Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрыроды ня дасьць запусьціць акумулятарны завод у Берасьці без выкананьня экалягічных нарматываў


Акумулятарны завод каля Берасьця
Акумулятарны завод каля Берасьця

Такую заяву зрабіў 27 жніўня намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Корбут.

«Прадугледжана, што прадпрыемства будзе перапрацоўваць 13 156 т сьвінцу ў год, пры гэтым выкіды складуць ня больш за 3,05 кг. Калі ў заводу атрымаецца выканаць гэтыя абавязаньні, то ў яго будзе магчымасьць запусьціцца і працаваць. Калі будуць нейкія парушэньні, якія не дазволяць выканаць экалягічныя абавязаньні, то Мінпрыроды не дазволіць увод у эксплюатацыю. У гэтым выпадку завод павінен будзе зноў правесьці грамадзкае абмеркаваньне і падаць заяўку на зьмяненьне праектнай дакумэнтацыі», — сказаў Аляксандар Корбут.

Акумулятарны завод «АйПауэр» магутнасьцю 2 мільёны ўмоўных акумулятарных батарэй на год будуецца ў Берасьці. Супраць яго ўзьвядзеньня разгарнулася кампанія пратэсту, удзельнікі якой лічаць, што новае прадпрыемства пагражае здароўю насельніцтва. Урэшце старшыня аблвыканкаму Анатоль Ліс з 14 чэрвеня спыніў будаўніцтва «да ўхіленьня недахопаў».

Дзьве вэрсіі спыненьня

Актывіст руху супраць акумулятарнага заводу Дзьмітры Бекалюк кажа, што будаўнікі ня маюць станоўчага экалягічнага заключэньня. У кампаніі «АйПауэр» прызнаюць, што ёсьць адмоўнае заключэньне. Але цьвердзяць, што прычынай адмовы стала непаўната дакумэнтацыі.

Фактычна ў кампаніі застаюцца два варыянты дзеяньняў: альбо і надалей даводзіць, што яна ўкладаецца ў вызначаныя парамэтры выкідаў, альбо перапрацаваць праект, зьмяніць тэхналёгію.

«У выпадку зьмяненьняў у праекце завод павінен будзе правесьці грамадзкае абмеркаваньне. Яно патрэбна, каб заявіцца на зьмяненьні праектнай дакумэнтацыі. На сёньняшні дзень прадпрыемства мае права ўносіць зьмены, але яны павінны прайсьці ў рамках экалягічнай экспэртызы», — кажа Аляксандар Корбут.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG