Нядаўна ў рубрыцы “Сем прыступак у сьвет мовы”, якая выходзiць у газэце “Звязда”, яе аўтар Арнольд Мiхневiч вяртаўся да пытаньня пра род назоўнiка дзякуй. Прафэсар Мiхневiч сьледам за шэрагам беларускiх слоўнiкаў адзначыў, што дзякуй – назоўнiк нiякага роду.
Форма дзякуй – ад нямецкага паходжаньнем дзеяслова дзякаваць. Сьпярша форма дзякуй ужывалася ў ролi часьцiнкi (дзякуй вам за ўсё, дзякуй на добрым слове), а пасьля дзякуй стаў яшчэ й назоўнiкам. Цi ёсьць у нашай мове назоўнiкi нiякага роду, якiя закончваюцца на [й] (ёт)? Глядзеце: гай, рай, край, ручай, бой, набой, сырадой i гэтак-гэтак далей – усе чыста словы з канцавым ётам мужчынскага роду. У жывой беларускай мове дзякуй, пачынаючы функцыянаваць у ролi назоўнiка, афармляўся, як правiла, на ўзор шматлiкiх уласнабеларускiх словаў зь ётам на канцы – значыць, як слова мужчынскага роду. Калi мы, вызначаючы род, зыходзiм з фактаў традыцыйнага беларускага маўленьня, тады ня можам не прызнаць, што дзякуй у беларускай мове – мужчынскага роду. А вось ужываньне слова дзякуй як назоўнiка нiякага роду ў вялiкай ступенi абумоўлена ўплывам адпаведнае расiйскае формы (спасибо – большое, огромное й г. д.).
Насуперак маўленчай практыцы, нарматыўныя слоўнiкi фiксуюць яшчэ, што назоўнiк дзякуй не скланяецца. Першае пацьверджаньне, што скланяецца, у нас пад рукою, у добра знанай прыказцы: Дзякуем не адбыць – трэба заплацiць. Мовазнаўца Яўген Рапановiч, пiшучы гадоў з дваццаць назад пра слова дзякуй, паказваў, як лёгка яно зьмяняецца ў аўтэнтычным беларускiм маўленьнi: “А што мне з твайго дзякуя? Якая цана яму, гэтаму дзякую? Зь дзякуем, брат, у краму ня пойдзеш. І на дзякуi не пражывеш…”.
Не скланяючы ў лiтаратурным ужытку назоўнiка дзякуй, мы зьмярцьвяем яго, адбiраем долю жыцьця. Памятайма пра гэта, а яшчэ абавязкова й пра тое, што слова дзякуй – такi самы назоўнiк мужчынскага роду, як бой, гай або рай. Гаворым па-беларуску: вялiкi дзякуй, сардэчны дзякуй, шчыры дзякуй, сыноўскi дзякуй, наш дзякуй, адзiн дзякуй.