Інфармацыю пра затрыманьне ўладальніка скандальнага акумулятарнага заводу каля Берасьця 28 чэрвеня апублікаваў партал TUT.BY.
Свабода сабрала некалькі фактаў пра Віктара Лемяшэўскага.
1. Мае мянушку «Віця-сьвінец»
Такую мянушку Віктару Лемяшэўскаму далі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця. Лемяшэўскі, які напачатку сам зьяўляўся на прэс-канфэрэнцыях перад журналістамі, перастаў гэта рабіць, калі супраць будаўніцтва заводу разгарнулася актыўная кампанія. Свабода ня раз спрабавала атрымаць камэнтар Віктара Лемяшэўскага, а таксама зьвярталася з афіцыйным запытам аб інтэрвію, але кожны раз атрымлівала адмову.
Паводле праціўнікаў будаўніцтва заводу, спадар Лемяшэўскі пазьбягаў кантактаў са СМІ менавіта таму, што не хацеў непрыемных для сябе асацыяцый. Пры гэтым ён пэрыядычна зьяўляўся на заводзе і нават асабіста выходзіў да актывістаў, якія ўдзельнічаюць у «сьвінцовай варце». Па іх словах, спадар Лемяшэўскі спрабаваў давесьці, што ягонае прадпрыемства не пагражае навакольлю.
2. Жыве каля акумулятарнага заводу
Пра гэта Віктар Лемяшэўскі сказаў на сустрэчы з журналістамі ў студзені 2018 году. «Я зь Пінску. Мой дом разьмешчаны за 500 мэтраў ад заводу, — казаў Віктар Лемяшэўскі. — У мяне там растуць дзеці, і я там жыву. Я што, дрэнна выглядаю? Падобныя прадпрыемствы ў Эўропе разьмяшчаюцца і за 100 мэтраў ад дамоў».
Праціўнікі будаўніцтва заводу ў Берасьці адзначаюць, што на пінскім прадпрыемстве няма поўнага цыклю вытворчасьці. Фактычна, там акумулятары толькі зьбіраюць, што значна менш шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю, чым выраб батарэй з нуля.
3. Займаецца вытворчасьцю акумулятараў 20 гадоў
Віктару Лемяшэўскаму належаць профільныя прадпрыемствы ў Пінску і Белаазёрску. Прадукцыю з прадпрыемстваў Лемяшэўскага пастаўляюць у Расею на канвэеры заводаў Volkswagen. Па словах бізнэсоўца, ён зьбіраўся будаваць акумулятарны завод у Расеі ці Літве, але з патрыятычных меркаваньняў выбраў берасьцейскую пляцоўку.
Акрамя акумулятарнага бізнэсу, Лемяшэўскі мае актывы ў сфэры будаўніцтва, жывёлагадоўлі, транспарту і вытворчасьці кампанэнтаў для прамысловасьці.
4. Увайшоў у абноўленую Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва — кансультатыўны орган пры кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку
Кіруе Радай першы намесьнік прэм’ер-міністра Турчын. Акрамя Віктара Лемяшэўскага, у Радзе яшчэ 18 буйных прадпрымальнікаў.
5. Уваходзіў у лік 60 самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны
Паводле вэрсіі выданьня «Ежедневник», у рэйтынгу за 2018 год Віктар Лемяшэўскі займаў 57 радок (у 2017 — толькі 158-ы), апярэджваючы, напрыклад, уладальніка партала TUT.BY Юрыя Зісера (60 радок). Аднак у рэйтынгу за 2019 год Віктар Лемяшэўскі заняў ужо 95 пазыцыю.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.