КДБ: у справе акумулятарнага заводу арыштавалі двух чыноўнікаў Мінпрыроды

Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык адказвае на пытаньні журналістаў, 3 верасьня 2019 году
Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык адказвае на пытаньні журналістаў, 3 верасьня 2019 году

Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык расказаў журналістам 3 верасьня пра справу Віктара Лемяшэўскага, уладальніка акумулятарнага заводу пад Берасьцем, супраць якога мясцовыя жыхары пратэстуюць ад пачатку 2018 году.

Валеры Вакульчык нагадаў, што цяпер справу расьсьледуе пракуратура. Віктар Лемяшэўскі пад вартай, кажа старшыня КДБ, «зь ім яшчэ вельмі шмат людзей затрымана» — усе яны «раздавалі хабар адказным асобам за вырашэньне тых ці іншых пытаньняў, у тым ліку і тых, што тычацца будаўніцтва акумулятарнага заводу».

У гэтай справе арыштаваныя ў тым ліку два чыноўнікі Міністэрства прыроды, адзначыў Вакульчык, і яны прызналіся ў злачынствах.

Віктар Лемяшэўскі быў затрыманы 1 ліпеня. Паводле Генэральнай пракуратуры Беларусі, за два гады да затрыманьня Лемяшэўскага праваахоўныя органы ўжо цікавіліся дзейнасьцю ягонага заводу ў Белаазёрску. Тады абышлося бяз арыштаў. КДБ завёў на Лемяшэўскага адразу некалькі крымінальных спраў — за атрыманьне і даваньне хабару.

Разам зь Віктарам Лемяшэўскім затрымалі Сьвятлану Лемяшэўскую (па інфармацыі Свабоды, яна бізнэсоўцу ня жонка і не сваячка), галоўнага бухгальтара на іншым акумулятарным прадпрыемстве — белаазёрскім заводзе «БІТ-сплаў», былога кіраўніка «БІТ-сплаў» Сяргея Ахрамчука і намесьніка дырэктара Івана Пакісьлюка, а таксама двух індывідуальных прадпрымальнікаў зь Бярозы — Дзьмітрыя Рудзкага і Сяргея Жуковіча.

Праціўнікі заводу ля Берасьця лічаць, што Лемяшэўскага маглі затрымаць, каб суцішыць пратэсты, якія трываюць амаль два гады і працягваюцца дагэтуль, нягледзячы на затрыманьне Лемяшэўскага і абяцаньні чыноўнікаў не запускаць завод без выкананьня экалягічных нарматываў.

​
XS
SM
MD
LG