Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым бы мы сёньня ганарыліся, каб не 17 верасьня 1939 году


Напады Нямеччыны і СССР на Польшчу 1 і 17 верасьня 1939 году трагічным колам раструшчылі жыцьцё маёй сям’і.

Трагедыя сям’і

Мой бацька Павел Абламейка — грамадзянін Польшчы паводле нараджэньня. Ягоныя бацькі, дзяды і прадзеды спрадвеку жылі ў вёсцы Кожава Карэліцкага раёну на Гарадзеншчыне.

Пасьля прыходу саветаў, яго сям’я страціла шмат гектараў сваёй зямлі, свой лес і тартак у тым лесе.

Мой заможны прадзед Трафім ад бедаў, якія прынесьлі з сабой саветы, памёр у 58 гадоў яшчэ да вайны, у 1940 годзе, яго не пасьпелі раскулачыць

Саветы ў 1944 годзе заграблі ў Чырвоную армію майго дзеда Сэрафіма, грамадзяніна Польшчы, які праз тры месяцы, 11 сьнежня 1944 году, загінуў у Славаччыне падчас бессэнсоўнага савецкага наступу, які Сталін пасьля назваў тактычна непатрэбным, але важным для таго, каб паказаць саюзьнікам салідарнасьць СССР пасьля адкрыцьця другога фронту.

Мая бабуля Люба, яшчэ зусім маладая, была вымушана адна гадаваць траіх дзяцей, весьці гаспадарку і прыніжана прасіць у калгаснага конюха (былога нашага парабка) свайго ж каня для прысядзібных прац.

Мой бацька пасьля вайны прапусьціў аднойчы год школы, бо ў яго не было зімовага абутку. А грошай купіць абутак не было таму, што бабуля іх зьбірала, каб сплаціць дзікія падаткі, якімі сялян абклаў «бацька народаў» Іосіф Сталін.

Перажыты боль і трагедыю сям’і нельга забыць і цяжка дараваць. Я пра гэта помню заўсёды.

А была яшчэ і трагедыя сям’і маёй мамы, Алісы Паўлавай. Жыцьцё бабулі Веры з дачкой у акупаваным Менску, выкіданьне немцамі з нашай кватэры на вуліцы Інтэрнацыянальнай, цяжкае раненьне і фактычная інваліднасьць дзеда Васіля — савецкага афіцэра і партызана, пасьляваеннае несправядлівае асуджэньне яго на 10 гадоў ГУЛАГу і т. д.

Маё стаўленьне да хору асуджэньня

Але я не падзяляю дружны хор асуджэньня, які гучыць кожны год 17 верасьня ў беларускім інтэлектуальна-інфармацыйным дыскурсе. Маўляў, прыйшлі саветы, людзі трапілі ў савецкі канцлягер і т. д.

Кожнаму чалавеку са здаровым глуздам зразумела, што без 17 верасьня 1939 году самі беларусы ў ХХ стагодзьдзі ніколі б ня здолелі аб’яднацца ў адну дзяржаву


Гэта гісторыя, яе не пераробіш. І ўзьяднаньне народу, хай сабе і ў камуністычным СССР — усё ж узьяднаньне, і адна з самых важных дат беларускай гісторыі.

Кожнаму чалавеку са здаровым глуздам зразумела, што без 17 верасьня 1939 году самі беларусы ў ХХ стагодзьдзі ніколі б ня здолелі аб’яднацца ў адну дзяржаву. Ніколі.

Гэта як зь Літвой і Вільняй. Літоўцы атрымалі Вільню коштам страты незалежнасьці і трапілі ў склад СССР. Былі рэпрэсіі, высылкі, сямейныя трагедыі. Але ніхто там сёньня не пачне публічна шкадаваць палякаў і тым больш беларусаў, якія ў верасьні і кастрычніку 1939 году па чарзе Вільню страцілі.

А што ж мы такія неразумныя і неўразумелыя?

Чаго Беларусь магла ня мець

Вось чаго Беларусь сёньня ня мела б, каб не падзеі верасьня 1939 году:

  • Тысячагадовых Берасьця і Пінску зь іх гісторыяй і помнікамі
  • Старажытнай Горадні з двума каралеўскімі замкамі і цудоўнымі помнікамі архітэктуры
  • Першай сталіцы ВКЛ — старажытнага Наваградка з замкам Міндоўга
  • Замкавых комплексаў у Міры і Нясьвіжы, якія цяпер знаходзяцца у сьпісе сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, і якія сталі сучасным брэндам краіны
  • Трэцяга ў сьвеце помніка архітэктуры барока — нясьвіскага Фарнага касьцёлу і ўсёй гістарычнай забудовы Нясьвіжа
  • Замкаў у Крэве, Лідзе, Любчы, Ружанах, Гальшанах, Гайцюнішках і іншых месцах.
  • Цудоўных помнікаў беларускай готыкі ў Сынкавічах, Мураванцы, Ішкальдзі, Усялюбе і інш.
  • Адной зь беларускіх духоўных апораў — манастырскага комплексу ў Жыровічах з цудадзейным абразом Жыровіцкай Божай Маці.
  • Санктуарыя ў Будславе зь яго адным зь нямногіх у сьвеце каранаваных абразоў Будслаўскай Божай Маці
  • Белавескай пушчы зь яе зубрамі
  • Налібоцкай пушчы
  • Возера Сьвіцязь
  • Возера Нарач
  • Браслаўскіх азёраў

І соцень іншых цудоўным гарадоў, мястэчак, мясьцін і помнікаў гісторыі, культуры і прыроды, а таксама аб’ектаў спадчыны габрэйскага і татарскага народаў. (Не кажу тут пра палякаў, літоўцаў і ўкраінцаў, зь якімі ў нас часта агульная спадчына).

І самае галоўнае

Як бы мы сёньня жылі без людзей Заходняй Беларусі, якія праз усю другую палову ХХ стагодзьдзя і ў нашы дні стваралі і ствараюць нашу навуку, культуру дый проста жывуць сярод нас, якія сталі часткай нашых сем’яў, нашымі роднымі, нашымі калегамі і сябрамі, сталі часткай нашага жыцьця? Як нам бязь іх?

Паглядзіце вакол сябе — мы ж адзін народ!

І ўсё гэта стала магчымым таму, што 17 верасьня 1939 году дзьве часткі Беларусі, хай сабе і праз трагічныя падзеі і наступствы, былі аб’яднаныя ў адно цэлае.

Гэта кампэнсацыя за перажытае, бонус гісторыі. Таму варта дзякаваць ёй за гэта!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG