Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзядзька Мішук знайшоў адказ пра аб’яднаньне Беларусі ў 1939 годзе


Вячаслаў Мішук
Вячаслаў Мішук

Пра падзеі 17-га верасьня 1939 году і наступствы гэтай даты для беларусаў можна было б напісаць эпапэю. Але ўпершыню за гады сёлета не хацелася пісаць нават радка. Усё праз Вячаслава Мішука.

Так завуць майго аднавяскоўца. Нарадзіўся ён у Налібаках, потым жыў і працаваў у Менску, эміграваў на 20 гадоў у ЗША, а нядаўна вярнуўся зь Нью-Ёрку ў Беларусь. Сёньня ён ізноў жыве ў Менску і Налібаках.

«Думаў раней хату прадаць, але добра, што не пасьпеў», — кажа спадар Вячаслаў і з гонарам паказвае, што ўжо пасьпеў зрабіць, і што зьбіраецца перарабіць у бацькавай хаце.

Гэта хата Мішукоў. Маці спадара Вячаслава Зося з Грыгарцэвічаў, якія жылі ў суседняй вёсцы Несьцеравічы. Пра Грыгарцэвічаў ён пачынае аповед, калі мы сядаем пры круглым стале ў гасьцёўні.

«Увесь наш род адсюль. Мой прадзед Дзяніс пахаваны на налібацкіх могілках, і што цікава, падпісаны не Грыгарцэвіч, а Рыгорцавіч. Калі мы былі малыя, то не маглі зразумець, чаму дзед быў Рыгорцавічам, а мы цяпер Грыгарцэвічы», — распавядае сп. Мішук.

Пошук адказу на гэтае пытаньне заняў у сп. Вячаслава шмат гадоў. Але незразумелых і заблытаных момантаў у сямейнай гісторыі Грыгарцэвічаў аказалася значна больш.

Грыгарцэвіч-бальшавік

Возера ў Налібаках. Від з двара Вячаслава Мішука
Возера ў Налібаках. Від з двара Вячаслава Мішука

​У І Сусьветную вайну Налібацкі край апынуўся ў прыфрантавой паласе. Лінія фронту праходзіла па Нёмане і Налібацкай пушчы. У 1918 годзе нямецкія войскі пачалі адступаць і апусьцелыя вёскі займала Чырвоная Армія. Бальшавікі стваралі мясцовыя органы ўлады — камітэты беднаты. 19 сьнежня такі камітэт утварылі ў Налібаках, а яго камісарам стаў Гіполіт Грыгарцэвіч, родны брат дзеда сп. Вячаслава.

Але ўсталяваць савецкую ўладу ў Налібаках так і не ўдалося. Беларусь падзялілі на рыскай канфэрэнцыі 1921 году і гэтыя землі адышлі да Польшчы. Бальшавікі зьніклі.

«Ня ведаю, як так сталася, што Гіполіт стаў бальшавіком. Дома пра гэта ня ўзгадвалі. Як той дзед Гіполіт зьвязаўся з бальшавікамі, так і зьнік разам зь імі», — кажа Вячаслаў Мішук.

Грыгарцэвіч-амэрыканец

У гэты час у Амэрыцы ўжо будаваў свой бізнэс родны брат Гіполіта Антон Грыгарцэвіч. У 1910 годзе ён паехаў туды на заробкі і застаўся. Праўда, з новым прозьвішчам. Міграцыйныя службы ў Нью-Ёрцы вырашылі спрасьціць прозьвішча налібачаніна і пакінулі толькі канцоўку — Цэвіч.

Неўзабаве да яго з Налібацкай пушчы прыехала і жонка. Яны пасяліліся на Лонг — Айлэндзе, і адкрылі фэрму качак. Жонка з часам нарадзіла пецярых дзяцей, гаспадарка расла, а сям’я багацела.

Грыгарцэвіч-пустэльнік

Калі ехаць з Налібак у бок возера Кромань, то трэба мінуць хутар Прудзішча, або, як яго яшчэ называюць, Галінý. Гэта вотчына Яся Грыгарцэвіча, дзеда сп. Вячаслава, роднага брата Антона і Гіполіта. Тут гадавалася і маці Вячаслава.

Старая дарога з Налібак на Кромань
Старая дарога з Налібак на Кромань

«У дзеда было ажно шасьцёра дзяцей, а жонка памерла. Ён ажаніўся зноў, і паехаў зь Несьцеравіч жыць на хутар. Гэта ўжо было пры Польшчы. Відаць праз гэта дзеду далі мянушку "Пустэльнік", бо паехаў у гэтую пустэчу», — распавядае гаспадар.

Першыя крокі ў «пустэчы» былі драматычныя. Але дзеці падрасталі, пачалі дапамагаць бацьку і гаспадарка расла. У Прудзішчы Грыгарцэвічы пабудавалі млын і валюш, дзе валілі сукно. Яны трымалі 2-3 каровы і трое коней, а таксама пасеку пчолаў на 40 вульляў.

Грыгарцэвіч-паляк

Старэйшым сынам дзеда Яся быў Валеры. Ужо «пры паляках» ён пайшоў у Войска Польскае. Прыйшоў з арміі падафіцэрам.

«Гэта ж было пасьля 1921 году, ідэалёгія польская была моцная, і ён вярнуўся з войска "палякам". Бацька кажа яму: "- Валера, ідзі, працуй". А ён бацьку кажа: "- Мое рэнцы ня служаць да працы". І ён заняўся абучэньнем моладзі ў парамілітарнай арганізацыі "Стральцоў", быў за польскую ўладу», — кажа Мішук.

Грыгарцэвіч — сацыяліст

Вёска Несьцеравічы, радзіма Грыгарцэвічаў
Вёска Несьцеравічы, радзіма Грыгарцэвічаў

​Другі сын дзеда Яся, брат Валерыя, Дывоніс, быў прыхільнікам улады ў Савецкай Беларусі. Ён хадзіў са свайго хутару каля Кроманя за Нёман, удзельнічаў у падпольных гуртках сацыялістаў, прыносіў адтуль улёткі, газэты, літаратуру.

«Той Валеры казаў дзеду Ясю: »- Бацька, ты скажы толькі, каб ён безь мяне гэта рабіў, а то як я ўбачу, то начышчу яму пятак". Дывоніс быў вельмі рукасты. Зрабіў нейкае кола на возеры ў Налібаках, якое круцілася і давала энэргію. А пасьля вайны ў калгасе сам зрабіў млын", — распавядае сп. Вячаслаў.

За сваю антыпольскую дзейнасьць Дывоніс Грыгарцэвіч у міжваенны час прасядзеў два гады ў турме.

«Дзед мой Ясь быў граматны. Пачытае газэту, што сын Дывоніс прывозіў з БССР і, маці распавядала, сядзе на варстак, каб быць вышэй за іншых, пастукае рукою аб стол і кажа: — Хлопцы, я лічу, там лепш для беднага народу, там лепшае права, там народнае права», — кажа Мішук.

«Ня тыя саветы прыйшлі»

Могілкі ў Налібаках, дзе пахаваныя Рыгорцавічы і Грыгарцэвічы
Могілкі ў Налібаках, дзе пахаваныя Рыгорцавічы і Грыгарцэвічы

​17 верасьня дзед Ясь даведаўся, што ў Налібакі прыехалі бальшавікі. Ён запрог свайго выязнога жарабца ў брычку і паехаў у мястэчка.

«Паставіў каня і ходзіць па вуліцы, глядзіць. Салдаты ў шынялях да пят, шапкі з пупамі, хтосьці пад сядлом, у кагосьці мяшок з саломай пад азадкам. Прыходзіць і кажа: »- Што ж гэта такое, чаму ж у іх коні такія худыя, чаму ж яны самі такія брудныя. Я лічу, што гэта ня тыя саветы прыехалі«, — кажа і сп. Вячаслаў і сьмяецца.

Доўгі час гэты выраз пра «ня тых саветаў» быў вельмі папулярным у пушчы. Але ў 1939 годзе было не да сьмеху.

Праз пару дзён у Налібакі нечакана прыехаў Ясеў брат Гіполіт, які зьнік з бальшавікамі і пра якога 20 год ніхто нічога ня чуў. Заехаў у Прудзішча.

«Паглядзеў, што там брат пабудаваў. Ёсьць млын, ёсьць валюш. І кажа: «Ясь, цябе ж раскулачваць трэба. У цябе авечкі, коні, каровы. Ты ж кулак». Дзед пахадзіў і кажа: «Гіполіт, едзь да... матары туды, адкуль прыехаў. Ты ня бачыў, як я сюды прыехаў з малымі дзецьмі, як мне было цяжка, як вырасьлі дзеці і як мы самі ўсё зрабілі. Едзь адсюль», — распавядае Вячаслаў гісторыю, якую пачуў ад сваёй маці.

Дзеда Яся не раскулачылі. Празь месяц у Налібаках пачаліся арышты. 11 кастрычніка на хутары Зыкавічы арыштавалі Ясевага сына Валеру, падафіцэра Войска Польскага, які працаваў лясьніком.

У ліпені наступага году «асобая нарада» асудзіла Валеру за антысавецкую дзейнасьць на 8 гадоў ГУЛАГу ў Комі. Паводле дакумэнтаў арганізацыі «Мэмарыял», 29 верасьня 1941 году Валерыя Грыгарцэвіча вызвалілі. Але сваякі яго больш ніколі ня бачылі і ніколі ня чулі пра ягоны лёс.

Зьнік і Гіполіт. Пасьля той размовы з братам у Прудзішчы сувязі згубіліся і яго больш ніколі ў Налібаках ня бачылі.

Мішук-беларус

Возера Кромань
Возера Кромань

​Гісторыя сям’і сп. Вячаслава — гэта гісторыя Беларусі ў мініятуры. Бальшавікі, амэрыканскія капіталісты, прыхільнікі Польшчы, яе ахвяры, тутэйшыя.

Сваякі сп. Вячаслава жывуць сёньня ў Беларусі, Польшчы, Канадзе і ЗША. Ягоны траюрадны брат, хакеіст Джон Мішук з Канады, дарэчы, першы ўраджэнец Беларусі, які пачаў граць у NHL, і лічыць сябе сёньня канадцам. Нехта са сваякоў сёньня паляк і амэрыканец. У такім гармідары складана зразумець, хто ты сам. У савецкай беларускай школе знайсьці адказ на пытаньне пра ідэнтычнасьць і гісторыю не было шанцаў. Давялося разьбірацца самому.

«Мая маці, якая нарадзілася ў часы Расейскай імпэрыі, у 1907 годзе, не хадзіла ў школу. Ані ў расейскую, ані ў беларускую, ані ў польскую. Але ў яе была чысьцюткая беларуская мова. Дзед Ясь таксама гаварыў па-беларуску, прадзед Рыгарцэвіч таксама па-беларуску. Хто іх мог прымусіць гаварыць на гэтай мове? Ніхто. Калі ўсталявалася польская дзяржава, то польская эканоміка і культура былі мацнейшымі, чым расейская і беларуская ў СССР. Была польская школа. І вядома, людзі пачалі пісацца на перапісе палякамі. Нават нашае прозьвішча зьмянілася з Рыгорцавічаў на Грыгарцэвіч. Але ўсё роўна мы гаварылі па-беларуску», — разважае Вячаслаў Мішук.

Апошнюю кропку ў пошуках сваёй ідэнтычнасьці паставілі Грыгарцэвічы-амэрыканцы, дзеці Антона Цэвіча, які трапіў у Амэрыку ў 1910 годзе.

«Калі да іх упершыню прыехалі нашыя сваякі зь Беларусі, ужо пасьля распаду СССР, то яны пачалі вітацца зь імі па-польску і чакалі, што на гэтай жа мове адкажуць і Цэвічы. Але сын Антона адказаў на чысьцюткай беларускай мове: »- А чаго ты на польскай мове да мяне зьвяртаешся?" — «Як, мы ж палякі?», — кажа сваяк зь Менску. А той адказвае: — «Якія мы палякі, мы беларусы». На могілках помнік дзеда Антона падпісаны лацінкай па-беларуску, ён памёр у 1952 годзе. Яны жылі ў Амэрыцы з 1910 году, ніхто ня мог гвалтам зьмяніць іх сьвядомасьць. Яна была такой, як і стагодзьдзе таму. Дык для мяне пытаньне ідэнтычнасьці ўжо закрытае", — гаворыць сп. Вячаслаў.

Лінія канфлікту 1939 году праходзіла для продкаў Вячаслава Мішука не па мапе Беларусі, а па ўласнай сям’і. Абмеркаваць значэньне даты 17-га верасьня мы так і не пасьпелі. Узьяднаньне, далучэньне, захоп, справядлівасьць ці не? Адказы на гэтыя пытаньні сёньня мала цікавяць Мішука. Свой адказ на галоўнае пытаньне, якое яго даўно хвалявала, ён ужо знайшоў. Рэшта — гэта нязначныя дэталі, на якія Мішуку шкада часу. Ёсьць дзяржава, куды ён вярнуўся з Амэрыкі, ёсьць месца, дзе пахаваныя яго дзяды, і ёсьць той самы пляц зямлі, дзе яны жылі і куды сёньня Вячаслаў Мішук прыяжджае, каб аднаўляць бацькаву хату, свой беларускі дом.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG