Чаму той, хто пацярпеў ад памылкі доктара, мусіць судзіцца некалькі гадоў? І ад каго трэба бараніць мэдыкаў? Сабралі 4 драматычныя гісторыі, у якіх у пацыентаў свая праўда, у лекараў — свая.
23 вырваныя зубы ацанілі ў 10 тысяч рублёў
Надзея Хлебнікава зьвярнулаcя ў другую стаматалягічную паліклініку Менску, каб замяніць на пярэдніх зубах дзьве каронкі з мэталакерамікі, якія прастаялі 17 гадоў.
«Спачатку мне хірург, якая выдаляла зуб, занесла інфэкцыю. Тры месяцы я хадзіла са шлянгам з роту, пакуль рана зажыла. Потым загадчык аддзяленьня мне крыва паставіў укладкі (адна зь іх прапарола канал — гэта бачна на здымку), і зрабіў зубы значна даўжэйшыя за мае родныя, да таго ж яны былі іншага колеру. Адзін зуб тырчаў. Я плакала, бегала па лекарах, па кансультацыях...» — Надзея не хавае сьлёз.
Да 67 гадоў спадарыні Надзеі ўдалося захаваць 23 здаровыя зубы — у яе была бабуля-стаматоляг, якая зь дзяцінства прывучыла правільна даглядаць зубы.
За 5 гадоў Надзеі зрабілі 30 рэнтгенаўскіх здымкаў, паставілі дыягназы: гальваноз, нэўралгія трайнічнага нэрва твару, экзастозы, нэўрапатыя. Дакумэнтальна пацьверджана, што за 3 месяцы 2015 году яна 20 разоў зьвярталася да стаматолягаў з прычыны боляў, у 2016 — 26, у 2017 — 11 разоў.
Прафэсар катэдры артапэдычнай стаматалёгіі Менскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту Сямён Навумовіч напісаў заключэньне, што ўстаўныя зубы выклікалі пэрыядантыт, у пацыенткі парушаны прыкус, вышыня ўстаўных зубоў на 2–4 мм большая.
«Калі я прынесла гэтае заключэньне ў другую клініку, мне сказалі: „Мы вернем вам грошы. Але лепшых спэцыялістаў, чым той, што ставіў вам зубы, няма“. І параілі зьвярнуцца ў іншую клініку».
Надзея Хлебнікава зьвярнулася ў 7-ю стаматалягічную паліклініку, дзе ёй рабілі першыя каронкі 17 гадоў таму. Там паабяцалі за месяц усё перарабіць. У выніку сьпілавалі пад корань 23 зубы.
«Іх нават не было бачна з-пад дзясны. Тырчалі толькі жалезныя ўкладкі. Было балюча, я саромелася адкрыць рот, перастала выходзіць з дому — гэта эмоцыі. Але быў нясьцерпны боль! Мне ў адзін з каналаў увялі электраліт, заплямбавалі, і мяне ў прамым сэнсе біла токам. Спачатку выдалялі ўкладкі — іх было 13, сьвідравалі каналы. Гэта было так балюча і страшна! А потым вырвалі і карані зубоў, якія былі пад дзяснамі», — кажа Надзея.
Пасьля гэтага гаворка ішла ўжо толькі пра здыманыя сківіцы. Былі кансыліюмы, куды запрашалі іншых спэцыялістаў.
«Яны казалі: „Што за байкі вы нам распавядаеце? Стаматоляг так зрабіць ня мог!“ Дарэчы, абодва стаматолягі працуюць дагэтуль.
Тады я зьвярнулася па дапамогу да праваабаронцы Тамары Сяргей, а таксама ў суд і ў Сьледчы камітэт. Сьледчая Мядзьведзева ні разу са мной не сустрэлася. А ў якасьці экспэртаў запрасіла калегаў стаматоляга, што зьнявечыў мяне. Я гэтае заключэньне патрымала ў руках 10 сэкундаў, потым паперу ў мяне вырвалі. Я пасьпела толькі пабачыць, што яны напісалі: усё было зроблена па просьбе пацыенткі, правільна і прафэсійна граматна».
Надзея прайшла чатыры суды. Першы суд — у Маскоўскім раёне Менску — яна выйграла, за 23 вырваныя зубы ёй прысудзілі кампэнсацыю ў 75 даляраў. Потым быў другі суд — ужо ў Фрунзенскім раёне, прысудзілі 250 даляраў.
«І толькі калегія Менскага гарадзкога суду вынесла рашэньне: 7-я стаматалягічная паліклініка павінна выплаціць мне 10 тысяч рублёў».
З прычыны туга накладзенага гіпсу хлопчыку ампутавалі руку. Лекары абышліся лёгкім спалохам
11-гадоваму Станіславу з аграгарадку Якубава Дубровенскага раёну ў Аршанскай райбальніцы ў 2014 годзе наклалі гіпс на зламаную левую руку і адправілі дадому. Празь некалькі дзён загіпсаваная рука счарнела, яе давялося ампутаваць.
Спачатку ўсю віну ўсклалі на дубровенскага хірурга Юрыя К., якога абвінавацілі ў неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў (артыкул 162, частка 2). Траўматоляга ў Дубровенскай бальніцы тады не было, а Юры К. — паводле спэцыялізацыі абамінальны хірург (гэта значыць, які займаецца апэрацыямі на брушной поласьці).
Было некалькі судоў. У 2015 годзе суд вызваліў лекара ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі з амністыяй, а ў 2018 годзе апраўдаў.
Стасу цяпер 16, яму памянялі ўжо трэці пратэз. Ён дае сабе рады, але ягоная дзіцячая мара — стаць афіцэрам — ужо ніколі ня спраўдзіцца.
Тры гады хіміі і 60 тысяч рублёў — за сьмерць па неасьцярожнасьці
Анатоль Кавалевіч з Рэчыцы памёр ад лёгачна-сардэчнай недастатковасьці ў траўні 2016 году. У інфэкцыйнае аддзяленьне раённай бальніцы ён трапіў з дыягназам «фалікулярная ангіна». Там ня раз скардзіўся на боль у горле, прасіў выклікаць оталярынголяга, але дзяжурныя тэрапэўты — Тацяна К. і Кацярына Ш. — праігнаравалі ягоныя просьбы. Пачаліся ўскладненьні, у тым ліку стэноз гартані, рэанімацыйныя дзеяньні не дапамаглі.
Удава Анатоля Кавалевіча два гады даводзіць па судах: у сьмерці Анатоля вінаватыя лекары. Лекарам усё ж прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу, а таксама штрафы — па 40 базавых велічынь.
Сям’і пацярпелага прысудзілі кампэнсацыю ў памеры 60 тысяч рублёў. Маладым спэцыялістам забаронена займацца мэдычнай практыкай на працягу пяці гадоў.
Ганна Кавалевіч цяпер адна гадуе траіх дзяцей. Малодшаму сыну чатыры гады, дачцэ — дзевяць, старэйшаму сыну 15 гадоў.
«Гэта забрала ў мяне частку жыцьця. Але я прашу людзей, каб яны не былі абыякавымі, не праходзілі міма такіх выпадкаў халатнасьці і безадказнасьці», — кажа Ганна Кавалевіч.
У заканадаўстве няма тэрміну «мэдычная памылка»
Юрыст Кацярына Арлоўская шмат гадоў абараняла ў судах і лекараў, і пацыентаў. Цяпер яна стварае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Мэдычнае права».
«Тэрміна „мэдычная памылка“ ў беларускім заканадаўстве няма, хоць у законах многіх краін, у тым ліку і ў Расеі, такое паняцьце і вызначэньне ёсьць.
Неабходна дакладна дыфэрэнцыяваць, дзе была неахайнасьць, халатнасьць, дзе была немагчымасьць правільна аказаць мэдычную дапамогу, дзе была неасьцярожнасьць, дзе быў намер, дзе памылка і віна. А наша заканадаўчая база не падрыхтаваная да гэтага», — кажа юрыстка.
Адвакат, кандыдат юрыдычных навук Віталь Каляда абараняў лекараў у некаторых рэзанансных справах. На яго думку, у лекара павінна быць права на прафэсійную рызыку.
«Як бы мэдыцына ні разьвівалася, усе фактары прыняць пад увагу лекар ня можа.
Гэта заўсёды рызыка. Павінен быць інструмэнт разьмежаваньня паміж прафэсійнай нядбайнасьцю, халатнасьцю, лекарскай памылкай. Любое нэгатыўнае наступства не павінна закідацца лекару як яго прафэсійная памылка. Так што заканадаўства павінна мяняцца», — перакананы адвакат Віталь Каляда.
У кожнага свая праўда. У мэдычнага адміністратара — свая, у лекара — свая, у пацыента — свая, у суду — свая, дадае адвакат.
Старшыня Беларускай асацыяцыі лекараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзьмітры Шаўцоў таксама прызнае:
«Лекарская памылка трактуецца праваахоўнымі органамі некалькі іначай, чым думаюць лекары. Яшчэ вастрэй гэтае пытаньне стаіць і ў РФ. Таму існуюць судова-мэдычныя экспэртызы, заключэньні спэцыялістаў».
Юрыст Кацярына Арлоўская наракае на адсутнасьць незалежнай экспэртызы. Хоць у Законе аб ахове здароўя і ёсьць узгадка пра ўдзел у судовых разборах незалежных экспэртаў.
«Існуе манаполія дзяржавы — Дзяржкамітэт судовых экспэртыз. І пацыенты, і лекары схільныя не давяраць меркаваньням экспэртаў, аднак часьцей іх меркаваньне кладзецца ў аснову судовых рашэньняў.
Калі б была канкурэнцыя сярод экспэртных установаў, незалежная экспэртыза, каб не было манаполіі — гэта б павысіла якасьць экспэртызы.
І толькі калі да рэзанансных спраў падключаецца грамадзкая думка, меркаваньні экспэртаў зьмяняюцца, мяняецца нават судовае рашэньне», — кажа Кацярына Арлоўская.
Справа, у якой суд апраўдаў лекара-інтэрна
Летась у Бабруйску завялі крымінальную справу на 23-гадовую дзяўчыну-інтэрна. Малады чалавек зламаў палец, але костка зраслася няправільна, таму яму была патрэбная апэрацыя. Яе праводзілі зь мясцовай анэстэзіяй. Лекар-інтэрн пракалола лёгкае, і ў бабруйчаніна здарылася ўскладненьне — пнэўматоракс.
У бальніцы правялі ўнутраную праверку, зрабілі шэраг экспэртыз. Маці пацыента пісала скаргі, пасьля якіх распачалі крымінальную справу. І суд быў схільны пакараць лекара-пачаткоўца.
Але справа набыла вялікі грамадзкі рэзананс. Калегі-мэдыкі, у асноўным анэстэзіёлягі, з усёй краіны згуртаваліся, абвясьцілі збор сродкаў на аплату адваката доктарцы.
Урэшце суд пераканалі, што лекар-інтэрн — гэта чалавек, якога яшчэ навучаюць і за якога адказвае як мінімум загадчык аддзяленьня. Пнэўматоракс — не сьмяротнае захворваньне, яно ня выклікала цяжкіх наступстваў, а пры правядзеньні такога мэтаду абязбольваньня пацыент пагадзіўся з рызыкай, паставіўшы свой подпіс.
Справу закрылі за адсутнасьцю складу злачынства, хлопец цалкам паправіўся.
Грошы, якія засталіся пасьля аплаты адваката, мэдыкі перадалі на лячэньне іншага лекара-анэстэзіёляга, які мае анкалягічнае захворваньне.
«Лекараў трэба бараніць і ратаваць»
Вядомы анэстэзіёляг-рэаніматоляг, кандыдат мэдычных навук, які папрасіў не называць імя і прозьвішча, кажа, што нядаўна на калегіі па выніках году лекары хацелі стварыць суполку дзеля абароны анэстэзіёлягаў і аказаньня ім прававой дапамогі.
«Запрасілі загадчыка катэдры з Акадэміі МУС з просьбай распавесьці лекарам пра мэдычнае права. Спадзяваліся на цікавы даклад, але загадчык катэдры вымушаны быў прызнаць, што адмыслоўцаў у мэдычным праве ў Беларусі няма, і, на яго думку, было б добра, каб хто абараніў хаця б кандыдацкую дысэртацыю. Ён прызнаўся, што сам бярэ інфармацыю з нашых рэсурсаў — „Медицинского вестника“, мэдычных кансультацый на сайце Мінздароўя, з парталу „Здаровыя людзі“», — кажа анэстэзіёляг.
На думку юрысткі Кацярыны Арлоўскай, якая цяпер стварае ТАА «Мэдычнае права», лекараў трэба абараняць, асабліва цяпер, калі грамадзтва актыўна абмяркоўвае так званую «справу мэдыкаў».
«Лекара прасьцей зрабіць вінаватым — часьцей за ўсё з прычыны няправільна напісанай паперы, несвоечасова атрыманага подпісу пацыента. Таму лекары сталі яшчэ больш запалоханыя, яшчэ больш асьцярожныя, маўклівыя і скрытныя. І гэта нікому ня пойдзе на карысьць».
Вось гэтае цкаваньне мэдработнікаў, якое мы назіраем апошнія паўтара года, не прывядзе ні да чога добрага. Ганеньні працягнуцца, стаўленьне да лекараў пагоршыцца, бо ўсе лекараў лічаць хабарнікамі. Лекараў трэба абараняць і ратаваць», — кажа Кацярына Арлоўская.