У інтэрвію на дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 жніўня міністар здароўя Ўладзімер Каранік расказаў пра новыя цэны, па якіх ягонае ведамства ладзіць закупкі мэдыцынскага абсталяваньня.
Уладзімер Каранік расказаў, што цяпер Мінздароўя ладзіць «больш дбайныя маркетынгавыя дасьледаваньні» перад дзяржаўнымі закупкамі, і калі высьвятляецца, што цэны на абсталяваньне выходзяць надта высокімі, то матэрыялы перадаюць органам фінансавых расьсьледаваньняў, каб яны праверылі мэханізмы цэнаўтварэньня.
У якасьці прыкладу Каранік прывёў рэнтгенаўскі выпраменьвальнік, які ў 2018 годзе зьбіраліся купіць за 223 тысячы даляраў, цяпер купляюць за 88 тысячаў; іншая запасная частка да апарату каштавала 194 тысячы даляраў у 2018 годзе, цяпер каштуе 82 тысячы.
«Гэта і аб’ектыўны трэнд зьніжэньня кошту высокатэхналягічнага абсталяваньня па меры насычэньня рынку, але і тое, што цяпер цэны на мэдыцынскае абсталяваньне ўпалі ў паўтара-два разы па некаторых пазыцыях», — сказаў Каранік.
Міністар дадаў, што фігуранты карупцыйных справаў цяпер перасталі быць пастаўнікамі абсталяваньня, а зьвязаныя зь імі вытворцы зьмянілі сваіх пастаўнікоў, і на сёньня «ўсе гэтыя схемы ўскрытыя».
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.