка. Літоўскае dėkui (ужываецца поруч з ačiū) — старадаўняе пазычаньне зь беларускай мовы.

Японскі каліграф выпісвае беларускае слова „дзякуй“. Японія, верасень 2019 г. Фота І. Карнея
Японскі каліграф выпісвае беларускае слова „дзякуй“. Японія, верасень 2019 г. Фота І. Карнея

Як бачым, дзякуе вялікі рэгіён славянскіх і балцкіх моваў — ад Одры да Дняпра, ад Балтыкі да ўкраінскіх стэпаў. Але мовазнаўцы амаль упэўненыя, што гэтае слова — германізм. У беларускую яно прыйшло, хутчэй за ўсё, праз польскую, а туды праз чэскую, зазнаўшы па дарозе пакручастыя гукавыя зьмены. Нямецкі корань danc тады азначаў „мысьліць“, але ў сучаснай нямецкай мове danke гэта ‘дзякуй’. І на ідыш дзякуюць a dank — германізмам.

На „дзякуй“ адказ траякі

На слова дзякуй адказваем залежна ад сытуацыі, у якой нам дзякуюць і за што дзякуюць, — прынамсі трыма рознымі спосабамі.

1. Мы адчынілі дзьверы чалавеку, у якога занятыя рукі. Ён кажа:

— Дзякуй!

Наш адказ:

— Няма за што!
(нават калі адчыніць тыя дзьверы было дужа цяжка).

У расейскай таксама ёсьць „не за что“, але ўжываецца радзей, чым у беларускай мове.

Дарэчы, суворы пурыст і знаўца беларускае мовы Ян Станкевіч павучаў, што беларусу не даволі сказаць няма за што, але трэба яшчэ і выбачыцца, што не ўгадзіў ляпей. То бок:

— Дзякую вам! — Няма за што, выбачайце!

2. Наступная сытуацыя. Накармілі гасьцей, яны кажуць:

— Дзякуй!
Наш адказ:
— На здароўе!
Гэта калі есьці толькі пачалі, то скажам ім Смачна есьці або Смачнога! (і ўжо госьці дзякуюць у адказ).

3. Яшчэ часты выпадак. Падаравалі дзіцяці цацку, яно кажа:​

— Дзякуй!
Наш адказ:
— Расьці вялікі(-ая)!

Ёсьць унівэрсальны адказ на падзяку, як нагадвае Анатоль Клышка:

Спажывай /-це на здароўе!
ці
На спажытак [вам, табе].

І не калькуйма з расейскай мовы дыялёг „спасибо пожалуйста“ ўяўным „дзякуй калі ласка“! Беларускі ветлівы выраз „калі ласка“ перш гэта была поўная формула “калі на тое будзе вашая ласка” суправаджае просьбу: Перадайце, калі ласка. Калі ласка, не крыўдуйце.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG