Пра гэта праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу сказаў старшыня камітэту эканомікі Міхаіл Бацэнка.
Пра тое, што берасьцейскі аблвыканкам разарваў з кампаніяй «АйПауэр» дамову аб выдзяленьні сродкаў інавацыйнага фонду Берасьцейскага аблвыканкаму, журналістам сказаў кіраўнік аблвыканкаму Анатоль Ліс. Пра гэта стала вядома два тыдні таму на адмысловай прэс-канфэрэнцыі. Грошы зь бюджэту вобласьці выдзяляліся на будаўніцтва акумулятарнага заводу, бо ён быў прызнаны інавацыйным праектам. Паводле дамовы, заключанай паміж берасьцейскім аблвыканкамам і «АйПауэр», да 1 жніўня 2019 году завод павінен быў быць уведзены ў эксплюатацыю. Часткова гэтую суму патрацілі на праектныя працы. Афіцыйна завод так і не запусьцілі. 14 жніўня аблвыканкам накіраваў у «АйПауэр» ліст з патрабаваньнем вярнуць грошы.
«Яны ня выканалі сваю частку дамовы, таму Рэспубліка Беларусь мае права ў аднабаковым парадку адмовіцца ад сваіх абавязаньняў, — сказаў на сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу кіраўнік камітэту эканомікі берасьцейскага аблвыканкаму Міхаіл Бацэнка (аўдыёзапіс размовы ёсьць у рэдакцыі Свабоды). — Дамова скончылася 31 ліпеня, і яе ніхто працягваць ня будзе».
Паводле словаў Міхаіла Бацэнкі, грошы кампаніі «АйПауэр» выдзяляліся ня толькі з інавацыйнага фонду берасьцейскага аблвыканкаму, але і зь Беларускага інавацыйнага фонду. З абласнога інавацыйнага фонду на акумулятарны завод пад Берасьцем было выдзелена 5,7 млн рублёў. Гэтыя грошы берасьцейскі аблвыканкам патрабуе цяпер вярнуць. Яшчэ 4,6 млн «АйПауэр» атрымаў зь Беларускага інавацыйнага фонду. Пра прэтэнзіі па гэтай суме пакуль нічога невядома.
Па словах чыноўніка, вярнуць грошы ў бюджэт Берасьцейскай вобласьці «АйПауэр» павінна да 14 верасьня. Калі гэтага не адбудзецца, аблвыканкам зьвернецца ў суд. Да сумы 5,7 мільёна рублёў могуць дадацца сумы штрафу і пені, калі праваахоўныя органы знойдуць парушэньні фінансавага заканадаўства.
У размове са Свабодай Бацэнка пацьвердзіў праўдзівасьць агучанай актывістам інфармацыі. «Так, гэта праўда, — сказаў чыноўнік. — Мы патрабуем вярнуць суму памерам 5,7 мільёна рублёў».
У кампаніі «АйПауэр» сытуацыю пакуль не камэнтуюць. Сам Віктар Лемяшэўскі цяпер пад вартай у СІЗА КДБ у Менску. Па словах старшыні Камітэту дзяржбясьпекі Валера Вакульчыка, разам зь ім затрыманыя два чыноўнікі Мінпрыроды.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.