Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія 10 гадоў дзяцей-гіпэртонікаў у Беларусі стала ў 5 разоў болей


Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

Галоўны пазаштатны кардыёрэўматоляг Міністэрства здароўя Беларусі Ірына Чыжэўская расказала 4 верасьня пра статыстыку захворваньня падлеткаў на артэрыяльную гіпэртэнзію, піша БелаПАН.

За апошнія 10 гадоў падлеткі сталі хварэць на артэрыяльную гіпэртэнзію (гіпэртанію) у пяць разоў больш, і цяпер ў Беларусі каля тысячы дзяцей маюць гэтую хваробу.

Што такое артэрыяльная гіпэртэнзія

Артэрыяльная гіпэртэнзія — гэта сындром трывалага павышанага крывянога ціску: сысталічнага (то бок найбольшага, «сьціскальнага») — вышэйшага за 140 мм рт. сл. і дыясталічнага (найменшага, «расьціскальнага») —вышэйшага за 90. Нармальным лічыцца ціск каля 120 на 80.

Сам па сабе падвышаны ціск не выклікае адразу ж вострых сымптомаў, але калі ён трывалы, то можа стаць прычынай цэлага шэрагу сур’ёзных захворваньняў: гіпэртанічнага крызу, ішэмічнай хваробы сэрца, інсульту, сэрцавай недастатковасці, хранічнай хваробы нырак, страты зроку, дэмэнцыі і інш.

Беларускія лекары называюць гэта «кіраваным фактарам рызыкі»: пацыент звычайна можа разабрацца з фактарамі, якія прыводзяць да артэрыяльнай гіпэртэнзіі. І найперш мусіць зьвярнуць увагу на немэдыкамэнтознае лячэньне: адмовіцца ад шкодных звычак (курэньня, маларухомага жыцьця), глядзець за вагой цела, рабіць рэгулярныя фізычныя трэніроўкі і гэтак далей. Мэдыкамэнтознае лячэньне лепей не падбіраць самастойна, а пракансультавацца ў лекара.

Чаму стала горш

Лічыцца, што на цэлай плянэце цяпер каля мільярда чалавек маюць павышаны артэрыяльны ціск, часьцей такая праблема сустракаецца ў старэйшых (прынамсі ў кожнага другога, старэйшага за 65 гадоў).

У Беларусі, паводле Чыжэўскай, гэта самая частая хранічная хвароба. Але тое, што яна стала больш распаўсюджанай сярод дзяцей, незвычайна. Чыжэўская зьвязвае гэта з двума фактарамі:

  • павышанай псыхаэмацыйнай нагрузкай на дзяцей ад таго, што адукацыйныя праграмы складаныя, а таксама ёсьць дадатковыя заняткі;
  • мэтабалічным сындромам — залішняй масай цела і атлусьценьнем у дзяцей.

Як адзначыла Чыжэўская, у Беларусі штогод тысячы дзяцей нараджаюцца з прыроджанымі дэфэктамі (парокамі) сэрца, і колькасьць такіх нараджэньняў застаецца амаль нязьменнай.

Цяпер у Беларусі дэфэкты сэрца дыягнаставалі ў 25 тысяч дзяцей, а ўсяго на ўліку кардыёлягаў 35 тысяч. Каля 5 тысяч дзяцей маюць розныя парушэньні сэрцавага рытму, каля 2 тысяч — рэўматычныя захворваньні, каля 750 — ювэнальны рэўматычны артрыт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG