Нядаўні візыт у Беларусь дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана актуалізаваў пытаньне, наколькі ЗША могуць уплываць на Беларусь, а Беларусь — на ЗША.
Ускосным паказьнікам гэтага ўзаемнага ўплыву зьяўляецца ўзаемны гандаль.
Таваразварот у гандлі Беларусі і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў, таваразварот Беларусі з усім сьветам склаў летась 72,3 мільярды даляраў. Такім чынам на ЗША прыпала менш 1% зьнешняга гандлю Беларусі. ЗША не ўваходзяць нават у дзясятку самых буйных гандлёвых партнэраў Беларусі.
711 мільёнаў даляраў і 1% абароту — гэта мала ці шмат у параўнаньні з суседзямі?
Паводле абсалютных памераў таваразварот у гандлі з ЗША ўсіх суседзяў Беларусі ў 2018 годзе быў большым, чым у Беларусі. У Латвіі ён склаў 1.2 мільярды даляраў, у Літвы — 1.9 мільярдаў даляраў, ва Ўкраіны — 4 мільярды даляраў, у Польшчы — 13.3 мільярды даляраў, у Расеі — 25 мільярдаў даляраў.
Але гандаль са Злучанымі Штатамі ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі быў ня толькі арытмэтычна большым за беларускі, але і складаў большую, чым у Беларусі, долю ў зьнешнегандлёвым абароце адпаведных краінаў: у Польшчы на гандаль з ЗША ва ўсім польскім зьнешнім гандлі прыпадала 2.5%, прыкладна столькі ж у Літвы — 2.6%, у Латвіі — 3.2%, у Расеі — 3.6%, ва Ўкраіны — 3.8%.
Варта адзначыць, што адносна РФ дзейнічаюць жорсткія амэрыканскія эканамічныя санкцыі, у Расеі дзейнічаюць контрсанкцыі адносна імпарту харчаваньня з ЗША. Пры гэтым эканамічныя санкцыі ЗША адносна
Беларусі замарожаныя з 2015 году. Аднак Расея паводле долі гандлю з ЗША ў сваім зьнешнегандлёвым абароце пераўзыходзіць ня толькі Беларусь, але і саюзьнікаў ЗША па NATO — Польшчу, Літву і Латвію.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.